На вас ляжыць цяпер вучэба

Валька ходзіць у першы клас. У яе сіні буквар з наклеенай папяровай кішэнькай, у якую настаўніца паклала адзнаку за ўрок. Гэта была чорная хвастатая двойка, бо ў Валькі літары не хацелі злівацца ў склады. Пайшлі да суседкі Лідзіі Іванаўны, былой настаўніцы, яна і навучыла сястру чытаць. Мне вучоба Валькі вылазіла бокам ці адгукалася рэхам з кута, дзе  мне часта даводзілася  калупаць тынк. Напрыклад, вучыць сястра вершык да 23 лютага са словамі “ і метёт позёмка…”, а я падказваю ; тая злуецца і скардзіцца бацькам, быццам я перашкаджаю. І я зноў стаю ў кутку і разглядваю сцяну…               
Іншы раз я моцна крыўдзілася і залазіла пад ложак, у самы вуглік, каб ніхто мяне не ўбачыў, плакала і думала: “Вось не вылезу, хай шукаюць! І не знойдуць! А я памру тут ад голаду, вось тады яны ўсе пашкадуюць…” Ад вялікага жалю да сябе няшчаснай румзалася яшчэ смачней. Аднойчы нават заснула пад тым ложкам, высокім, з нікелірованымі бліскучымі шарыкамі і гарбатым матрацам.
Вось так неўпрыкмет, няхай сабе з перашкодамі, разам з сястрой і я навучылася чытаць яшчэ да школы.


Рецензии