Вось вам i Венецыя
А пад весну, як сонца пачынала прыграваць, то дарога з гурбамі паабапал ператваралася ў цуд. Гурбы снегу, падтайваючы, ператвараліся ў бліскучыя ледзяныя палацы з пячоркамі і ажурнымі празрыстымі шкельцамі. Вось дзе было разгуляцца нашай фантазіі пра казачных прынцаў і прынцэс.
Вясна ярка запомнілася толькі адна,1970-га года. На вуліцы яшчэ ляжалі высокія гурбы снегу, але пачалася паводка. Рэчка Харпучанка ад нас блізка, за гародамі цотнага боку вуліцы, за Камаровымі, Калінінымі, а наш дом насупраць, у нас няцотны бок. Вада па гародах дайшла да самых хат цотнага боку, затым выйшла на вуліцу, а потым няспешна папаўзла да нашых варот і дацягнулася аж да сярэдзіны двара. Смешна было назіраць, як дзядзька Валодзя у гумавых ботах і з вядром у руках перабіраўся на наш бок вуліцы, дзе быў калодзеж, за вадой.
Раніцай людзей збіралі на лодцы і вывозілі на сухую цэнтральную вуліцу, а пасля работы развозілі па хатах. Вось вам і Венецыя!
Свидетельство о публикации №117030400805