Зборнiк паэзii Кругi жыцця

ПРАДМОВА АД АЎТАРА

Паважаны чытач! Вершы, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, былі напісаны мной у перыяд з 1976 па 2016 гады. За гэты час у нашым жыцці шмат памянялася: страцілі сэнс многія жыццёвыя і духоўныя каштоўнасці, змяніліся думкі і псіхалогія паводзінаў чалавека. Менавіта таму многія творы трэба супастаўляць з тым часам, калі яны былі створаны, інакш яны будуць адарванымі ад рэчаіснасці сённяшняга жыцця.
Кніга “Кругі жыцця” – прызнанне паэта ў любові да Радзімы і да маці, да тых людзей, якія былі поруч, вучылі паважаць родную мову, гісторыю сваёй краіны, цаніць і шанаваць традыцыі продкаў. Многія вершы аўтабіяграфічныя. Яны нясуць у сабе шчырасць і дабрыню, якая сыходзіць ад родных краявідаў Палесся, тых мясцінаў, якія дарагія сэрцу і душы. Так-так, менавіта душы! Бо ад яе вытокаў і пачынаецца духоўнасць: той творчы пачатак, які я спрабую данесці да кожнага з Вас, каб Вы змаглі прычасціцца да чысціні паэтычнага слова, зразумець і перажыць разам са мной сэнсавую і эмацыянальную напружанасць паэтычнага радка, прайсці па маіх жыццёвых кругах…
Так атрымалася, што першая мая кніга павінна была з’явіцца ў бібліятэчцы часопіса “Маладосць” яшчэ ў 1993 годзе. У сілу розных абставін яе выхад у свет не адбыўся. Але я не перажываю. За гэты час я набыў паэтычную сталасць, дасягнуў належнага майстэрства, і цяпер мне не сорамна за свае радкі, якія я і выношу на Ваш суд.
Выхад у свет паэтычнага зборніка – вялікая адказнасць. Спадзяюся, што Вы адчуеце маю жыццёвую энергетыку, зразумееце мае памкненні да прыгожага, шчырага, беларускага слова. Бо менавіта яно нясе ў сабе тую духоўную чысціню і непаўторнасць, якая прычашчае нас да вытокаў беларускасці…



КРУГ ПЕРШЫ: Вобразы Айчыны



НЕБА  І  ВЕРА

Я думкаю мераю неба,
Яго глыбіню вялікую,
Бо неба ўсім людзям трэба,
Яно іх да волі клікае.

У ім захаваныя руны
Вялікай жыццёвай ісціны.
Іграюць радкі, бы струны,
Што пер’ем анёлы чысцілі.

У небе ёсць вечная песня,
Якой мы даўно забыліся.
Яна, нібы водар весні,
Што ранкам на глебу выліўся.

Гучыць той матыў спрадвечны,
Кранае пачуцці  шчырасцю.
Наш шлях чалавечы, Млечны,
Ад веры да неба вырасце.

2012



ГЛЫТОК  ВАДЫ

Айчына, ты чуеш, як сэрца тваё
Б'ецца ў маіх грудзях?
Як думкі твае штурхаюць кроў
І ў свет дабрыню нясуць?
З табою мне хочацца крочыць туды,
Дзе ёсць у дарог працяг,
Каб вочы спазналі тваю прыгажосць
І думак тваіх вясну.

Я сын тваіх пушчаў, пагоркаў, крыніц,
Замкаў і спелых ніў.
Я мудрасць тваю з сабою нясу,
Бо ў ёй – чысціні выток.
Напіўся сягоння крынічнай вады,
Ды крышку ў зямлю праліў:
Каб сілаю ты налілася зноў,
Я даў і табе глыток.

2015



АБХОД  ГІСТАРЫЧНАЙ  МЯЖЫ

Мама, твой сын улюбіўся ў Айчыну.
Што з той любоў’ю рабіць, адкажы.
Палім мы з ёй сярод ночы лучыну,
Робім абход гістарычнай мяжы.

Там, каля белай, павольнае рэчкі,
Дзе вёў харугвы паранены князь,
Нашыя вёскі і нашы мястэчкі,
Нашы балоты і нашая гразь.

Почап, Унеча, Клінцы, Навазыбкаў
З мовай сябруюць з далёкіх часоў.
Лёс гістарычны мяжу тую выткаў
З княскіх абвязаў, жыцця паясоў.

Дзе вы, літвіны, з Вілейкі ці з Вільні,
Дзе вашых лёсаў спляліся вянкі?
Вы разам з князем чужынцаў разбілі,
Вылі па іх ля Гародні ваўкі.

Плача Смаленшчына нашай смалою,
Калі палаюць агнём смалякі.
Гайнаўка гаем шапоча вясною,
Кліча ўсіх Вас да сябе,
            зем-
                ля-
                кі!

               
2011



ГЛЕЧЫК

Калі ён амаль застыў,
Яго апалілі ў печы.
А каб не стаяў пусты –
У глечык паклалі рэчы.

Ён верна служыў сям'і –
У ім малако не кісла.
Бывала, да ртоў сямі
Сям'і ён карміў вялізнай.

Ён бачыў накрыты стол
З прысмакамі па-літвінску.
У полі, сярод кастроў
З яго налівалі віскі.

Ён бачыў Парыж і Рым,
Афіны, старую Прагу.
Ён радасць надзей дарыў,
І ў спёку спатольваў смагу.

Даўно той памёр ганчар,
Што гліну мясіў рукамі.
А глечык гасцей страчаў,
Унукі ў яго гукалі.

Жыла ў ім яго душа.
А сёння – разбіўся глечык.
Ад страты планеты шар
Уціснуў, бы гліна, плечы.

2002



МАЯ  ГАЛГОФА

Паэзія – мая Галгофа.
Я з крыжам да яе іду.
А на крыжы тым
Вершаў многа –
На шчасце мне ці на бяду.
Калі ўкапаюць крыж у глебу,
Варава скажа:
– Там быў верш.
Хрыстос кіўне, што гэтак трэба,
А сэрца крыкне:
– Гэтак лепш.
Ніхто ўсёй праўды не ацэніць,
Пакуль яшчэ жывы паэт.
А мёртвых можна граць на сцэне,
Каб перадаць радкоў імпэт.
Ды што радкі? –
Душа жывая.
А як сыграць тады душу,
Якую боль зямлі сцінае,
Бы вершы дзён, што я пішу
Не для сябе, не дзеля славы,
А дзеля тых, хто ўбачыў верш
На тым крыжы, дзе зрок Варавы
Застыў,
Каб думкам стала лепш.
За Вас усіх цярплю я мукі:
Стаю, як выспа дабрыні.
Мой вольны крыж раскінуў рукі,
Каб вы да веры дабрылі.

