СIНI ШАР

 
Міхась Южык
 

Сіні шар
 
зборнік вершаў (2012–2013 гг.)
 
 
* * *
Снег, несканчоны снег...
Горад аблытаў ён.
Частых іскрынак бег
месяцам наўздагон.
 
Сыдзе каторы год
пад завірух выццё.
Гукамі боскіх нот
цепліцца там жыццё.
 
Часавая мяжа
вынішчыць межы ўсе.
Кожная хай душа
свету святло нясе.
 
Замець. Імклівы снег...
Горад аблытаў ён.
 
 
* * *
Раптам прачыніш дзверы
ў злагадны чысты дом.
Светла тады ў кватэры,
радасна за вакном.
 
Можна між спраў падоўгу
бачыць твой мілы твар.
Думкі трывожна соўгаць,
спеліць радкоў пажар.
 
І нараджаць мелодый
нам зразумелы строй.
Год у пакоі ходзіць,
відны табе адной.
 
“Вось ён стаіць, старэчы...” –
кажаш. І кожны раз
чую, як год за плечы
кратае ў гэты час.
 
 
* * *
Стаяць невыносна. Рухацца
змушае жыцця закон.
І ступар задушыць скрухаю,
і бойка бярэ ў палон.
 
Даўжэзны канат над безданню.
Шчаслівы, хто меў баланс
між веданнем і няведаннем.
Балансу хай вучыць нас.
 
 
* * *
На досвітку сон небывалы
сасніў я ў пакоі пустым:
гітара выбітная грала,
мелодый клубіў срэбны дым.
 
Я знаў вас музыкі, я ведаў,
як здольныя залу сагрэць
і словам, і нотай адметнай,
што могуць скрозь сцены ляцець.
 
Жаночы з мужчынскім лунаюць
суладдзем жывым галасы...
І тоненька душы кранаюць,
як ранішні промень – расы.
 
У сне ж былі новыя песні,
наяве ад вас іх не чуў.
Мне песні казалі: “Ўваскрэсні!”
пад вецер зімовы, што дзьмуў.
 
 
* * *
Віецца пакуль загадкава
лёсу сляпая ніць.
Часу дарэмна загадваць,
час можа доўга лячыць.
 
Цераз згрызоты, стомленасць
кожным пражытым днём
час адраджае з воляю,
з моцаю і агнём.
 
Вечар сышоў на вуліцы.
Цугам машыны цякуць.
Фары мільготка жмурацца
ў завейную каламуць.
 
 
* * *
Мы прачнуўшыся ўзляцелі
між дратоў, каменных сцен,
дзе мелодыі мяцеліц
уздымаюцца з калень.
 
У пустэчы белых вуліц
зрэдку постаці ішлі.
Мы мелодыі ўдыхнулі
ды ў паветры паплылі.
 
“Нас не бачаць!” – ты сказала,
“Нас пачуюць!” – я сказаў.
І завея замятала
рэек звілістых метал.
 
 
* * *
Плача душа-нязнайка,
роздумаў плавіць лёд.
Скача па снезе зайка,
бачыць яго народ...
 
Будуць цкаваць жывёлу
выжламі да канца.
Толькі душа ад долу
скокам выштурхнецца.
 
След замяце пад вечар
порсткі залётны снег.
“Зайка, да новай стрэчы!” –
скажа адзін чалавек.
 
 
* * *
Як паветра глынуць, так прыпасці да строю
мімалётнага верша, што грымне ў табе.
Як нырнуць у шаленства сняжыстага рою
і патолю знайсці ў барацьбе.
 
Пераўтворыцца свет: шэрань неба і плямы
на хлюпотнай зямлі скрые лёгкая бель.
Перайначыцца ўсё: і жыццёвыя драмы
аднясе ў акіян карабель.
 
Я пабачыў яе – мімаходзь, але вобраз,
але голас душы знітаваўся з маім.
Ён ажыў і гучыць, голас тонкі, як волас,
і пяе аб адным... аб адным.
 
Хоць лютуюць завеі, змяняюцца слотай,
потым скоўваюць горад ільды –
голас лашчыць штодня між віхураў, употай.
І гаворыць сярод нематы.
 
 
* * *
Твая рука мяне кранула...
твая рука.
Як быццам сонца скаланула
зямлю ў вяках.
 
Тады з дрымотнага камення
расла трава.
Цякло касмічнае праменне,
я ажываў.
 
