Перевод на белорусский Два шмеля - сказка для дете
Дождж лінуў і гымнуў гром.
Два чмялі ў час навальніцы,
На зямлю ляцяць кулём.
Грознай хмары не мінулі,
Град пабіў іх, быццам кулі,
Адлупіў іх моцны лівень,
І ў чмялёў узмокла крылле.
Скінуў вецер іх з нябёс
І ў далёкі лес аднёс.
Сярод мокрых траў чмялі
Пошук хаткі пачалі.
Вось паўзуць яны ды плачуць:
— Бач, якая незадача:
Нас не слухаюцца крылы,
А без іх не маем сілы.
Камяні па ўсёй зямлі!
Ледзь ідуць па ёй чмялі.
Раптам крык мурашкі:
— Гэй! Адыходзьце ўбок хутчэй!
Хто такія, што ў гасцях
Мурашыны топчуць шлях?!
Возьмем у палон чужых
І ў абед засмажым іх!
З перапуду два чмялі
Уцякалі, як маглі.
Дзе прытулак ім знайсці?
Сцежка дзе? Куды ісці?
Сіл амаль не засталося…
Бачаць – смоўжык на дарозе
Цягне ён на спіне дом,
Там – агеньчык за вакном.
Кажа смоўж ім:– Вы, чмялі,
Спрытнымі заўжды былі.
Што ж вы неўзабаве сталі
Хворымі ды закульгалі?
Вось як зараз напужаю,
Рожкамі як забадаю!
З кветкі тут чарвяк паўзе,
Ведаюць задзіру ўсе:
– Хто такія? Старшыня
Чарвячкоў, казюлек я.
За парадак у адказе,
Бачу чужакоў адразу.
– Мы свае, мы не чужыя!
Толькі ў нас узмоклі крылы,
Адтаго і пешшу крочым.
Дом знайсці за лесам хочам…
– Што вас слухаць?
Лепш маўчыце.
Прэч адсюль хутчэй ідзіце!
Гэта лес не ваш, а наш.
Ці пачулі? Шагам марш!
Цягнуцца чмялі, галосяць:
Смоўж баднуў іх па дарозе,
І казюлек камандзір
Вылаяў, ледзь не пабіў.
З-за чароту вадамер
Гучна ім крычыць цяпер:
– Да артыста-фігурыста
Не! Не падыходзьце блізка!
Дзе знайшліся вы такія,
Самі круглыя, цяжкі;я?
Мокрыя, як жабяняты?
Мне, нязграбных, паласатых,
Не патрэбна гледачоў!
Лепей вам пайсці дамоў!
Вось ізноў паўзуць чмялі,
Крылы цягнуць па зямлі.
Ім ніхто не дапаможа,
Зразумець ніхто не можа,
Толькі цвеляць, праганяюць,
Або крыўдзяць, абзываюць…
Тут павук сустрэў чмялёў:
– Лепшы я з усіх сяброў! –
Асабістых зносін просіць
Пагранічнік-крыжаносец:
– Пад замком я ўсё хаваю,
Вас жа з радасцю вітаю.
Я даўно чакаю вас…
– Не! – Чмялі яму ў адказ,-
Бо нярэдка з вышыні
Добра бачыць мы маглі
Мух і пчол, якія ў сеткі
Да цябе траплялі.
– Дзеткі,
Я і вас, як захачу,
Павуцінай абкручу!
І пачаў вакол скакаць,
Павуцінне распускаць.
Жах чмялёў апанаваў,
Хоць бы хто ўратаваў!
Не шанцуе…Што сказаць?..
Раптам пчолкі дзве ляцяць.
Павука атакавалі
І знянацку джаліць сталі.
Справа-злева падлятаюць,
Моцна павука кусаюць.
Павучок увесь дрыжыць,
Напалохаўся – бяжыць
Дагары па павуціне,
Каб схавацца на галіне.
– Пчолкі, пчолкі, дарагія!
Вось вы смелыя якія! –
Дзякаваць чмялі хацелі,
Толькі пчолкі прагудзелі
Ды ў надхмар’е адляцелі.
Зажурыліся чмялі,
Зноўку думаць пачалі:
Як да хаты дапаўзці?
Сцежка дзе? Куды ісці?
Селі ціха пад пяньком
Ясным сонечным дзяньком.
