Пах папяровак

            Міколе Маркевічу
Час ад часу нам шчасціць,
калі ўжо звечарэла,
не дзяліць сенажацяў
для “чырвоных” і “белых”,
усіх “блакітных”, “ружовых”,
“чорных”, “шэрых”, “зялёных”…
Мае пах папяровак
водар матчынай мовы.
Ён на вуснах спрадвеку,
у пацалунках і стогнах,
у дзіцячых усмешках,
як у праменьчыках згоды.
Васількоў сярод жыта
сонца роўна ўсіх песціць.
На сваіх і чужынцаў,
хай не дзеліць нас сэрца.
Не  дазволь жа нам, Божа,
збочыць ці аступіцца
ў туманах бездарожжа
на бальшак бальшавіцкі.
Хай жа нам не прыдзецца
страты ўзважываць збожжа,
васількоў ды і сэрцаў
ўсё ж на тым бездарожжы.
Калі ж яблыкам горкім
лёс сляпы пачастуе,
успомні пах папяровак–
першы свой пацалунак.


Рецензии