Так далучаюцца раслінкі
і людзі ўсе
да запаветнай пуцявіны,
дзе лёс нясе.
 
Твая душа ў мяне зірнула,
шапнула ты,
што на зямлі мяне расчула
як з нематы.
 
У гарадах, дзе тлум лядовы,
нас не было,
пакуль не зведалі любові
крыло і дно.
 
 
* * *
Вечарамі, калі самглее,
на яліну гляджу ў куце.
У гірлянды агнях сінее
шар у стоенай цемнаце.
 
Ён з дзяцінства вісіць, чароўны,
велізарны празрысты шар –
як надзея на шлях бяскроўны,
як скарбонка нявінных мар.
 
Самы просты на ім карунак,
ды няпростае ў ім жыццё.
Шар, як любасці пацалунак,
гоіць сэрца заўжды маё.
 
Пагубляліся ў гульнях цацкі,
і гірлянды, і ўсе шары
за гады, што ляцелі хвацка
праміж ёлачнай мішуры.
 
Толькі гэты адзіны, сіні –
неўміручасці сімвал мой,
непагасны ў касмічнай стыні,
як агеньчык душы жывой.
 
 
* * *
Штарміць, карабель гайдае –
спакою б і цішыні!..
Ды ў той цішыні, бывае,
паўзуць, як у моргу, дні.
 
Без хваляў грымучых, пенных,
дакучлівых, лютых мы
закіснем амаль імгненна,
паэт жа – стане нямы.
 
Гайданка гукае слова,
якога баіцца штыль.
Хоць мацерная размова –
аднак не трупярні гніль.
 
У штормах жывуць паэты
напраўду, калі штурвал
зрывае сустрэчным ветрам
і коціць за валам вал.
 
Вучоныя – для навукі.
Садоўнікі – для садоў.
Паэт – для цяжэрнай мукі
вымання бязважкіх слоў.
 
 
* * *
Вярніся, музыка душы,
непераможная, жывая,
што здольна льдзіны раскрышыць…
Яе гукаю.
 
Яна, як рэчка пад ільдом,
цячэ, нябачная народу,
яна імкне зімовым днём –
хоць безвыходна…
 
Ды чым даўжэй суворы лёд
яе закоўвае і глушыць,
тым галасней у крыгаход
лінецца ў душы.
 
Я веру ў музыку вясны…
 
 
* * *
Прадпісвалі жыць па законе.
Жывеш кожны дзень абы як.
Твае цягнікі на пероне
стаяць і стаяць проста так.
 
Даўно распісанне расклалі,
развесілі ўсім на паказ.
А справы тырчаць цягнікамі,
а думкі не рухае час.
 
Гавораць: быць трэба харошым.
Ды ведаеш пэўна – такіх
разводзяць благія на грошы,
заўжды пацяшаюцца з іх.
 
Харошых кідаюць нявесты,
харошых зжырае нуда.
На ўзбочыне самае месца
ім жыць, дзе гнілая вада.
 
Таму і становішся лютым,
звярэеш у бойках людскіх.
Камусьці падсыплеш атруты,
а некаму сунеш пад дых.
 
Стаяць цягнікі. Распісанне…
Ды хто ж распісаннем жыве?
Патрэбна жывое дыханне
і чорцікі ў галаве.
 
 
* * *
Вецер рухае сняжынкі
плаўна, і яны
завісаюць над сцяжынкай,
навяваюць сны.

Не раптоўны фотаздымак –
дзіўнае кіно:
запаволеных пушынак
срэбнае радно.

Хто яго для нас павесіў?
Промелькам відаць,
як між хмар бадзяга-месяц
клаўся спачываць.

Ён прылёг на белай ваце,
коўдру нацягнуў,
бестурботна, нібы ў хаце,
з хропатам заснуў.

Вось цяпер святло ліхтарняў
сведчыць, што пабег,
завіхурыў, забуяніў,
раздурэўся снег.

Тут у некага, бывае,
прападае сон –
чараўніцтва назірае
па-за шыбай ён.

Ткуцца новыя абрысы
елак і машын...
На зямлю ліюцца высі.
Ціха. Ні душы.
 
 
* * *
Парадак змагаўся з хаосам,
змагаўся Гасподзь з сатаной,
каб людзям здаваўся Космас
прасторай разумнай жывой.
 
