Севярынец Кастусь
Да бацькоўскага парога
Прывядзе дарога.
Тут – радзіна, тут – Радзіма,
Дадзеныя Богам.
Як сыноўняе прызнанне
Ў радасці і скрусе
Хай паўстане чыстым ранне
Па-над Беларуссю.
Ваяры на ратным полі
Тут чужынцаў білі:
Баранілі шчасце-долю,
Волю баранілі!
Я за іх святыя душы
Ціха памалюся.
Не адолець лютым сцюжам
Любай Беларусі.
Мне не трэба тое неба,
Дзе чужое сонца.
Мне б агеньчык, мне б праменьчык
З роднага ваконца.
На святло і на цяпельца
Паімкнуся-мкнуся,
Бо да смерці маё сэрца
Разам з Беларуссю.
ВАСІЛЁК.
Зямны паклон нябёснаму Васілю Уладзіміравічу Быкаву.
Ножкі босыя.
Халодна.
Колецца атава.
Дзе той Віцебск?
Дзе Гародня?
Дзе сталіца й слава?
Шчэ ня бачацца
Здалёк
Лёсавы сваволі...
Ёсць Бычкі.
Ёсць Васілёк.
Ёсць дарога ў полі.
Будзе ліха.
Будзе гром.
Будзе “пахаронка”...
А пакуль што
Пад вакном –
Арабіны гронка.
Спеляць яблыкі сады,
Гнецца колас
Долу...
Не, не згубяцца
Сляды
З Божага дазволу.
Бо ў мілосці,
Ці ў бядзе,
Праз гады
І стому,
Ёсць Дарога,
Што вядзе
З дому і дадому.
ТАМ, ДЗЕ ЖЫВЕ МАЯ МАМКА...
Там, дзе жыве мая мамка –
Ранкі пасуцца ля ганку,
Вішні цвітуць, пчолкі гудуць
Там, дзе жыве мая мамка.
Там, дзе жыве мая мамка –
Веснічкі, сцежачка, брамка...
Бэз пад вакном, хлеб з малаком
Там, дзе жыве мая мамка.
Там, дзе жыве мая мамка –
Сэрца майго абазнанка.
Подых вясны, светлыя сны
Там, дзе жыве мая мамка.
Там, дзе жыве мая мамка –
Гронка рабіны, як ранка:
Што забываў, што не бываў
Там, дзе жыве мая мамка.
Свидетельство о публикации №117100709251