Па мастах у мiнулае
Горад цягнецца адной доўгай вуліцай, якая пераплятаецца з блакітнымі рачнымі стужкамі, і па ўсёй даўжыні яе ўпрыгожваюць ажурныя карункі трынаццаці мастоў: праз Харпучанку; каля Лесазавода; фабрычны праз бушуйку; гарбаты; аптэчны каля плошчы…( Быў праўда яшчэ адзін мост – помнік безгаспадарчасці – праз чыгуначны пераезд. Але праз яго, акрамя дзяцей і закаханых, так ніхто і не хадзіў). І шмат яшчэ мастоў і мосцікаў, кладак і кладачак. Але ёсць самы вядомы і ўсімі любімы – гэта мост на востраў, куды мы хадзілі ў выхадныя дні.Там працавала карусель, узляталі лодачкі, на футбольным полі праводіліся спаборніцтвы, а ў альтанках гулялі ў шашкі і шахматы. Пазней больш за карусель нас стала цікавіць танцавальная пляцоўка за металічнай агароджай, куды мы спачатку хадзілі на падтанцы (на іншых паглядзець), а праз год-два – і на танцы (сябе паказаць). А паказаць было што: нам з сястрой спецыяльна – упершыню! у атэлье! – былі пашыты шаўковыя нябесна-блакітнага колеру сукенкі з рукаўчыкамі-крыльцамі і са спадніцамі ў кліны-гадэ. Потым, каб не хадзіць на танцы ў тым жа адзенні, мы самі шылі сабе ўборы: то спадніцу-таццянку, то касцюмчык у клетку з чырвонай шатланкі, то сарафанчык у гарохі. Зімой патрэба карыстацца большасцю мастоў адпадала: хадзілі напрамую, па лёдзе. І цікава, і боязна, і склізка, і весела, але напрадвесні вельмі небяспечна. Рака вясной узнімалася і залівала мост на востраў, а над вадой былі відаць толькі поручні. Зараз такога не ўбачыш, бо зімы ўжо не такія марозныя, рэкі не такія паўнаводныя, ды і мост перарабілі,узнялі вышэй.
Але Добруш усё такі ж самы: малады, прыгожы, родны.
Свидетельство о публикации №117030511899