А вораг падкопы ладзіў,
галовы чмуціў дурным –
маўляў, бессэнсоўна, браце,
у свеце падзоркавым.
 
Тады расчыняліся дзверы
драпежнікам – голад, мор,
туга і адсутнасць веры,
разня і ў мазгах затор.
 
“Божа, – маліліся светлыя
ў цёмных сваіх скітах, –
дай нам глыток паветра,
сілу, што гоніць страх!
 
Дай нам ад ліха сховішча
і аб’яднай усіх
цесна наўкола вогнішча,
зрок расчыні і слых…”
 
Бегла тады рэакцыя
токам па ланцугу
душаў, што ў медытацыі
селі праз “не магу”.
 
Паразуменне кволае
плаўна ва ўсіх расло,
і аджывалі хворыя,
браліся за вясло.
 
 
* * *
Я з думкамі разбіраюся,
гвалтоўна ў загон піхаю,
каб шлюбам яны пабраліся
ці хоць сябрукамі сталі.
 
Яны ж выдурняцца ўздумалі,
мяне ні ўва што не ставячы.
Наладзілі сходку тлумную,
паэта сабой няславячы.
 
Разбегліся напаўп’яныя
па вуліцах і завулках.
Бяздумна, бясслаўна канулі
ў гульбішчах і прытулках.
 
Не думайце, думкі, збеглыя,
што моцна па вас бядую.
Іншыя прыйдуць – нягеглыя,
у волатаў іх адгартую.
 
Дзейнасць мазгоў – такая рэч,
што вымятае смецце,
набрыдзь мяце і навалач
боскі нядрэмны вецер.
 
 
* * *
У завейнасці зімовай,
у вясновых капяжах
да загадкавага слова
адшукаць спрабую шлях.

То загадка без рашэння,
то турботы без прычын...
Вершы – толькі слова цені,
толькі кволенькі зачын.

Ды малюся апантана,
каб маўчанне ажыло,
каб з агорклага туману
слова боскае зышло.

Дзе, калі і як сустрэну,
як пазнаю і прыму?..
Слова – гэта перамена,
выйсце ў людзі праз турму.
 
 
* * *
Шумяць вятры. І горад імі
напоўнены праз край ужо.
Вясновыя і палявыя –
мятуць, каб люты адышоў.

Ён намагаецца не марна,
таіцца гурбамі ў дварах,
а то адкрыта і кашмарна
завей прыспешвае размах.

На голым чвякаецца слота,
яе ўмацоўвае мароз.
І адкладаецца на потым
убранне весняе бяроз.

Ды сонца ўсё вышэй, магутней,
радзеюць хмары дзень пры дні.
І лютаўскую каламуту
змываюць прамяні.

Мы ведалі такія зімы,
калі метровыя ільды
хавалі рэчкі і разлівы
ў таемства стылае нуды.

Яны трашчалі па паўгода,
мы забывалі пра цяпло.
Аднак упартая прырода
іх закасоўвала на тло.

Раней, пазней – рунелі далі
і падступаліся да нас.
Духмяныя кацілі хвалі
каторы раз…
 
 
* * *
Сонца з’явіцца ў вакне
і пасунецца
міма гмахаў да мяне
срэбнай вуліцай.

Развіднее новы дзень,
разбуяніцца,
і да кожнага прамень
свой дацягнецца.

Казку новую пачне,
красавіцкую,
дзе птушыны гімн вясне
над крыніцаю.

І расчуе гэты спеў
беспарадкавы
ветрык, што прашалахцеў
нам загадкаю.
 
 
* * *
Блазен быў ці дурны акцёр? –
не даўмецца…
Прылятаў сюды з дзікіх гор
дзікі вецер.

“Для чаго ён сябе спаліў?”
– запыталі…
Толькі снег пакрысе накрыў
сны і далі.
 
 
* * *
Рознакаляровае круціцца вакол –
не акрэсліш моваю, не складзеш на стол.

Сшыткамі, алоўкамі поўніцца жыццё.
Толькі невымоўнае шалахціць лісцём.

Зменлівасць адвечная скразняком падчас
ці стралой сустрэчнаю працінае нас,

лётае вятрыскамі, капае дажджом,
шэрай хмарай нізкаю накрывае дом.

Захінёмся футрамі – сонца распране.
Саступаюць нудныя сіверы вясне.

І, заўсёды новыя, ходзяць па зямлі
рознакаляровыя зманлівыя дні.
 
