ЛЮбая, лЮбая ЛюбАнь!
І вось скрозь імглу дзесяцігоддзяў праступае груша-дзічка на мяжы надзела, як было прынята паўсюль на Беларусі, майго дзеда Івана і бабы Насты. І цэлая шарэнга з васьмі векавечных ліп, верхавіны якіх узвышаюцца над хатай і вёсачкай, іх відаць здаля, аж з самой Мікалаеўкі. Яны, гэтыя пахкія, салодкаводарныя ліпы, нібы вяскоўцы, выглядаюць, ці не прыехаў хто да іх у ЛюбАнь. І калодзеж-журавель, і буслянка. І пах пылу і сырадою, што цягнецца летнім вечарам за пярэстым статкам.
А Купальская ноч каля сажалкі з вогнішчам, большым – і гэта абавязкова! – чым у Зорцы, ВарвАрыне, ПрЫбары і ПералАзе. З квачамі-каметамі, што падкідваліся ўгару спрактыкаванымі хлопцамі. І з песнямі… Доўгімі, меладычнымі, душэўнымі, узнёслымі. Так. Бо душа ўзнімалася туды, у нябёсы, куды так імкнуліся іскры вогнішча, квачы і песні… Можа, гэта маладзіцы, жанчыны, кабеты, бабулі, спяваючы, адпускалі ў неба сум перажытага разам з дымам купальскага вогнішча. А яно перад раніцай вяртала кожнае спетае слоўца празрыстымі пацеркамі халоднай расы…
ЛЮбая, лЮбая ЛюбАнь! Успамін пра цябе, радзіму маёй маці, цяплом напаўняе думкі, сны, сэрца.
Свидетельство о публикации №117040213417