Бруснiцы

Па палёце чаіц,
Нечаканых над горадам,
Варажу, ці адбудзецца стрэча,
А яны,
То крычаць паасобку,
То лунаюць парамі,
То чарадою ляцяць.
Нейкім дзіўным воблакам
Свецяцца ў змярканні.

У гэтых вуснах,
Нечаканых у маім жыцці,
Адчуваю крыніцу кахання.
Кожным ранкам,
А больш кожным вечарам
Мрояцца мне пацалункі.
Расцякаецца любасць па венах.
Крыві і слёз болей не трэба, -
Я адмаўляюся ад мінулага.

Трапяткімі птушачкамі
Падаюцца твае заплюшчаныя вочы,
Гарачымі сэрцайкамі б'юцца
Пад маімі сухімі вуснамі.

Не магу не хвалявацца.
Стрымліваю плыні рэк,
Што мяняюць напрамкі.
Не вытрымаю столькі блакіту.
Перабіраю перліны, каб супакоіцца.

Сення брусніцы сніліся.
Заўчасна паспелыя.
Стаяла, глядзела, здзіўлялася.
Рана! Рана ж яшчэ, але вось яны!
Салодкія гронкі чырвонай расы.

Прачынаюся а чацвёртай гадзіне раніцы.
Мая мара прачынаецца побач.
Прыслухоўваемся да цішыні.
Недзе зашчабятала птушка.
Недзе праехаў аўтамабіль...
Я цалую куткі тваёй усмешкі.
А ты смяешся,
Што я чую грукаценне чыгункі ўдалечы,
Думаеш, мне падаецца.
Ты смяешся з майго брусніцавага лесу.

Шукаю па сонніках,
Нічога грунтоўнага.
Трапляецца батанічны атлас:
Брусніцы - вінаградныя лозы,
Што паўзуць па гары ля крыніцы.
Вось мой таямнічы сэнс,
Моцныя жаданні здзяйсняюцца.
І пад снегам вісіць каліна,
І з марозамі арабіны
Наліваюцца слодыччу.

27 ліпеня, 27 верасня 2017 г.


Рецензии