 
* * *
Зло нараджае зло.
Камень народзіць камень.
Мне б ухапіць вясло,
сціснуць яго рукамі.

І кіраваць туды –
супраць магутнай плыні,
дзе шапацяць сады
ў траўні пад небам сінім.

Чую: “Вяслуй, пясняр,
лёгка табе не будзе.
Працы тваёй прыпар,
можа, убачаць людзі”.
 
 
* * *
Прычын для трывогі няма,
прычын для трывогі…
Яшчэ не схавала зіма
шляхі і дарогі.

Прысеў вечаровы прамень
на спадзістым даху.
Плыве парусінавы дзень
без суму і жаху.

Мы войны забылі навек
і звады забылі…
Вадою празрыстаю рэк
мы душы паілі.

Рука да рукі прыпадзе,
а вусны да вуснаў…
Прамень адаб’ецца ў вадзе
і ў сэрцах загусне.
 

* * *
Святло прыходзіць з ніадкуль
і кожны раз
цябе ўратоўвае ад куль
у змрочны час.

Яно збірае, як магніт,
і беражэ,
яно раструшчвае граніт,
ракой цячэ.

Сумуюць людзі без святла
каторы год.
Дамы іх спалены датла,
кругом няўрод.

Але пачуецца струна –
звініць паэт,
душа жывая хоць адна
кранецца ўслед.

І чарадою ажыве,
што не жыло.
На небе, соснах і траве –
ізноў святло.
 
 
* * *
Воля сябруе з вераю
і спараджае рух.
Воляй гады адмераны,
слова, выявы, гук.

Рухам жывуць пачуцці,
творыцца плач і смех.
Тонкім слупком са ртуці
воля імкнецца ўверх.

Як супраціў марозу,
бедам і ўсім вятрам
воля пантэрай грознай
скача і сям і там.

Ураўнаважыць волю,
сцішыць, угаварыць,
зверху накрыўшы столлю –
значыць амаль не жыць.

Волі патрэбна неба,
дзікіх палёў прастор,
воля трашчыць між рэбраў,
воля глядзіць з-за штор.

У нескароным дзеянні
праз несупынны рух
воля сусвет засейвае
і чалавечы дух.
 
 
* * *
"Свет працяты любоўю!.."
"Свет прасякнуты злом!.."
Як у такім двухмоўі
нам саўладаць з вяслом?
 
 
* * *
Якія толькі ні прыдумвалі
сабе жыццёвыя арэлі,
ісці дарогаю разумнаю
мы не маглі і не хацелі.

Ляцелі ўверх і ўніз спускаліся
крывымі порсткімі зігзагамі,
каб зазнаваць лунання радасці
ды ўсведамленне, што мы падалі.
 
 
* * *
Год прайшоў упустую,
год растаў, быццам дым.
Я планету чужую
грэў дыханнем сваім.

У абшары галактык,
незлічоных планет
прычакала расплата
і заплакаў Сусвет.

Шмат разоў заракаўся
сеяць парасткі там.
Шмат разоў прызнаваўся
у бяссіллі гадам.

Ды, адужаўшы кволасць,
кожны год, дзень пры дні,
я ў сусветную поласць
акунаў прамяні.

І планету шукаю
сярод сціжмы планет,
пра планету спяваю…
Ціха плача Сусвет.
 
 
* * *
Пачуць энергію зямлі
і ахапіць абшары,
дзе вольна некалі жылі
твае святыя мары.

Яны бялейшыя за сад,
які квітнее ў траўні,
яны імклівы зарапад,
яны прытулак даўні.

Хоць ад дарогі ты чарнеў
і набіраўся злосці,
бухматы сад заўжды хацеў
цябе сустрэць мілосцю.

Пялёсткі плаўна паляцяць
ад весняга павеву.
Здарожаны, цяпер прысядзь
і слухай птушак спевы.
 
 
* * *
Закон маёй душы – работа праз мазоль,
закон маёй душы – нявыплаканы боль.
З усіх зямных работ паэтава цяжэй,
з усіх зямных работ яна не для вачэй.

Не творым напаказ,
не лашчым нейчы слых,
радкі хавае час
і адчыняе міг.

Вы міг, імгненны бліск
гатовыя злавіць,
бы лістападу ліст,
якому ў снезе жыць?

Не падалі б лісты
у восеньскі распад,
празрыстай пустаты
не бачыў бы пагляд.

