9 Мая
Свята 9 Мая ў Добрушы вельмі арганічна аб’ядноўвала і дань памяці продкам, і Дзень Перамогі. У лесе перад могілкамі “Лядцы” ладзілася маёўка.Туды выязджалі аўтамагазіны з прадуктамі, рабілася пляцоўка для танцаў і сцэна для духавога аркестра і вакальна-інструментальнага ансамбля. Раніцай каля брацкай магілы праводзіўся мітынг. Піянеры ( у іх ліку і я) стаяць ў ганаровай варце. Хвіліна маўчання. Гучыць Рэквіем. Салдаты з вайсковай часці з вінтовак даюць некалькі залпаў…
Пасля гэтай урачыстай часткі мерапрыемства дабрушане і наведвалі хуценька магілы блізкіх. Чаму хуценька? Бо сумкі з закускамі і посцілкі на дзве-тры сям’і сяброў, суседзяў ці сваякоў чакалі, калі іх уладкуюць на зручнае месца сярод сакавітай майскай травы, пераплеценай фіялкавымі кветачкамі і белымі вочкамі сунічніку.
Маёўка ішла сваім ходам, мерна, няспешна: дарослыя адпачывалі, моладзь танцавала, гуляла ў валейбол, а мы, дзеці, маглі піць ліманад “Бураціна”, бегаць сярод высокіх соснаў і – о цуд! – каштаваць марожанае. Стаміўшыся, можна было ўпасці на посцілку, павярнуцца тварам да неба і глядзець, як хістаюцца зялёным морам празрыстыя верхавіны, і марыць, і думаць:
“ Калі ёсць на свеце Бог, і ён сочыць за ўсім, што творыцца на зямлі, то ён праз белую пену аблокаў і ігольчата-празрыстыя хваёвыя лапы можа разгледзець маленькую кропачку. Дзяўчынку, што ляжыць спінаю на мяккай ад ігліцы і моху цёплай зямлі. Цікаўныя вачаняты назіраюць за размераным танцам верхавін велічных соснаў. Уся яе істота ўспрымае няўлоўныя гукі: уздыхі лесу, перамовы птушак, зумканне нябачных кузурак. А думкі яе імкнуцца туды, вышэй, за белую пену аблокаў:” Калі там жыве Бог, можа, і ён зараз ляжыць на мяккіх аблоках і глядзіць сюды, на мяне. Няхай нашы позіркі сустрэнуцца!”
І затым, прачнуўшыся, слухаць, як спявае мама:“У суботу Янка ехаў ля ракі, пад вярбой Алёна” …
Шчаслівы час!
Шчымлівыя ўспаміны…
Свидетельство о публикации №117030400825