2015



НЕ  ЦУРАЙЦЕСЯ

Не цурайцеся мовы матчынай,
Песні страчанай, лёсам венчанай.
Не цурайцеся роднай спадчыны,
Бо крыжы яе ўсе асвечаны.

Бела-русая, не прыгонная,
З промнем сонечным заручоная
Мова матчына – песня вольная:
Акраплёная, асвячоная.

Не яна была вінаватая,
І не мы яе так зняважылі,
Запалохалі Курапатамі
І абмазалі чорнай сажаю.

Не забітая, не палонная,
Яна выйдзе ў свет каралеўнаю.
Белакосая, не прыгонная,
І прыгожая, і напеўная.

Сустракай яе Еўфрасінняю
Ці звычайнаю палачанкаю.
Ёй паклоніцца неба сіняе
Кожнай рыскаю і заранкаю.

1989



ПЯЮ  БЕЛАРУСЬ

Пяю Беларусь, бо калісьці Купала
Той песняй надзею радкоў саграваў.
Пяю Беларусь пад гучанне цымбалаў,
Каб сэнс гэтай песні пачуцці кранаў.

Пяю Беларусь, дзе надзей маіх мары
Світанкам над замкам старым узышлі.
Пяю Беларусь, каб азызлыя хмары
Мой край стараною другой абышлі.

Пяю Беларусь, дзе літвінскія назвы
Да гэтага часу вярэдзяць душу.
Пяю Беларусь, што з'яднала нас разам,
І сэрцам сваім ёй прызнанні пішу.

Пяю Беларусь, бо без гэтае песні
Не будзе любові, працягу жыцця…
Пяю Беларусь – з ёй надзея ўваскрэсне,
І песня ўзляціць над зямлёю, бы сцяг.

Яе заспяваюць нашчадкі тых вояў,
Што край ратавалі ад чорнай бяды.
Пяю Беларусь! – Яе слова жывое,
Нібыта глыточак свянцонай вады.

1992



ДЗЕ

Песня пачутая сэрца не радуе,
Толькі распальвае крыўду ўва мне.
Дзе ж ты, айчыннае, роднае радыё,
Дзе ты гучыш, у якой старане?

Што ў нас за мода пайшла на замежнае –
Хіба сваё мы забылі зусім?
Хто нашы думкі закрыў тымі межамі,
Хто ў Пана Бога аб гэтым прасіў?

Дзе тая светлая песня купальская,
Дзе той вяночак, што плыў па вадзе?
Клямка на хаце збянтэжана ляскае:
Дзе той паэт, што народ павядзе

Цераз мяжу адчужэння да роднага,
Да тых крынічак, дзе песня гучыць:
Вечная,
Вольная,
Наша,
Народная! –
Песня, з якою так хочацца жыць…

2004



КАШУЛЯ

Не ніткай чырвонаю вышыта,
А лёсам Радзімы маёй:
Стараннем жаночым і крыжыкам,
Што дыхаюць роднай зямлёй.

Кашуля мая, вышываная! –
З табою мне дыхаць лягчэй,
Бо ты – мая мара жаданая:
Узор улюбёных вачэй.

Абдымеш мяне, як матуля,
З даверам у вочы зірнеш...
Цябе я да сэрца прытульваю,
Пішу для цябе гэты верш.

Ты мне не чужая, а родная –
Ад шэпту крыніц і дубраў,
Ад песень, дзе доля народная
Шукае спрадвеку дабра.

2010



НАКАНАВАНАСЦЬ  ЛЁСУ

Нібыта кардыяграма, скачуць літары,
І раптам – прамая.
Гэта адзіная роўная дарога,
Па якой адыходзяць паэты.
Недадуманы радок
Раскрыжаваны на паперы.
Незакончаная думка – быццам цвік.
Тут прыбітыя
Рукі,
Сэрца,
Нервы,
Тут раскрыжаваны крык…
Непачуты.
                Апошні.
                Прыжыццёвы.

1990



РЫЦАР

Я – рыцар Вялікага Княства Літоўскага,
Што ў часе сваім, нібы здань, заблукаў.
На сцежках паўстанцаў імя Каліноўскага
Я ноччу Радзіму і долю гукаў.

Тут дрэвы старыя расою абмыліся
Літвінскае веры, літвінскай крыві.
Яны памятаюць, яны не забыліся
Пра існасць сваю і свае карані.

Бо назва "літвін" – як малітва апошняя,
Дзе словы кранаюцца вуснаў нябёс.
Яны залатыя, бы жыта над пожняю,
Што песняй шчымлівай расчульвае лёс.

Малітва ў тым лесе не сціхне, не вымаўкне,
Яна будзе думкаю ў небе кружыць,
Пакуль наша вера зубрамі не вырыкне, 
Не верне літвінам былое мяжы.

2011



ДЗЯННІЦА  ЖЫЦЦЯ

Бачыў сягоння я ў ранішнім небе
Зорку-дзянніцу* жыцця.
Зорка чытала з нябёсаў малебен.
Ён мае думкі працяў.

Краскі світанку на небе зайгралі
Промнямі чыстай красы.
Іх падхапілі на Прыпяці хвалі  –
Музыку гралі вясны.

Стала на небе прыгожа і светла –
Ранак на хвілю замоўк.
Сонца праменнем расчэсвала ветлы,
З ночы здымала замок.

Потым зайграла на небе, на лузе
Краскамі новых надзей.
Зорка развязвала цемрадзі вузел,
Зрокам распальвала дзень.

2002

* Дзянніца – ранішняя зорка.



