***

 Любоў да галубоў

  Гэта гісторыя пра тое, як аднойчы мае ўзаемаадносіны з вядомымі  птушкамі міру – галубамі – былі блізкай сініцай у руках, а сталі  далёкімі  жураўлямі ў небе.
Неяк летам  на танцах мы з Валькай пазнаёміліся з хлопцамі, Славікам і Жэнем, якія прыехалі  на канікулы да сваіх бабуль. У той час у горадзе было шмат галубоў, а тут разумныя хлапцы расказалі, як можна прыручыць гэтых птушак. Трэба навязаць іх на вяроўчынку і трымаць на гарышчы, карміць, прывучаць да сябе, а вяровачку рабіць усё даўжэйшай.  Калі голуб да цябе прывыкне –  і нават палюбіць! -  можна будзе яго адпускаць на волю. Але ён абавязкова да цябе вернецца.

      Я аказалася не толькі  ўдзячнай слухачкай, але і апантанай дрэсіроўшчыцай. І той жа ноччу ў шыбіну пастукалі хлопцы і з таямнічым выглядам паклікалі  на вуліцу. Там яны ўручылі мне двух галубоў. Якога колеру – не ведаю, бо было цёмна. А пароды звычайнай, гарадской, якая ноччу хаваецца пад дахам якога-небудзь цэха папяровай фабрыка, дзе парачка была і злоўлена. Зразумела, што дрэсіроўку я пачаць адразу не магла, таму паклала сваіх будучых выхаванцаў спаць у малым калідорчыку.

       Але нам з галубамі ў тую ноч выспацца не давялося. Праз некалькі гадзін  уся сям’я ўсхапілася ад незразумелых гукаў і крыку маці. Аказалася, што калі мама, збіраючыся на працу,  выйшла ў калідорчык, то галубы пачалі лятаць, біцца ў вокны. Карацей, рабілі  гімнастыку для крылаў.Спалоханая матуля спачатку ўскочыла ў хату, а потым адчыніла дзверы калідорчыка і выгнала маіх птушак. Але не толькі маці напалохалася. Галубы, мусіць, спужаліся больш, бо загадзілі ўвесь пакойчык, які мне прыйшлося самой прыбіраць.

       І цяпер я заўсёды з жахам назіраю за тым, як на вяселлях выпускаюць гэтых перапалоханых міратворчых птушак.


Рецензии