Палёт маёй душы бывае праз агонь,
палёт маёй душы, нібы крылаты конь.

Мы падаем увысь
з задзірыстым канём.
Ляціць асенні ліст
пад агнявокім днём.

Так сонца скрозь смугу
прабіла свой пагляд,
спыніла на бягу
імклівасць аўтастрад.

На міг, адзіны міг
замерлі гарады
між прамянёў жывых
гаючай нематы.
 
 
* * *
Моц і вятры караблю
вымалю ў хвалях падманных –
Божа, бяздумна люблю
імя залатое “Аманда”...

Бачу яе валасы
якасці сонца і буры,
позірк у кроплях расы,
што азарае дзень хмуры.

Гонар, пастава і ўсё,
чым так багаты жанчыны,
мне абяцае жыццё
ў дальняй далі ад Айчыны.

Каб абдымаць і туліць
ды ў пацалунках забыцца,
трэба скрозь штормы праплыць
да жыццядайнай крыніцы.

Шчасця майму караблю
там, дзе віхуры, як банды,
веры, надзеі, агню,
імя залатога – “Аманда”.
 
 
* * *
Двое на барыкадах,
выпалена трава.
Двое не хочуць падаць
– дзіка равуць “ура!”
Крута было і мулка
лезці ім дагары.
Гэта вам не прагулка
і не хухры-мухры.
Кожны другога гадам
лічыць ужо даўно.
Кожны не хоча падаць
з высі сваёй на дно.
Двое дзяліць гатовы
шарык зямны, дзе ім
цесна – рукам і словам…
Ружжаў клубіцца дым.
Антаганісты сталі
колішнія сябры…
Сэрцы іх, што са сталі,
тахкаюць да пары.
З рыкам у бойцы роўнай
дзеляць яны зямлю.
Ім пажадаць бяскроўя
вас ад душы малю.
 
 
* * *
“Ты на каго падобны?” –
ціха ў сябе пытаю.
Голас глухі, вантробны
думак народзіць зграю.

Я – гэта я, што вецер,
ветру бывае цесна.
Гойсае ён па свеце
і не знаходзіць месца.

ЛетуЦеню:

Сонца, сонейка светлае
на вершалінах дрэў.
Казка мая прыветная,
голасны птушак спеў...

Я – гэта цень дубровы,
шолахі ля ракі.
Я – гэта голас мовы,
праўда ва ўсе бакі.

Хочацца быць шчаслівым,
верыць, што ажыве
роснымі пералівамі
раніца на траве.

ЛетуЦеню:

Сонца, сонейка светлае
вызалаці раку.
Казка мая прыветная
не адпусці руку.

“Ты на каго падобны?” –
пытаюся на разрыў.
Жнівень чаруе добры,
жнівень заўсёды быў.

Вечар гусцее, вецер
па-над вадой сціхае.
Заўтра яму па свеце
лётаць трывожнай зграяй.
 
 
* * *
Сярод быційнага сумбуру
і нечаканых перамен
ты можаш ляпнуць нешта здуру,
і рэха паляціць між сцен.

Праз увасобленае слова
памкнецца рэха ў белы свет.
І свет зыначыцца нанова,
як пажадаў яму паэт.

(Горад, дамы і вуліцы,
рэкі, лясы, палі,
чуеце, як віхурыцца
слова, народжанае на зямлі?)

Ды толькі, апантаны воляй,
ты пасылай найлепш вакол
не разбурэнне і нядолю,
а слова, што расквеціць дол.

Яно напятай жылкай б’ецца
даўно ў зачыненых грудзях,
яно трывожнае, як сэрца,
і бестурботнае, бы птах.

(Слова, як плечы, распраўлена,
гукае, кліча людзей
сярод спякоты расплаўленай,
сярод марозных завей.)

Пусці яго ў абшар празрысты,
хай, нецярплівае, жыве
і рассыпае долу іскры,
і ў даль сінюткую заве.

(Людзі, машыны, вуліцы,
рэкі, лясы, палі,
чуеце, як віхурыцца
слова, народжанае на зямлі?)
 
 
* * *
Там, дзе розум заблытаны,
там, дзе рукі ў крыві,
дзе няспыннымі бітвамі
ўзводзяць храм нелюбві,
дзе размытаю праўдаю
узвышаюць ману –
там гармонія падае
у хаосу труну.