НЕБА  АЙЧЫНЫ

Вы калі-небудзь пільна ўглядаліся
У неба маёй Айчыны?
Неба, якое кідае ў вір
І сустракае шчыра.
Гэта яно пазірае на нас
І прыхінаецца блізка.
Гэта яно грае вечны свой вальс
І паланэз Агінскага.

Неба, якое бачыў не раз
Гусоўскі, Францішак Скарына...
Пад ім Караткевіч склаў першы сказ,
Што прашаптаў Ярыла.
Жорнамі часу малола яно
Купалы і Коласа думкі.
Неба праменнем у мову лягло,
На хмарах люляла гукі.

Гэта яму абавязаны я
Першай сваёй сустрэчай
З вершамі Цёткі і Салаўя,
З песняй Янішчыц вечнай.
Нашае неба нясе дабрыню
Тым, хто яго пабачыць.
Нашае неба ўсміхаецца дню –
Дорыць усім удачу.

2004



КРЫЖ  ЛАЗАРА  БОГШЫ

Ты чуеш, Айчына, як сын твой стаміўся
Ісці да цябе праз гады?
Ты сёння жывеш у нязведаных высях,
Далёка твой вобраз святы.

А крыж Еўфрасінні ад Лазара Богшы,
Што скрадзены быў у людзей,
Сам д'ябал прадаў за шалёныя грошы,
Каб знішчыць намолены дзень.

Без крыжа спакою і шчасця не будзе,
Бо ён дабрыню ў сэрцы нёс:
Надзею дарыў і зямельцы, і людзям,
Ад бед ратаваў іхні лёс.

Сягоння я небу Айчыны малюся
І Бога прашу аб адным:
Вярні ўсе святыні маёй Беларусі,
Каб памяць не сцерлі гады.

Малітва застыгла… На пахмурным небе
З маланкаю крыж узышоў.
Ён сёння народу і небу патрэбен,
Як вера славян да крыжоў.

2015



НА  АБРЫВЕ  ДЗЁН

Аддаю Айчыне свае думкі,
Аддаю свае зямныя сілы,
А ўзамен бяру нябёсаў словы,
Поўныя любові і цяпла.

Хай люляе неба мары-гукі,
Каб любові вырасталі крылы,
Каб ляцела з імі наша мова,
У крыві ўспамінамі цякла.

Я аддаў іх дню і сонцу шчыра,
Каб мужнела, нібы дзень, Айчына.
Бо калі пачуццяў тых не будзе –
Абярнуцца сэрцы ў камяні.

На абрыве дзён сваіх, Айчына,
Я палю апошнюю лучыну –
Без надзеі паміраюць людзі,
Не пускаюць дрэвы карані.

Аддаю Айчыне свае думкі –
Хай люляе неба мары-гукі.
Я аддаў іх дню і сонцу шчыра
На абрыве дзён сваіх, Айчына.

2015



ГРУНВАЛЬД

Ля соннае ракі
Імчаць харугваў коні.
Пагоні не спыніць,
А вояў не стрымаць.
Прыціхлі крыжакі,
Ідуць шыхтамі воі
Зямлю сваіх дзядоў,
Айчыну вызваляць.

Вагаецца зямля,
Аблітая крывёю.
Ад стомы хрыпне конь,
Ды бітвы не спыніць.
Чужынцаў Бог пракляў,
Каб славіць мужных вояў,
Што здольны лепш за ўсіх
Айчыну бараніць.

І вось наўкол: – Рубон! –
Пранеслася над полем.
І коні наўздагон
За ворагам ляцяць,
Каб крыжака рука
Больш не змагла ніколі
На наш Літоўскі герб
Кап’ё сваё ўздымаць.

1992



ВЕРА  І  НАДЗЕЯ

Мы жывём, пакуль у нас ёсць вера:
Вера хрысціянская з надзеяй.
Я радкі свае малітвай мераў,
Прычашчаўся кожную нядзелю.

Боскі Храм яднае нашы душы,
Ачышчае думкі ад спакусы.
Свечкі ў ім зіхцяць, нібыта ружы,
Што растуць ад Бога да Ісуса.

Толькі той, хто верыць, здольны ўбачыць
Абразоў святло падчас малення.
Веру не зацьміць і не зыначыць,
Бо яна душы дае праменне.

2016



ЧУЖАЯ  КРОЎ

Вам трэба песня –
Забярыце песню.
А я сабе
Другую напішу.
Ад песні той
Зямля мая ўваскрэсне –
Яе матыў
Агорне мне душу.

Вам трэба словы?
Забярыце словы.
Я з іх ляплю
Для Беларусі храм.
Я ўсё аддам
Акром цнатлівай мовы –
Яе ніхто ў людзей не адабраў.

А вам не раю
Здзек чыніць над мовай:
Крыўляць яе
З экранаў і трыбун,
Бо бумерангам
Вернецца вам слова
І знішчыць тых,
Хто ў мову ўвёў табу.

Гляджу на вас,
А сам не разумею:
Як шмат сягоння
На трыбунах тых,
Хто сее збожжа
Ў сцюжу ці завею,
Хто мову продкаў
Б'е з нагі пад дых.

Адкуль бяруцца
Здраднікі Айчыны?
Якая маці
Хлеб для іх пячэ?
Не скажа час,
Дзе здрадзе той вучылі –
Чужая кроў у здраднікаў цячэ.

2013



МОЙ  ХРАМ

З карэннем думак
вырываю словы,
што прараслі
не ў глебе,
а ў душы.
Будую з іх
свой храм
прыгожы, новы,
каб ён мае надзеі перажыў.

Няхай расце
да храма і да Бога
апошні
мой прытулак на зямлі.
Каб да яго
не зарасла дарога,
якою лёс паэтаў надзяліў.

Бо гэты храм
прымае шчырых, верных:
усіх,
хто здольны веру зберагчы.
Хто прыгажосць
маўлення храму верне,
таму і верш з малітвай па плячы.

2002



КРУГІ ЖЫЦЦЯ

У шклянцы недапіты дзень
Гучыць, пранізліва, з надрывам.
За сонцам рухаецца цень,
Каб зданню зрынуцца з абрыву.

Малюе час свае кругі,
Малюе цыклы ў іншасвеце,
Каб перадаць жыццё другім,
Хто ў вершах рух кругоў прыкмеціў.

