Самая важная справа жыцця майго таты
Тата доўгі час не губляў надзеі знайсці месца пахавання майго дзеда, рабіў запыты ў ваенкамат і архіў, але безвынікова. І тут тата праявіў сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю: ад імя многіх сем’яў дабрушан, якія не могуць наведаць магілу свайго роднага абаронцы Айчыны, прапаўшага без вестак ці невядома дзе пахаванага, звярнуўся з прапановай ў ваенкамат і да гарадской улады.
Колькі было радасці і гонару за майго гераічнага дзеда і настойлівага бацьку, калі да Свята Перамогі на помнік былі прымацаваны дзве дадатковыя шыльды з імёнамі герояў вайны, сярод якіх і імя майго дзеда, Віннікава Уладзіміра Фядотавіча.
Гэта была апошняя вялікая справа жыцця майго бацькі, Віннікава Васіля Уладзіміравіча, даведзеная да лагічнага завяршэшшя. 16 ліпеня 2008 года сэрца таты раптоўна спынілася. І тады я задумалася аб ролі нашай на зямлі, місіі, для якой мы нараджаемся на гэты свет:
Нехта (лёс такі) павінен сеяць.
Хтосьці – плён ад працы атрымаць.
Іншы можа горкі сум развеяць.
Некага прызванне – будаваць.
Усе мы: воін, сейбіт і араты –
на арэлях лёсу. А жыццё
дорыць тое нам, чаго мы варты,
што з сабой не возьмеш у небыццё.
Мой бацька ў сваім жыцці быў і воін, і араты, і будаўнік, і творца , і проста Тата (так-так, з вялікай літары!). Ён быў як “сувязная нітачка” паміж пакаленнямі : у святочныя дні абавязкова наведваў родных, цікавіўся лёсам кожнага, да яго ішлі па дапамогу ці за мудрай парадай. Але асноўная місія яго на гэтым свеце, на маю думку, была не ў тым, каб пакінуць пасля сябе матэрыяльнае, нават пабудаванае ці зробленае для многіх людзей, а ўзнавіць памяць нашу аб каранях сваіх, пакінуць магчымасць не аднаму наступнаму пакаленню дабрушан схіліць галавы перад помнікам з імем гераічнага продка свайго.
А яшчэ тата падштурхнуў мяне да выканання майго ўласнага абавязку не толькі перад продкамі, але і нашчадкамі: занатаваць вядомыя звесткі пра свой род. Я ганаруся тым, што з’яўляюся малюсенькай галінкай (ці толькі лісцікам?) нашага вялікага радаводнага дрэва.
Свидетельство о публикации №117021812207
Лариса Винникова 2 02.07.2017 00:18 Заявить о нарушении