Хіліць кветку да зямлі –
Паспыталі мёд чмялі
І ў пялёсткавых далонях
Тры расіначкі знайшлі.
Крылцамі ўзмахнулі,
Леглі ды прыснулі.
Раптам гром, як ашалелы,
Грымнуў, і наўкол сцямнела.
Узняўся вецер за хвілінку
І ў сетку-невідзімку
Падхапіў ён павучка,
Вадамера, чарвячка,
Паляцелі з вецярком
Смоўж з казуркамі кулём,
Мурашы ды матылькі,
Тараканы ды жукі –
Паімчалі над зямлёй
Кожны ў закуточак свой.
А чмялі ў траву ўпалі,
Крылцы ў лісце захавалі.
З перапуду да зямлі
Прытуліліся чмялі.
Шум і свіст паўсюль чуваць,
З лямантам кулём ляцяць:
Конік, смоўж – за матыльком,
Тля, чарвяк – за цвыркуном.
Мухі, шэршні і стракозы,
Караеды, пчолы, осы,
Вусені, жукі і мошкі,
Камары, кляшчы і блошкі, –
Над палянаю імчаць,
Выюць, плачуць і крычаць.
Ад спалоху ўсе галосяць,
Енчаць і збаўлення просяць,
І забылі ўжо, калі
Моцнымі яны былі.
А чмялі – вось бедачыны –
Як маглі за карчажыну
Учапіліся мацней,
Мурашу крычаць:
– Хутчэй!
Нам дай лапку, павучку,
Павучок! Ты – чарвячку!
Чарвячок, кручком скруціся
Ды за пчолку зачапіся.
Коніка трымай, жучок,
За ягонае плячо.
Вы ўсе дружна крылцы, ножкі,
Лапкі, хвосцікі ды рожкі
Адно аднаму давайце
Нібы стужкаю з’яднайце.
Разам вецер пераможам!..
Хуценька, смялей, мы зможам!
Абхапіў суседа кожны
Моцна так, наколькі можна,
Паслухмяныя ўсе сталі
І ў нябёсы паімчалі.
Мухі, матылі, стракозы,
Караеды, пчолы, осы,
Камары, кляшчы і блошкі,
Вусені, жукі і мошкі,
Вадамеры, чарвячкі,
Мурашы і павучкі.
Рад адзіны ўсе ўтвараюць –
Над палянай пралятаюць.
Тут за корч чмялі хутчэй
Ухапіліся мацней.
Упіраюцца сябры
І трапечуць на вятры.
Толькі доўга не змаглі
Іх усіх трымаць чмялі.
Ад зямлі ўзняліся лёгка
І ўзляцелі да аблокаў.
Нават вецер на хвіліну
Ад здзіўлення дуць пакінуў.
Скорана прамовіў вецер:
– Цудаў шмат бывае ў свеце.
Найкаштоўней усяго,
Калі ўсе – за аднаго.
А адзін – за ўсіх, гарой,
Кожны тут у вас – герой.
Дружны лес, скажу праўдзіва,
Адшукаць – над дзівам дзіва!
Дружна хай жывуць, спакойна.
Гэткіх крыўдзіць непрыстойна.
Мне без іх хапае спраў…
Вохнуў ён і паімчаў.
Сталі потым по чарзе
На зямлю спускацца ўсе.
–Дзякуй Вам, – чмялям сказалі,-
Што ад смерці ўратавалі!
Кажа і павук чмялям:
– Я не вораг – сябар вам!
Вы нам так дапамаглі.
Заставайцеся, чмялі.
І мяне, прашу, прабачце,
Я не пагранічнік, бачце,
Вецер з птушкамі лятаюць,
Межаў на зямлі не маюць.
Сціпла ў адказ чмялі:
– Дружна ўсе перамаглі.
Мы цяпер ізноў пырхаем,
Можа хатку адшукаем?..
Ліха нас яднае часам,
Хто асіліць, як мы разам?
Як мы разам – моц такая,
Нават непагадзь сціхае,
І скараюцца вятры.
Да сустрэчы! Вы, сябры,
Каб шчаслівыя былі!
І ўзляцелі два чмялі
Ясным сонечным дзяньком
У нябёсы над ляском,
Высока…
Далёка…
Свидетельство о публикации №117031100975