Хто абышоў кругамі лёс,
Той зразумее круг Айчыны,
Якім ідзе яна да кроз
З цяжкою думай за плячыма.

Яе кругі куды сталей,
Чым тыя, што малюе дрэва
За час кароткі на ствале
Сваіх жыццёвых пераменаў.

І дзесьці там, ля тых кругоў,
Мой лёс імклівы, чалавечы,
Бы след ад леташніх стагоў,
Ляжыць і думае аб вечным.

2008



НА  КРЫЖЫ  ДАРОГ

На крыжы растаптаных дарог
Прыпыніўся наш лёс чалавечы.
Дзень стамлёны ўвагнуў свае плечы,
Бы той дзед, што ў хадзьбе занямог.

А ісці болей сілы няма,
Бо дарога душой састарэла,
І сцяжынка, што ў поле вяла,
Дзеда позіркам дзён не сустрэла.

Анямеў ад бяспамяцтва час.
Перасохла жывая крыніца.
Дзед вартуе крыжы па начах,
Дзе шляхоў пралягае граніца.

2005



ГЭТА  МЫ

Балада

Паміраюць мовы і народы,
Адыходзяць людзі спакваля,
Сірацее матухна-прырода,
Вар’яцее боская зямля.

Гэта мы адрынулі планету
І не чуем голасу вады.
Гыта мы зямлі капаем нетры,
Каб знайсці свой злітак залаты.

Хто мы ёсць,
Адкуль прыйшлі мы з вамі?
Дзе пачатак наш і дзе канец?
Гэта мы Хрыста раскрыжавалі,
Гэта мы сплялі яму вянец.

Цені церняў на сябе надзелі.
У манкурцтве славілі жыццё.
Гэта мы ў спаборніцтвах пацелі,
Кніжкамі распальвалі касцёр.

Падзялілі нас мерыдыяны
На адной зямлi, мацерыку.
Мы жывём у здрадзе і падмане –
Брату брат не падае руку.

Мову маці знішчылі, стапталі,
Бы манкурты, свой забылі род…
Медалі насілі: Ленін-Сталін,
Камунізмам нішчылі народ.

Гэта мы бамбілі Хірасіму
Праз сляпую памяць Курапат.
Узбраенняў мы расцілі сілу
Ад снягоў Сібіры да Карпат.

Ах, наколькі мы сляпыя з вамі:
Містары, спадарыні, сябры…
Мех грахоў на плечы сябра ўзвалім –
Ён стрывае ўсё. Сябрук, – бяры!

Прадаём Айчыну за капейку.
Аддаём сумленне за рубель.
І дзядоў старую камізэльку
Нюхаем, каб не кранаў нас хмель.

Знішчылі спадарскія падворкі
І з князёў зрабілі жабракоў.
Вільню ўсю разбілі на гаворкі
І сваё згубілі ўсё наўкол.

Гэта мы не можам аб’яднацца
Вакол мэты, ведаў, дабрыні...
Гэта нас на Захадзе баяцца,
Бо мы шляхам іншым пабрылі.

Гэта мы грахі нясём спрадвеку
За сябе, за продкаў і за тых,
Хто ў Хрысце прынізіў чалавека
І спаліў мінулага масты.

Гэта нам адказваць за ўсе войны,
Здзек з прыроды, хамства і ману.
Крочыць шляхам вольным, незагойным,
На сябе за іншых браць віну.

Я прашу ў нябёсаў прабачэння.
У царквы я літасці прашу:
– Божа, уратуй маю душу,
Дай ёй веры ўдзень і ў час вячэрні.

1994



МАНАЛОГ  АНАТОЛЯ  СЫСА

– Вы дужыя духам? –
Тагды Вам са мною:
Мы пойдзем у бар,
Будзем вершы чытаць.
У вершах мой лёс,
Маіх думак сувоі
І кроў ваяра, 
Што саскроб са шчыта.

Вы дужыя целам? –
Тагды не чапайце
Радкоў, што сцякаюць
На прысак крывёй.
Лепш міма прайдзіце
І волю ім дайце,
Ці з віскі разбаўце
Паэзіі боль.

Бо сам я падмануты
Ружаю славы.
Яна пакалола
Мне сэрца да ран.
Не дзеля паэзіі,
Дзеля забавы
Я Вас і сябе
Ўсё жыццё дакараў.

Вам хочацца плакаць? –
Дык плачце са мною,
Пакуль не скручуся,
Не згіну, як вуж.
Пакуль не з’яднаецца
Цела з зямлёю,
Датуль не дарыце
Букетаў мне руж…

1996



ДЫХ  ПАЭТА

Калісьці лёс
Запаліць мне
Чырвоны святлафор.
Зямля зрыфмуе
Лён і тлен
І свечкі дзіўных форм.
Гадзіннік – верны сябра дзён, –
Загляне ў вочы мне.
Спыніўся я,
Затое ён,
Заведзены, жыве.
Радкоў адстуквае памер
І круціць кола дзён:
Памёр паэт,
Паэт жыве –
Душою ён відзён.

1991



НЕСПАКОЙ

Неспакой. Па жыцці – неспакой –
Захлынаецца сэрца ад скрухі.
Я, нібыта паранены вой, –
На мяне ляцяць чорныя мухі.

Вось, здаецца, змахну іх рукой
І расплюшчу стамлёныя вочы,
Ды стаіць ля вачэй неспакой,
Быццам прывід Айчыны сірочы.

Што рабіць? Як яго абыйсці,
Дзе ратунак знайсці і збавенне?
Я – паранены вой па жыцці
У якога шпурляюць каменне.

Мабыць ёсць і мая ў тым віна,
Бо паэзію крэпка кахаю.
Неспакой , бо пішу давідна
І цнатлівасць паперы кранаю.

Хіба могуць спакойнымі быць
У жыцці неспакойным паэты?
Каб Радзіму натхнёна любіць,
Трэба быць той крупінкай планеты,

Што ратуе стамлёную ось
Ад пажараў, нашэсцяў, разрухі…
Неспакой – гэта значыць – я ёсць,
Покуль пішуць стамлёныя рукі.