Што ёсць свет без мелодыі
і без музыкі слоў?
Ён драпежнай выродзінай
п’е ахвярную кроў.
З галавою адсечанай
без гармоніі свет,
назаўжды пакалечаны
перазвонам манет.

Амярцвелай, бязгучнаю
не ўяўляю зямлю,
і таму рыфму мучу я
і таму рытмы п’ю.
Ды кальчугу цяжэрную
апранаю штодня,
каб з паэтавай вераю
не пагасла зямля.
 
 
* * *
Сняжынка на ляту,
як вечнасці штуршок,
узрэжа пустату
і выфарбуе змрок.

Патокі ліхтара
пакажуць тлум начны –
так кружыць машкара
ад веснавой пары.

Убачым камячкоў
паспешлівы зыход
з цямрэчы ў ліхтароў
абветраных палёт.

Глядзім завейны рух
пейзажаў гарадскіх
скрозь серабрысты пух
у чараўнічы міг.

Праз рызніцу зімы
праходзім і глядзім.
Акружаныя мы
віхурствам гарадскім.
 
 
* * *
Вечарам што бывае:
сеўшы каля акна,
ціхенька казку баю.
Казка, як быль, адна.

Тое, што бачу звонку –
дворык, ліхтарня, сквер –
пераўтварае звонка
казачны свет цяпер.

Казка бывае простай,
нуднай не можа быць.
Казка пакліча ў росы,
казцы давеку жыць.

З ёй пасвятлее вечар,
ноч падабрэе з ёй.
Казка, да новай стрэчы!
Стань назаўжды маёй.
 
 
* * *
Б’юць філасофію любую
усмешка, вецер на шчацэ,
ракі парывістыя бруі,
якая скрозь гушчар цячэ.

І, запыніўшыся надоўга,
прыродай дыхаю самой,
прыродай, што ўва мне не змоўкла –
чуллівай, боязнай, жывой.
 
 
* * *
Сябра мой, пасядзі, разняволься,
чарку цёплую ў рукі вазьмі.
Я таксама калісь напароўся
на адвечную пастку любві.

Бачыш, там, за плячыма, за шыбай
святлафоры мігцяць скрозь буран.
І агеньчыкі статкамі рыбы
адплываюць у мройлівы зман.

Чалавецтва – дзівосная штука,
дзе ёсць месца любой драбязе.
Дзе разлука – не марная мука,
а з сабой ачышчэння нясе.

Таямніца ўсіх слоў і значэнняў
праступае скрозь душаў разлад.
Скрозь адчаю размытыя цені
ўспыхне сонца гаючы пагляд.

Святлафоры надзеяй сустрэчы
несціхана мігцяць скрозь буран.
І хавае заснежаны вечар
непагасных агнёў караван.
 
 
* * *
Кратаю струны гітары –
гукі да дна.
Срэбныя думкі і мары
родзіць яна.

Думкі кладуцца на плечы –
хутка ўзляцяць.
Музыка ціхая лечыць.
Вучыць стаяць.

Стойкасці будзе замала –
трэба дабра.
Чуецца сэрцам адталым:
верыць пара.

Кратаю струны. Лятае
воблака нот.
Ночы гадзіна другая.
Зор карагод.
 
 

* * *
Пішы, бо нічога не ўмееш апроч –
прыходзіць нязводная думка.
Пішы, калі дзень на душы або ноч,
ці радасць зліваецца з сумам.

Пішы, толькі ў гэтым жыццё для цябе,
самавыяўленне ў прасторы.
Пішы, парадкуй пакрысе ў галаве
бязладдзя чароўнае мора.

Хаосу не церпіць касмічны абшар –
усюды рухомы парадак.
Паэт жа брыдзе між памкненняў і мар
садоўнікам моўнага саду.

Пішу, кафеінам сілкуючы мозг,
уперыўшы вочы ў кампутар.
Будую са слоў сваяволістых мост
праз прорву ў начы каламутнай.
 
 
* * *
Калі заціхаюць баі
і гаснуць суровыя былі,
даносяцца стогны зямлі:
“Што ж вы нарабілі!”

Няўжо нам жылося не так,
каб душы спустошваць вайною
і сеяць заразлівы страх
як быццам рукою чужою?

Хацелася, праўда, каб мы
не ўспыхнулі некалі злосцю.
Ды позна ўжо: горад нямы –
руіны і косці.

Задымлены лес і палі,
сядзібы папалены люта.
Пануюць на горкай зямлі
пустэча і смутак.

