Балада пра клён i лiпу

Мы два дрэвы якія стаялі побач
Не адзін дзясятак гадоў,
Пасадзіў нас калісьці у садзе пробашч,
Апусціў у халодны дол.

Мы былі тады яшчэ маладымі,
Памятаеш той золкі дзень,
Калі я зірнуў праз твае галіны
І убачыў свой першы прамень.

Ты была тады такою танюткай
Без зялёнай сукенкі сваёй,
І твае пупышкі ужо набухлі,
Каб буяць лістотай вясной.

І было злачынствам не закахацца,
І было злачынствам глядзець,
І было злачынствам не прызнацца,
І табою не захварэць.

Памятаеш наша першае лета,
Як вяселле было ў царкве,
І калі маладыя прыйшлі наведаць,
Наведаць цябе і мяне.

Як пабраліся шлюбам у нашым голлі,
Змацаваўшы перадусім
У гарачых абдымах і далонях
Яго пацалункам сваім.

А ці помніш нашу першую восень,
Нечакана яна прыйшла,
І як грэліся ноччу халоднай, позняй
Ад апошніх іскраў кастра.

Нам было тады яшчэ невядома,
Што такое бывае спрэс,
Калі людзі у бойцы з халодным морам
Вынішчаюць паўсюдна лес.

Калі енчаць вакол маладыя дрэвы
Ад сякеры ў сваім баку-
Гэтак злосна зіма расчыняе дзверы,
Прамаўляючы пра тугу.

Мы два дрэвы якія стаялі побач
Не адзін дзясятак гадоў,
Нам вядома спякота, смуга і горыч,
Шкадаванне, спагада, любоў.

Нам вядома калі падымаецца вецер,
Нам вядома куды ён дзьме,
Дык няхай ён раскажа ва ўсім сусвеце
Аб апошняй нашай вясне.

Чую я, як сякера грукоча блізка,
Даражэнькая, нам не жыць...
Пасля доўгай залевы у садзе слізка,
Даражэнькая, не дрыжы...

Можа гэта лепей, чым спарахнелым
Ад хваробы загінуць якой,
І стаяць панура у садзе спелым,
Забіваючы час тугой.

Людзі лічаць сябе каралямі пушчы,
Найвялікшай істотай Зямлі,
Вось чаму яны топчуць у садзе ружы,
Нават тыя, што не ўзыйшлі...

Хіба ведалі мы, што такое будзе,
У халодны сядаючы дол,
Сваю ўласную памяць губляюць людзі,
Не пакінуўшы і слядоў.

Разбіраюць парэшткі царквы, каб сцерці,
Што стаяла яшчэ да нас-
Гэта прыклад таго як у справе смерці
Людзі пераганяюць час.

Мы два дрэвы якія чакаюць скону,
Сонца дорыць апошні прамень,
І на гразкай зямлі трэскі ліпы й клёну,
Трэскі нашых мар і надзей.

У далоні іх возьме цёплы вецер
І апусціць ў халодны дол,
Можа недзе там народзяцца дзеці,
Памятаючы нашу любоў,
Можа недзе там у найноўшым леце
Забуяе наша любоў...


Рецензии