1996


 
МЕСЯЦ

Вышчарблены месяц
робіць твар крыклівы:
над зямлёй смяецца,
забірае сілы.
Ці плыве па хвалях,
ці, як шкло, застыне,
ці пагляд схавае
ў прысаку пустыні.
Уначы смяецца
ў аксаміце зорак...
Потым, бы асколак,
прадзіравіць золак,
дзе крывёй пральецца
дзень зямнога сэрца.

1990



ТЭЛЕГРАМЫ  ДА  МАМЫ

Мама,
Я размаўляю з табою
На адлегласці палёту
Маёй душы.
Мне прыемна
Бачыць твае вочы,
Чуць твой голас…
Ты, як заўсёды,
Нечым заклапочаная.
Не хвалюйся.
У мяне ўсё добра,
Пакуль пішуцца вершы,
Устае і заходзіць сонца.


***

Мама,
Сёння раніцай
У маё акно
Пастукалася птушка.
Я расчыніў яго
І насыпаў на падваконне зерня.
Калі ноччу пачуўся стук,
Мне не хацелася ўставаць з ложка.
А на золку
Ля маёй хаты
Знайшлі забітага чалавека.


***

Мама,
Я пражыў чатыры дзясяткі год
І толькі зараз зразумеў, што я не паэт –
Гэта ты ў мяне паэтэса.
Без цябе нават гэты куплет
Не меў бы жыццёвага сэнсу.


***

Мама,
Гэтай ноччу я не мог заснуць
І думаў толькі аб табе.
Не ведаю чаму,
Але мне было настолькі трывожна,
Што ад гэтых думак
Я вымушаны быў запаліць свечку,
Узяць у рукі аловак
І пачаць пісаць вершы.
Усе яны прысвечаныя табе.


***

Мама,
Ты не крыўдуй на мяне за тое,
Што я згубіўся ў гэтым бессэнсоўным жыцці.
Не перажывай. Усё будзе добра.
Гэта лёс выпрабоўвае мяне на вернасць
Да Сваёй Зямлі і Айчыны.
А ў мяне гэтыя словы
Непарыўна звязаныя з табою.


***

Мама,
Заўтра ў мяне аперацыя.
Дзве было. Дзве чакаюць яшчэ.
Быў асілкам. Цяпер радыяцыя
Ўсё здароў’е зніштожыла ўшчэнт.
Мама, я пра хваробу не думаю.
Прызвычаіўся... Гэтак прасцей.
Ды і ты не хадзі болей сумнаю, –
Наша жыта яшчэ прарасце.


***
Мама,
Я прытуліўся да роднай зямлі
І адчуў усе тыя трывогі,
Якімі шчыміць тваё сэрца.
Відаць, недарэмна многія з нас
Называюць Айчыну маці.
І гэта правільна,
Таму што без маці не будзе дзяцей,
А без дзяцей не будзе Айчыны…

1989



ДАРОГІ

Сказаў аднойчы мне сусед:
– Дарог на свеце многа!
На іх сышоўся клінам свет
І шчасця, і трывогаў.

Дарогі ўсе вядуць туды,
Дзе нас заўжды чакаюць.
Дарогі нашыя сляды,
Бы кнігу дзён, чытаюць.

Я сёння крышку занямог,
Ды прыгадаў дарогу,
Якой пайсці адзін не змог,
Каб пакланіцца Богу.

Дарогу тую людзі ўсе
Здавён завуць гасцінцам.
На ёй Анёл спачыць прысеў,
Вучыў народ пасціцца.

На месцы тым цяпер царква
Трымае горда плечы,
Каб думка нашая цякла
Тым шляхам чалавечым.

1998



ПАВУК  І  МУХА
Байка

Смяялася аднойчы з павука
Малая надакучлівая муха:
– Ты павуцінне ўеш на скразняках,
Глядзі, а то засцюдзіш сабе вуха.
Як пойдзе дождж, прамокнеш, далібог,
Не адарвеш ад павуціння ног…
Стары павук хоць меў сказаць што мусе,
Але маўчаў. І вус круціў на вусе.

– Дык ты ж глухі! – ўшчувала яго муха –
 Скажу радні – вось будзе весялуха!
І паляцела ўдалеч гэтак хутка,
Нібы яе ніхто не бачыў тутка.
Павук тым часам мазгаваў сам-насам:
– Мне трэба сетку хуценька плясці:
Праз дзень-другі пачнуць сады цвісці
І загудуць чмялі гуллівым басам.

Нашто на іх мне сетку расстаўляць?
Мне тых чмялёў у сетцы не ўтрымаць.
А мухам?.. Вось каму задам я працы!
Яны ў мяне станцуюць дружна танцы.
Пабачым, хто глухі, а хто са слыхам...
Чакаў павук тых мух – сядзеў, не дыхаў.
– Глядзіце! – пракрычала весялуха,
Што ўчора раззлавала павука:

– Сканаў бядак, а каб мяне паслухаў,
То не памёр на гэтых скразняках...
І так ад думкі гэтае ўспацела,
Што прама ў павуцінне заляцела.
Ёсць баек шмат пра муху і катлету,
Ды ні адной няма пра павука.
Калі б ён сам паслухаў споведзь гэту –
То ў гамаку ад шчасця заскакаў.

Я для сябе зрабіў адну выснову:
Перш чым сказаць, абдумай тройчы словы.

2002



ПАМЫЛКА

Я плугам узараў гару,
Што дадзена мне Богам.
Ад працы той увесь гару –
Работы нуднай многа.

Пасеяў проса на гары,
А вырасла каменне.
Гары гара, агнём гары –
Мне проса Бог не верне.

Ты мой парушыла спакой,
Скавала мары, думкі...
Дык заставайся ты такой –
Навошта рваць мне рукі?

Нашто цягнуць пад гору плуг,
Навошта гнуць мне плечы?
Конь палюбіў зялёны луг –
Травой памылку лечыць.

1997



ПТУШЫНЫЯ  ЯЙКІ

Гарачы летні дзень змарыў мяне,
Каб я прылёг на ліпеньскія травы
І на зялёным, мяккім дыване
Даў адпачыць касе ад важнай справы.

А вочы праглі дбайнага дажджу,
Пчалінай песні над квяцістым лугам,
Там, дзе зрання з касою я хаджу –
Траву ў валкі сплятаю цесна, туга.

