Як мы з птушкамi новы дзень сустракалi
Недзе далёка зрэдку перагукваюцца вясковыя пеўні, пабуджаныя руплівымі гаспадынямі, што бразгаюць даёнкамі ці вёдрамі, даглядаючы гаспадарку. Дачных жа пеўняў яшчэ не чуваць: адсыпаюцца іх гарадскія гаспадары.
Вось да першай ранняй птушачкі на бярозу прыляцеў дзяцел. Паспрабаваў моц ці дзюбы, ці дрэва, ціўкнуў колькі разоў і зноў працягнуў сваю справу. І тут цішыню вільготнага паветра скалыхнулі крылы дачнага каменданта – вароны. Яна, сагнаўшы птушачку, заняла назіральны пункт на танюсенькай галінцы, ды… не ўтрымалася і, устрапянуўшыся, моўчкі перасела ніжэй. Дачная гаспадыня напалохала дзятла, і той, незадаволена ціўкнуўшы, пераляцеў на хвою. Вось цяпер і варона прачысціла горла:”Кар-р-р, кар-р-р!” Нібы:”Так-так, ляці сабе адсюль!”
Пад дахам суседскай бані заварушыўся, зачырыкаў верабейчык, але так і не вылецеў. Відаць, проста бурчэў на тое, што патурбаваліі. Макушкі дрэў ужо пазалаціліся, значыць сонейка блізка. “Угу! Угу!” – згаджаецца дзікі голуб з вялікай разлапістай хвоі, а потым праразае празрыстасць паветра свістам сваіх моцных крылаў. І нібы пабудзіў ён гэтым гукам дачных пеўняў, якія закрычалі гучна, часта і, быццам адчуваючы сябе вінаватымі,стараліся выканаць песенны план.
На шляху за лесам таксама пачаўся рух: раз-пораз гудуць машыны. Ды і ўвесь лес ужо напоўнены цвырканнем, ціўканнем, чыраканнем зяблікаў, гарыхвостак, соек. Але ў гэтым даволі меладычным і мяккім хоры саліруе, нібы барабаншчык, лясны доктар.
Ружавеюць аблокі ў нябесным блакіце. Гараць верхавіны соснаў. Іграюць і іскрацца рознымі колерамі павуцінавыя пацеркі. Мігцяць кропелькі расы на траве… Гэта прачнулася і пацягнулася сваімі залатымі праменьчыкамі сонейка.
А з ім і новы дзень прыйшоў.
Свидетельство о публикации №117081102754