Курапаты
Страпянуўся лес ад болю.
Пахавалі Курапаты
Тых, хто нёс народу волю.
Пахавалі самых лепшых:
Верных, шчырых, дужых, смелых...
Каб яны паўсталі ў вершах
У сваіх кашулях белых.
Сталі поруч разам з тымі,
Хто сумлення не расстраціў:
Абярог зямлі святыні,
Захаваў абраз у хаце.
Вар'яцелі ў лесе каты --
Забівалі лёс і долю.
Толькі сведкі - Курапаты
Абуджалі думкай волю.
Не давалі спаць пачварам,
Што выконвалі загады.
Аблівалі думкі варам,
Каб хутчэй шызелі каты.
Курапаты, Курапаты --
Гэта нашае сумленне.
Сёння час настаў расплаты --
Ён яднае пакаленні
Супраць тых, хто нішчыць мову
І вядзе народ да згубы.
Хто знайшоў ва ўладзе схову,
На крыжы ашчэрыў зубы.
Свидетельство о публикации №117031900288