Ды раптам, бачу ў купіне  – гняздо.
Я тут касіць не маю, браткі, права.
Тры яйкі ў ім... Касы маёй лязо
Ледзь трох дзяцей у птушкі не забрала.

Ды вось яна! – то жаўранак-вяшчун
Касца бясстрашна з лугу праганяе.
Ды так і быць – я сам таго хачу,
Каб птушаняткі вывеліся з яек.

2008



ЯК  КАЗЁЛ  ХАМУ  ЗЛЯКАЎ

Дзед Хама сабраўся ўранні
Ехаць з бабкай на базар.
Пагрузіў на воз старанні,
Ды паклаў ля іх казла.

Сем мяхоў гурочкаў свежых,
Сала пуд і бульбы мех
Ён вязе на возе ў Свержань:
Не прадаць тавар той – грэх!

Бабка ўселася на возе,
Кажа дзеду: – Паганяй!
Мчыць кабылка па дарозе –
Толькі пугаю страляй.

Калі сонца ў небе спала –
Занялі найлепшы стол.
Пах гурочкаў тых і сала
Быў чуцён за метраў сто.

Прадалі ўсё за гадзіну.
Толькі вось – бяда з казлом:
Не бяруць яго на дзіва,
Не бяруць, нібы назло.

Бачыць дзед – брыдзе бабуля,
А на прывязі – каза.
Падляцеў, нібыта куля,
Кажа ёй: – Купі казла!

Ён пародзісты, спакойны,
Шмат не п'е, і шмат не есць.
Пройдзе год, і статак дойны
Будзе ў вас з галоваў шэсць...

Бабка радасна кіўнула:
– Так і быць – бяру яго!
А калі зняла свой клунак –
Сэрца ў дзеда адлягло.

Там гарэлачка, кілбаска,
Паляндвіца, кумпячок...
Кажа дзеду: – Калі ласка,
Пачастуйся, землячок!

Дзед вусы пагладзіў пальцам –
Выпіў чарку, прыкусіў.
А бабуля цягне сальца:
– Еш, каб болей не прасіў.

Адлічыла хутка грошы,
Падала з рукі ў руку.
– Кажаш,  што казёл харошы?
Што ж, паверу земляку.

Дзед ад радасці вялікай
Паімчаў з апошніх сіл.
Ды, відаць, бяду наклікаў,
Хоць і чарку прыкусіў.

Паказаў бабулі грошы,
А яна рукою – хваць.
Кажа: – Козлік быў харошы,
Трэба, дзед, нам уцякаць.

Дзед на воз ускочыў хутка,
Ды забыў адзець хамут.
Ехаў з бабкай трое сутак –
Так казёл злякаў Хаму.

2000



ШЧУПАК І ВЫДРА
Байка

Плыў па возеры шчупак,
А за ім – дзве выдры.
Уцякаў і сяк, і так,
Хоць ты слёзы вытры!

Сем гадоў шчупак пражыў,
Блешні рваў і лёску.
Столькі ворагаў нажыў,
Што не ўспомніць вёска.

А сягоння шчупаку
Не да думак гэтых.
Сігануў ён на раку,
Дзе карміўся летам.

– Уцяку! – падумаў ён
І нырнуў глыбока.
Выдра ў бухце, як шпіён –
Дно чытае вокам.

Няхай ты схаваўся ў гразь
І залёг пад лодкай –
Выдра знойдзе цябе ўраз
І дастане лоўка.

Дасталося шчупаку
Ад вусатай выдры:
Восем дзірак у баку –
Хоць ты слёзы вытры!

Шмат ад’етых шчупакоў
Я на свеце бачыў,
Ды чакалі іх наўкол
Выдры і няўдачы.

2015



ГЕНЫ  ЛІТВІНАЎ

Я за ўсіх адказваць не бяруся.
За сябе скажу вам, так і быць:
Гены ёсць яшчэ на Беларусі –
Дзеля іх павінны людзі жыць.

Славіць край бацькоў, бабуль і дзедаў,
Саграваць зямлю ў руках сваіх –
Бо зямля дае нашчадкам веды,
Поіць іх вадою ведаў тых.

Код зямлі залечыць душаў раны.
Код вады абудзіць пачуццё
Той любові, дзе святыя Храмы
Абразамі плачуць, бы дзіцё.

Гэты край абраны быў не намі,
Але ж мы – нашчадкі вояў тых,
Што галовы за яго паклалі,
Каб мужнела племя маладых.

Гэй, літвіны! –  ваша кроў жывая.
Яна верай духу прарасла
Ў тых, хто жыта спелае зжынае
І снапы па полі разаслаў.

2012



РОЗДУМ  ЛЯ  ЗАМКА  РАДЗІВІЛАЎ

Ля відушчых каменняў, муроў пасівелых,
Дзе прымалі з пашанай заможных гасцей,
Я сягоння знаходжу крупіначкі веры,
Што ў пачуццях маіх да вышыняў расце.

Я заплюшчваю вочы і бачу, што ў замку
Радзівілы спраўляюць святочны свой баль.
Маладзіцы гуляюць па весняму парку,
І альтанка глядзіць зацікаўлена ў даль.

Пазалочаны келіх з віном недапітым,
Цені свечак, бы здані, хістаюць святло.
І партрэты на сценах згушчаюць палітры,
Несучы незгасальнае ў сэрцы цяпло.

Хто прызнаецца шчыра душы чалавечай,
Што зніштожылі хамы яе хараство?
Хіба толькі партрэты на сценах
Ці свечкі,
Ці крыжы,
Што глядзяць у маўклівы прастор.

1995



НА  РАЗВАЛЕНЫМ  ЗАМЧЫШЧЫ

На разваленым замчышчы
Парасла крапіва.
Дрэвы ценем акрэслілі
Подых даўніх часоў.
Беспрытульная спадчына –
Не мая ў тым віна.
Моўчкі гушкаюць дрэвы тут
Цішыню галасоў.
Засмучоная сажалка
З серабрыстай вадой
Вокам страчанай вечнасці
Пазірае мне ў твар.
Цягне стоеным вобразам
Чыстых думак далонь,
Запрашае прыветліва
Ў хараство дзіўных мар.
Я схаваюся ў вечнасці
Маладой даўніны,
Дзе сляды чалавечнасці
Без віны і маны.
Наталюся тут думкамі,
Дам душы адпачыць.
Зачарованы гукамі,
Замаўкаю, каб жыць.

