Фанабэрачка
Што ж да цябе я такі ахвочы?
Ссунуўшы вечка з душы куфэрачка,
Здрадзь таямніцы сваёй дзявочай.
Можа, ты з цукру? А мо мядовая,
Што да цябе я, спакуса, ласы?
-Бач, дачапіўся і абмяркоўвае!
Дзядзечка! Кпіначкі – міма касы.
Марна шукаеш мядку ў гандэлку -
З пушчы, з дубровы – не са сталоўкі-
Пі самаробленую гарэлку,
Мо медавуху… альбо цукроўку.
Помніш, надоечы скаштаваўшы,
Ды прыкусіўшы сухой скарынкай,
Хто абяцаў, ляжучы на пашы,
Што затрымае зямлю ў абдымках?
-Вох, фанабэрачка, выхваляначка,
Ружа чырвоная мне ў пятліцу!
Колешся, муляеш да світаначка,
Нештачка, бітаму, мне не спіцца.
-Кветак няма на траве ля возера,
Там дзе ляжаў ты, п’янюткі, брыдкі,
Ледзве заўважыўшы цьмяным позіркам
Дробязь - лядашчую маргарытку.
З тое пары абмінаеш зрокам
Кветнік угноены з агароджай,
Сціслы занадта душы шырокай,
Што не знаходзіцца ў ружы кожнай.
Безліч падобных за ўскрайняй хатай,
Там, дзе аблокі ляжаць на хвалі;
Драпіну ў сэрцы - нясцерпнай стратай
Жаўранкі з ветрыкам наспявалі.
-Вох, выхваляначка, падражнілачка!
Звягаеш вершыкам, як гарошкам-
Трэсне скарбонка, звядзецца жылачка,
Страціш набыткі свае патрошку.
Будзе ўжо пуста табе, нахабніца,
Купана ў кіпеню лапатуха.
Каб цябе, шэльма, рапуха, здрадніца,
Д’ябал у пекла завёў за вуха!
-Вой, не кране – бо няма дазволу.
Дзьмухай -задзьмухайся на вуголле!
Толькі дарма – не ўпячэш крамолу,
Белае чорным не стане ў полі.
З тонкіх пялёсткаў, нібыта брытвай,
Рэзаных воляю па нядолі-
Чуеш? Трызненне – ці то малітва
Ў неба ляціць за тваё здароўе.
Скрыншот з кліпа Бутусава, але кліп дадам другі, проста так, дзеля калекцыі.
http://www.youtube.com/watch?v=8XqJrv7yVGc
Свидетельство о публикации №117060500764