Дарожныя замалёукi 2

 
  У аўтобусе
Аўтобус. Пяць дзесяткаў чалавек
Дарогаю на суткі аб'яднаны,
Ды ў кожнага свае намеры й планы.
Дрымоту гоняць прэч з маіх павек
Храпеннем гучным ззаду мужыкі.
Цераз праход калматая дзяўчына
Камусьці эсэмэскі шле няспынна.
Сусед мой не занадта гаваркі,
Пляткарыць не аматар я й сама,
І мне ў акно дзівіцца – лепш няма.

   Снегавое
Вакол снягі, снягі, снягі.
Паклапаціўся студзень звонкі,
Зраўняў на полі баразёнкі,
Рачулак сонных берагі.
Абвешаў лозы мяккай ватай
І коўдрай тоўстай і пухнатай
Накрыў узгоркі і лагі.
Зямля ў чысцюткае прыбрана.
Без краю - бель. Спакой-нірвана.
Вакол снягі, снягі, снягі.

  Лясное
Елкі, як Дзяды Марозы,
У снежна-белых кажухах,
А Снягурачкі-бярозы
У карунках адмысловых,
Пышных, зграбных, чыстых, новых!
І ў сумёты цёткі-лозы
Увязлі аж да самых пах.

   Пагранічнае
Між Радзімай і Замежжам еду.
Не крануты снегавы абрус.
Ён – нічый. Тут не пакіне следу
Ні сусед-паляк, ні беларус.
Нічыя між дзвюх краін зямліца -
Бераг, вольхі, лозы, чараты.
Нічыя вада, рака – граніца.
Строгі і  нямы хмызняк густы.               
Цішшу насцярожанаю вецце
Сцятае, застыла -  не трымціць.
Хіба  птах лясны ды  вольны  вецер
Без дазволу-візы праляціць.

  Вячэрняе
Вечар вясёлы на фарбы скупіцца не стаў.
Неба купаецца ў цёплай ружовай пяшчоце,
І благадаццю малінава-чыстых актаў
Льецца мелодыя ў сэрца – у кожнае  ноце
Дзіўны чароўны спакой. Бы анёл у палёце
Лёгкія крылы над светам зямным   распластаў.

   Ранішняе
Світанак па небу далонню правёў залатой,
А поўня – празрыстым прывідам пужлівым – растала.
Хмурынка над лесам п'е сонца мядовы настой.
Зямля развіталася з ноччу і дзень прывітала.

  Звычайнае 
Дарога – па зімовым рабым полі.
Ледзь прыцярушана сняжком ралля.
На частых межах  гонкія таполі -
Раўнюткімі радочкамі здаля -
Худыя высачэзныя ствалы
І густа-густа ўвешанае голле
Зялёнымі шарамі амялы.

   Шэрае
Храмы вострымі вярхамі
Ткнуцца ў неба там і тут.
У зімовай шэрай гаме
Мой малюецца маршрут.
Дома снежнае разддолле,
А Еўропа – у цяпле.
Уздоўж дарог чарнее поле
У шэрай даждавой імгле.

   Еўразімовае
Зіма ў Еўропе шэрая,
Зіма ў Еўропе бурая.
Навісла неба хмурае,
Дажджом дарогі мерае.
Не кружыцца мяцеліцай
Над пышнымі самшытамі,
Плюшчом платамі ўвітымі.
Сумётамі не сцелецца.
Cкрабуцца ў ночы цёмныя,
Прамоклыя і стылыя,
Вятры сцюдзёнакрылыя,
Бяссонныя, бяздомныя.
Зіма ў Еўропе бурая,
Зіма ў Еўропе шэрая .

   Лядовае
За ноч замерзла ў возеры вада.
Лёд тонкі, ды не разаб'еш крыламі.
Трывожна-мітуслівымі кругамі
Гусей разгубленая  чарада
Снуе па невялічкае палонцы,
І здрадліва паблісквае на сонцы
Лёд – птушкам нечаканая бяда.

  Сумнае
Тры тыдні радасці, нібы тры дні мінулі.
І дожджык плача, і кладзецца сум на плечы.
Цяпло далонек яснавокага малечы
У цішыні начной прымроіцца бабулі.


январь 2017


Рецензии
Очень тонко, нежно, душевно, трепетно...и всегда актуально! Чудесно!!
ЗаглянИте!, некоторые перевела...

Лариса Геращенко   03.10.2020 17:55     Заявить о нарушении
Спасибо, дорогая Лариса! Загляну непременно))Редко пока здесь бываю))

Клавдия Семеновна   26.10.2020 09:40   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.