1990



ВЯСКОВАЯ  ВУЛІЦА

Да бруднага горада туліцца
Вясковая, светлая вуліца.
Глядзіць зацікаўлена, здзіўлена
На рокераў, брокераў, дылераў.

Не можа  ніяк прызвычаіцца,
Як трэба да кожнага ставіцца.
Яе абступаюць катэджамі,
Нібыта вартоўнымі вежамі.

Застаўлена джыпамі вуліца.
Пратэктары іх не малююцца.
Тут думкам балюча і горача –
Глядзіць на людзей яна з горыччу.

Раней ёй усе былі роднымі:
Садзілі ля хатаў тут яблыні.
Сады сёння сталі не моднымі,
А рукі ў вяскоўцаў – вялымі.

Той вуліцы крыўдна і сорамна,
Што знікла ля хатаў тых ворыва.
Ёй хочацца выгукнуць:
 – Гора нам
Ад вашага бруднага горада!..

1995



АДДАНАСЦЬ

Я думкаю жыву для Беларусі:
Дзялюся з ёю шчырасцю душы,
Каб мары дзён у цемры не пагрузлі,
Каб вершы нараджаліся ў цішы.

Адданы ёй і сэрцам, і душою –
Мне без яе не бачыць тых дарог,
Што журавы праклалі над Ушою
На шляху дзён, што я ў душы збярог.

Шкада, – любові сёння не хапае , –
Зніякавела шчырасць, дабрыня...
Стамлёны час магілы нам капае,
Каб новы верш вясной не набрыняў,

Каб дрэва дзён не распусціла лісце,
Не зашумела подыхам вясны,
Дзе мы былі шчаслівыя калісьці,
Дзе сны надзей віталі нашы сны.

2006



УСПАМІНЫ  ДЗЯЦІНСТВА

Памяць квеценню белай каліны
Ўскалыхнула пачуцці мае:
На абрыве гадоў – успаміны
Дзён мінулых, дзе думкай сталеў.

Усміхаецца раніцы вёска –
У буслянцы клякочуць буслы.
Ззяюць пацеркі дзён на бярозках
Пазалотай квяцістай вясны.

Ля старое калгаснае кузні
Балакея* кувалда звініць.
Мае думкі ў тых гуках пагрузлі –
Вырываецца з памяці ніць.

Мне на нітцы вузлоў не разблытаць,
Не вярнуць тых дзядоў і бабуль,
Што спявалі і сеялі жыта,
Засланялі Радзіму ад куль.

Не знайсці той маленькае хаткі
Цёткі Надзі, што лёс пражыла
І мяне ўзгадавала на градках,
Каб расла маіх дум збажына.

*Балакей – мянушка вясковага каваля Пятра Клеўжыца.

2012



ВЯСНА  І  ПЧОЛЫ

Затравеў каля рэчкі мурог,
Дзьмухаўцамі ўсміхнуліся хвалі:
Каля весніх сцяжын і дарог
Свае песні чмялі заспявалі.

Абудзілі палескі мой край
Працавітыя, дбайныя пчолы –
Гэта дзядзька Святы Мікалай
Іх паклікаў на сход свой вучоны.

Колькі трэба нектару таго
Перанесці ў гудлівыя соты,
Каб задобрыць людзей і багоў
І пасеяць у вуллях усходы?

Вось чаму так спяшаюць яны
Дзень за днём на лугі і пагосты:
Бо зрабіць трэба мёд да зімы –
Шлях пчалінай навукі няпросты.

2012



*  *  *

Калi Хрыстос уваскрос у душы –
Трэба ў царкве малiцца.
Ведаю я – яе крыжы
Абмiне навальнiца.

Калі Хрыста хто з вас прадаў,
Вы прадасце i мацi.
Толькi чакайце: хутка бяда
Будзе i ў вашай хаце.

Я ж памалюся за ўсiх святых
I акраплю вадою
Хаты забітых, магілы тых,
Хто не вярнуўся з бою;

Хто за Радзiму, за мацi сваю,
Бiўся з апошніх сiлаў.
Я на каленях сягоння стаю
Ля вашых святых магiлаў.

Ведаю, продкi, вы бачыце ўсё.
Дык адкажыце шчыра:
– Куды ж у заплатках стомленых дзён
Крочыць, брыдзе Айчына?

1992



ЦЫГАНІІ

Уся зямля – цыганская Радзіма –
На Сусветнай круціцца асі.
Ёй спыніцца нельга на гадзіну,
Ты яе аб гэтым не прасі.

Задрыжыць паветра галасамі,
Адзавецца ў лузе росным конь.
Нібы здань вякоў, агонь гайсае –
Несуцешны будучыні боль.

Ты мяне пакліч з сабою разам,
Млечны Шлях і трэск кастра ў начы –
Белы дым малюе ў небе вазу
Для духмяных кветак-аблачын.

У цыган адзіны шлях – дарога
І начнога неба хараство.
І кібітка, дадзеная Богам,
І начлег у полі ля кастроў.

1989



ЦЫГАНСКІ КОНЬ

Распрагаў цыган каня
Ля старога хутара.
А стамлёны конь стаяў
Ды з травою гутарыў:

– Ой ты, мілая трава,
Смачная, зялёная!
Каб не ты – даўно б сканаў,
Біў зямлі паклоны я.

Я два дні ў галоп скакаў,
Бо ўначы быў скрадзены.
Сярод неба, сярод скал
Лёсу быў аддадзены.

Мог памерці без вады,
Без травы мурожнае,
Ля кастра глытаў я дым
І хадзіў стрыножаны.

– Не бядуй так, мой сябрук!
Я таксама кволая,
Бо расту без ног, без рук,
Сіратою голаю.

Нахіліўся конь бліжэй
Да травы мурожнае.
Кажа: – Бог нас беражэ
Ўсіх за веру божую.

2013



РЭЧЫЦА

Сабіраў аднойчы рэчы цар
Ды згубіў свой крыжык на зямлі.
На тым месцы вырас горад Рэчыца –
На пагорках ён стаіць сямі.

