Маме

У шэрань туману апранута хата,
Беланаліўны вірыць наўкол пах.
Мама – ты сэрца маё,
                маё свята,
Дотык дзяцінства на яве і ў снах.

Светлых рабін чырванеюць каралі,
Рэзкіх вятроў разгалосая плынь.
Мама – ты лепшае, што я маю
У свеце дарослым,
                на ласку скупым.

Ў пульсе дажджоў
                серабрацца трывогі,
Точаць маланкі лязо-вастрыё…
Мама, як моцна пякуць твае ногі,
Доля баліць, быццам полю – жніво.

І пацалункі гадоў пакрываюць
Твой дарагі мне маршчынкамі твар.
Усмешкай тваёй раніцою світае
Белагалубкавы наш небакрай.

Сцелецца роснай травою дарога… 
Малітвай-надзеяй спавіта душа,
Просячы шчасця дачушцы ў Бога.
Мама – ты радасць мая! 

Першае слова і першая казка,
Сноў хрызантэмных сплываюць гады.
Першыя крокі любові нязгаснай…
Дзякуй, матуля, што ў свеце ёсць ты!


Рецензии