Спытай, і адкажа любы:
хацеў не агню, а спакою.
Навошта пад гукі трубы
ішлі мы з вайною?

І толькі цяпер спазнаём
пакутныя страты.
Скрозь кулі ішлі напралом
дурныя салдаты.
 
 
* * *
Падала жоўтае лісце
год за годам.
Душа не ведала выйсця,
не мела зыходу.

Перад ёй зачынялі дзверы –
холадна, груба.
Душу пазбаўлялі веры,
давалі ў зубы.

І ўсё-ткі яна жывая,
бо мае крылы
ляцець над застылай зграяй
скрозь свет застылы.

Вось яна з сонцам побач,
аблокаў вышай,
ловіць прамення слодыч
у сіняй цішы.
 
 
* * *
Бель пануе ў прыродзе
і звініць цішыня.
Гімн зімовай пагодзе
напяваем штодня.

Над сняжыстай пустэчай
у паднебных скітах
нешта цёплае лечыць
і развейвае страх.

Задуменнасць навокал,
мяккасць вуліц, пляцоў.
Строй карункавых вокнаў
ад тугіх маразоў.
 
 
* * *
Рассцілаем абрус, сябры,
спакваля вечарэе.
Да засмужанай той пары
снег ссівее.

Будзем келіхі паднімаць
за шляхі і здароўе,
жартам года старога стаць
абмяркоўваць.

Цеплыня ад усмешак, рук
затанцуе па зале.
Расхінае сяброўскі круг
зман і далеч.

Раптам згледзім, што не адны
мы сядзелі,
покуль колішнія гады
пасівелі.

Толькі новы ідзе цяпер
крокам быстрым,
прамінае бліжэйшы сквер
год іскрысты.
 
 
* * *
Я ставіў сабе звышзадачу
і поспех жаданы займеў.
Цяпер, праўда, жаласна плачу
нібыта ля восеньскіх дрэў.
 
 
* * *
З пустаты нам ідзе пустое,
калі вычарпана ўнутры.
Людзі хочуць падчас спакою
і світальнай ціхай зары.

Людзі любяць спакой і цішу,
а яшчэ, каб любілі іх.
Точаць сцены начныя мышы
і трывожаць сабою ўсіх.

Адчыняем акно, каб дыхаць
і ўбіраць у сябе сусвет,
каб і зрокам прымаць і слыхам
пералёты чужых планет.

Змоўклі мышы і стала лёгка,
вецер пахі лугоў нясе.
Выйшаў месяц, дзівосна ёкнуў
дальні гук на рачной касе.
 
 
* * *
Дайце трохі падумаць
і няспешна прайсці
ўсцяж па рэчышчах вуліц,
як па ўласным жыцці.

Шмат было тут памылак,
аж і радасцяў шмат.
І дарога таміла,
і маніў далягляд.

Называўся паэтам,
сам сябе называў…
Заклікаў мяне ў лета
наш турботны вакзал.

Я на вуліцах сонных,
дзе світанак дрыжэў,
дзе таполі калонай,
камяніцы між дрэў…

Я хачу тут падумаць,
нетаропка прайсці
ўсцяж па рэчышчах вуліц,
як па ўласным жыцці.
 
 
* * *
Пажадаю харошага дню –
ён прачнуўся пад снежаньскі вецер.
Снежань я па вятрах пазнаю,
што бяздумна блукаюць па свеце.

Вось туга заглянула ў наш двор
і калыша вярбіну.
Тут па снезе сумуе прастор,
у чаканні сплываюць гадзіны.

Вецер, вецер, напрамак змяні,
данясі да нас срэбныя хмары.
Хай саткуцца адзежы зямлі,
засвятлеюць абшары.

І замерлі ў чаканні зімы,
захінаем ад восені шэрай
твары, душы азяблыя мы
у каютах кватэры.
 
 
* * *
Сню паэзію проста –
як паляну між дрэў,
як каханку ў мілосці,
што ў жыцці не сустрэў.

Яна мовай агорне
і пагоіць мяне.
Яна ў срэбнай кароне
сярод траў паўстае.

Сню паэзію лёгка,
хоць нялёгка ступаць,
хоць стамляе дарога,
а канца не відаць.

Яна – мройная ціша,
яна сонцам з-за хмар
на здзіўленне мне выйшла
і глядзіць твар у твар.
 
 
2012–2013 гг.
 


Рецензии