Калi ласка, ту бi канцiньюд
Чыесьці мазгі плавяцца ад чыесьці ўсмешкі. Лялечкі-мядзведзікі апранаюць каляровыя швэдэры. Кілаграмы вінаграда вылічваюцца ў прапарцыянальным суадношанні да іх кошту. Што возьмем за ікс, калі незразумела ўсё? Ай эм каінд. Ю ар каінд ту. Алоўкі круцяцца ў фарматаўках, каб стаць ідэальна вострымі і тонкімі. Рызыкуюць абламацца. Тытан трывала і творча прымацоўвае жоўтыя восеньскія лісцікі да паперы. З узрушанасцю арытмічнай кардыяграмы нешта моцнае, падобнае да выбуху, працінае наскрозь ад сэрца да душы, што філасофска-містычнай літаратурай мацуецца да нейкай часткі цела з дапамогай срэбнай ніткі, недакладна знаёмае адчуванне-пачуццё. Кароткі зрух унутры, перахоплівае на момант дыханне. Праз шкельца дзіўна бачна сонца, а вочы – хочацца наўпрост без перашкод. Іц санні тудэй. Із іт санні тудэй? Тытан коціць кола сансары. Цыганка адплясвае на шары, накшталт як у дзяўчынкі з цырку, і падкідвае жмені манет угору, каб закрыць імі месяцы і планеты. Тыя, што бліскучыя, завісаюць ў мінскім небе тры-дэ зоркамі. Ды так нізка, што, пацягнуўшыся на дыбачках, адчуваеш іх навобмацак як пяшчотных малых вожыкаў. І ўсе пытанні, усе размовы, усе апавяданні, усе мае веды вылецелі з галавы. Гострая і тонкая мая ўпэўненасць зламаным грыфелем злятае на раз. Ну, максімум на два. Спроба ўвагнаць вобраз у зручную, звыклую, камфортную раму - неразумная. Але ж такая камфортная. Характарыстыкі “надта разумная” і “зусім дура” – гэта нешта накшталт двух бакоў аднаго медалю. Я ўсміхаюся, я ўсё ўсміхаюся, адчуваю сябе амаль ідыёткай, і не хачу прызнацца сабе, што мне ад гэтага добра. Тры-дэ зіхоткія вожыкі цёплымі чырванавата-жоўтымі адлюстраваннямі раптоўна і смела ўпалі ў ваду Свіслачы і прыемненька так калыхаюцца на ледзь заўважных хвалях. І - мазгі пачынаюць плавіцца ад тваёй усмешкі. Мне хочацца проста і коратка. Я скідваю туфлі на абцасах. Ты сцягваеш з мяне сукенку. Хачу “нашыя” вусны, хачу “нашыя” пальцы. А без абцасаў якраз зручна прыціснуцца тварам да твайго пляча. Я ўспамінаю тваю ўсмешку, і ад яе плавяцца-плавяцца-плавяцца мае мазгі. Мядзведзікі у каляровых швэдэрах тупочуцца па кватэры, збіраюцца ў кіно і на Новую Баравую, мармычуць нешта: ту бі канціньюд. Як жа аднак прыемна, калі плавяцца мазгі!..
14 верасня 2017 г.
Рецензии