Сон пра смажаных кальмарау
Яна стаіць па калені ў гэтым кісялі. Заціснула падол пабляклай сукенкі паміж ног і мые ў брудна-ружовай вадкасці бялізну. Адной рукой мые бялізну. Другой чэрпае апалонікам кісель і налівае яго ў шклянкі, кубкі, талеркі. Шэсць, дванаццаць, васямнаццаць. Глеістае дно засмоктвае ступні.
Мёртвыя белыя кальмары застылі ў кісялі.
Я назіраю. Хачу незаўважанай перабрацца на той бераг. Падымаюся па прыступках мосту. Іх больш, іх больш, чым здавалася, чамусці ім няма канца. Я іду ўсё вышэй, падымацца цяжка. Прыступкі становяцца ўсё больш высокімі і больш вузкімі. Не магу адолець наступную. Азіраюся назад. Прыступак, якія я прайшла больш няма. Замест іх суцэльная сцяна. Ахоплівае жах. Шляху наперад няма. Дарогі назад – таксама.
Я на версе сцяны. Скакаць ў брудная-ружовы кісель не хачу. Нізавошта.
Здаецца, сцяна крыху пад нахілам. Яна слаба рухаецца, то нахіляецца, то стаіць роўна. Усё адно! Чапляюся рукамі, звешваюся уніз, заплюшчваю вочы. І пачынаю спаўзаць па шэрай халоднай бятоннай сцяне. Доўга-доўга спаўзаю…
Сяджу на зямлі, прыхіліўшыся да сцяны. Плакала, палю, хачу кавы.
Я не бачу яе з-за сцяны. Толькі чую хлюпанне кісялю. Выглядваю крыху з-за сцяны. Асцярожна. Не хачу, каб заўважыла. Яна, кончыўшы з бялізнай, пачынае паласкаць тушкі кальмараў. Накідвае іх у вялізныя місы. Мне дрэнна, хачу сысці. Чамусці ў мяне няма абутку.
Вечарэе. Яна стамілася і дрэнна бачыць.
Я адчуваю пах вогнішча. Ён прываблівае, мне быццам становіцца цяплей. Мне цікава. Мне вельмі цікава. Іду ў бок вогнішча. Урэшце, трэба ж было падняцца хоць з якой мэтай. У мяне босыя ногі, абутку майго нідзе не відаць. Зямля халаднаватая.
За хмызняком дым. Там дзяўчына смажыць кальмараў. Яна апранутая ў шэрую майку. З голымі рукамі. Штаны закасаныя вышэй каленяў. На галаве капялюш, як у Снусмумрыка. Вялікія акуляры. Не бачу яе вачэй, але ўпэўнена, што яны добрыя. Яна спрытна рухаецца. Падае мне добра падсмажанага кальмара і шклянку нейкай вадкасці. “Добра, калі не кісель,” – думаю я. Спрабую – віно. Кісла-салодкае, прыемнае, моцнае.
Мне і патрэбра зараз нешта менавіта моцнае. І я маю на ўвазе не толькі віно.
Ем цёплага кальмара. Яна ловіць і смажыць яшчэ. Усміхаецца. Ці то мне, ці то сама сабе. На нейкі момант мне падаецца, што яна ўвогуле мяне не заўважае. Яна лоўца кальмараў. Я лоўца сноў.
Бачу дзве пары абутку ля яе машыны. Адны басаножкі, здаецца, мае. Як яны тут? Я згубіла, яна знайшла? Хачу спытаць і не магу гаварыць. Не адкрываецца рот, няма голасу. Прыглядаюся да басаножак. А можа і не мае, можа, ейныя. Навошта ёй дзве пары? Мне няма як ісці без абутку. Мне далёка ісці. А можа яна з кімсці? Пытанне аб уласніцы басаножак захоплівае ўсе мае думкі, ахоплівае галаву. Вочы заплюшчваюцца…
Я сяджу на зямлі, падцягваю ногі каленямі да грудзі, абхопліваю іх рукамі, абцягваю даўгую блакітную спадніцу. Галава хінецца да кален. Засынаю. Хачу расплюшчыць вочы. Калі не пагаварыць, то хоць паглядзець на яе. Можа яна сама здагадаецца даць мне абутак, можа сама прапануе. Прыходзіць на думку русалачка. У яе аднялі голас. Навошта русалцы абутак? Гэта ўжо скрозь сон…
……….
Я ляжу ў цёплым брудна-ружовым кісялі з галавой. Побач мёртвыя кальмары. Не страшна і не шкада. Хто я? Мёртвы кальмар?
Я не дыхаю, але магу думаць. Значыць жывая яшчэ і не кальмар.
Ці ёсць тут цячэнне? Мяне палохае знаёмае хлюпанне апалоніка і бялізны. Свет з цяжкасцю праходзіць праз густы кісель, але я бачу, што раніца. Сонечная. Ці ёсць тут цячэнне? Хоць бы не знесла туды. З’яўляецца крыху моцы. Разумею, што магу рухацца. Падымаюся і выкараскваюся з кісялю.
Рэшткі вогнішча. Шукаю, ці не пакінула яна басаножкі. Няма. Але сёння даволі цепла, можна і босай. Шкада, што я заснула. Віно і смажаны кальмар былі смачныя. Капялюш, як у Снусмумрыка быў смешны.
Нікуды, нікуды не жадаю ісці з гэтага месца. Не ведаю дарогі. Проста ляжу на зямлі. Нікуды. Нікуды не хачу ісці з гэтага месца!..
20 верасня 2017 г.
Свидетельство о публикации №117092108351