Птушыны двор
Па-першае, звычайныя куры-нясушкі з пеўнем. Па-другое, паважныя нетаропкія бройлеры, якія яшчэ кураняткамі даваліся ўсім у знакі. Вары ім яйкі, дробна крышы, часцей дыхання кармі то тварагом, то пшаном. А яны возьмуць і пападаюць на ногі! Вось тады розныя лекі, адвары!.. Карацей кажучы, неспакойная гаспадарка. А падрастуць – цэлымі вёдрамі ежы патрабуюць. Затое і растуць хутка.
А аднойчы бацькі завялі качанят. Жоўценькіх, пісклявых, на шырокіх лапках! Яны смешна перавальваліся з боку на бок. Тата зрабіў ім штучнае возера: укапаў у зямлю старыя ацынкаваныя начоўкі. Яны, відаць, былі дзіравыя, бо вады ў іх стала менш, адно качаня не змагло вылезці з іх і патанула. Потым дзірку залаталі, ды і мы пастаянна далівалі ў начоўкі ваду.
Наступны прадстаўнік птушынага свету, індык, такога замілавання ў нас не выклікаў. Мама завяла нават не адну гэтую пярэстую надзьмутую асобу, а цэлае сямейства. Глава сям’і быў вельмі злосны: ён натапырваўся, трос галавой са сваёй чырвонай шышкай і балбытаў. А як скапалі бульбу і пачалі выпускаць індыкаў на гарод, то з замілаваннем назіралі, як яны ласаваліся яблыкамі прама з яблыні, падскокваючы, дзяўблі тыя, што віселі ніжэй, нязграбна перабіралі нагамі, дапамагалі крыламі і незадаволена балбыталі. Без смеху глядзець немагчыма!
Нашы пярэстыя птушкі адыгралі важную ролю ў жыцці малодшай дачкі цёткі Юлі Камаровай – Анькі, якая адмаўлялася піць малако, хоць у іх была свая карова. А чым карміць дзіця? Мая мама аднойчы загадзя ўзяла слоік з малаком у цёткі Юлі, а потым прынесла назад і расказала Аньцы, што падаіла індыка, і малако –індычынае.
Праблема была вырашана! Кожнае ранне цётка Юля ставіла трохлітровы слоік з “індычыным” малаком, надоеным з шышак, што вісяць над дзюбамі птушак. Дзяўчынка піла толькі гэтае малако і ні з кім не дзялілася. Гэта цягнулася даволі доўга, пакуль яе бабуля аднойчы не раскрыла сакрэт. Але да малака Анька прызвычаілася ўжо, потым не адмаўлялася нават ад казінага.
Так што індык – гэта не толькі дзесяць кілаграмаў дыетычнага мяса!
Свидетельство о публикации №117030400839