А вакол – Дняпро, бы сымбаль нацыі
І зямлі, што веру зберагла.
Ганарацца беларусы працаю,
Бо яна ім выжыць памагла.

У часы панурыя, галодныя,
Што не грэлі вераю народ,
Рэчыца і Ветка сталі роднымі
Вернікам, што доўжылі свой род.

Стараверы Богу тут маліліся
Ля старых, счарнелых абразоў,
Каб з малітвай іх на глебу выліўся
Горада прыгожага назоў.

2015



ЗМРОЧНЫ  ЧАС

Над Айчынай плача змрочны час –
Ён прыхільнік здрады і вар’яцтва.
Тут агмень гісторыі пагас –
Новы распаліць усе баяцца.

Там, дзе думка вольная расла,
Там, дзе збожжа ў полі каласіла,
Дух майго народа ўваскрасаў –
Ад зямлі ён браў жыццёвых сілаў.

Мы жылі ўспамінамі падзей:
Памяць продкаў зберагалі ў сэрцах.
Сёння час да згубы нас вядзе –
Страціў ён сваю дарогу сэнсу.

Б’юць анёлы крыллямі ў званы:
– Людзі, азірніцеся наўкола!
Час вас нішчыць моўчкі, без вайны:
Нішчыць думкі, бы пасевы, колам.

Сталі мы ўсе сведкамі падзей
Вынішчэння сімвалаў і мовы.
Мы маўчым, а час народ вядзе
Да магіл, дзе верш не ўзыдзе новы.

І тады загіне родны кут
І не дасць паросткаў вольных глеба.
Я без веры хлеба не спяку –
Апяку паглядам вольным неба.

2010



НА  МІНСКІХ  ВУЛІЦАХ

На мінскіх вуліцах старых
Маўкліва свецяць ліхтары.
Тут позірк даўняе пары
Заваражыў усе дамы.

Мелодыю забытых дзён
Пяе стары, руплівы звон.
І рэха гулкае – бом-бом –
Тут залятае ў кожны дом.

І ад таго душы лягчэй,
Што з ім жыццё бруіць, цячэ…
Што падае надзею звон,
Што не маўчыць, спявае ён.

Я запрашаю ўсіх гасцей:
Вы прыязджайце ў Мінск часцей.
Тут думкам зробіцца чысцей
На ўсе гады, на кожны дзень.

1998



СЛОВА

У сэрцы набрыняла слова –
Яно, бы зерне, прарасло.
Бо слова – дабрыні аснова:
Зямнога шчасця хараство.

Яно вартуе нашу мову
Калоссем выспелым жыцця.
Яно вядзе да думак новых,
Дзе ёсць гісторыі працяг.

Той, хто пачуў аднойчы слова,
Крануўся моўнай дабрыні,
Таму за родны край не сорам,
Бо словы ў вечнасць пабрылі.

А думкі ў сэрцы граюць сола,
Яны ўзлятаюць да нябёс.
Калі прамовіць гучна слова,
Яно зямлі аздобіць лёс.

Мы ўсе адказ нясём за слова
І мовы роднай чысціню:
Ад нараджэння і да скону
Я слова кожнае цаню.

1995



ВАЎКАЛАК

Завыю ўночы ваўкалакам,
Каб здрыгануўся ўвесь Сусвет,
Каб кожны вораг мой заплакаў,
Бо ваўкалакам стаў паэт.
“– Вось ён, глядзіце, перад вамі
Бяжыць, ламаючы сукі.
Ну, што ж вы здзіўленыя сталі? –
Забіце здань, вазьміце кій!
Інакш ён не даруе здрады,
Ганіце ў кут яго! – Ату!
І камянёў халодным градам
Забіце здань”, – сказаў пастух.
А ваўкалак з апошніх сілаў
У лес памкнуўся напрасткі.
Сабакі рвалі скуру, спіну
Краналі ікламі бакі.
І ногі, збітыя аб голле,
Хісталі сілу, волю, дух.
Упала здань – і шэрым полем
Пакрочыў стомлены пастух.
Зірнуў назад –
І ваўкалакам
Завыў на ўвесь здзічэлы свет:
За што такая мне падзяка?
Не ваўкалак я,
А – паэт.

1992



ПАЭТАМ

Няхай праменьчык веры грэе думкі
Для тых, хто славіць вершам родны кут,
Хто адчувае сэрцам тыя гукі,
Што свет аберагаюць ад пакут.

Паэтам, браце, трэба нарадзіцца,
Каб чуць зямлі дыханне і спадзеў,
Каб выказаць, аб чым пяе крыніца,
Хістаючы лілеі на вадзе.

І толькі той, хто словы тыя чуе,
І ёсць сапраўдны сын сваёй зямлі.
Яго душа пад зоркамі начуе,
Што веру ад вытокаў узялі.



ЗОРКА АЙЧЫНЫ

Не жыву, а выжываю,
З цела жылы вырываю.
Доўга крочыў да Айчыны,
А яна збягала прэч.
Бо Айчына, быццам зорка,
Зроку блізка і – далёка…
Не крануць яе рукою,
Не ўтрымацца за яе,
А душы няма спакою,
Хто ж ёй песню прапяе?
Ды такую, каб пачулі
Зоркі іншыя яе.
Ляцяць гукі да матулі:
Мама, слухай, сын пяе!

Ты ж калісьці мне казала:
Лёс любі, шануй жыццё…
А яно святлом вакзала
Вочы коле, бы асцё.
Я ж хацеў святла другога,
Я ж хацеў заўжды служыць
Для Айчыны, бы для Бога,
А яна бяжыць, бяжыць…
І куды дарога тая
Зноўку выведзе яе?
Мама, слухай, сын спявае
Песні вольныя твае.
Мне без волі шлях не мілы,
Без яе жыццё – пятля.
– Мама!
Чуеш?
Дай мне сілы
Асвятляць твой шлях здаля.

2006



ТВОРЦАМ

Дзе ж вы, новыя Купалы,
Палуяны, святары?
Хто залечыць душаў раны
На айчынным алтары?

Хто замоліць грэх паперы
І напіша новы верш –
Прыцягальны, вольны, верны
Для зямлі сваёй найперш?

Беларусь згасае свечкай…
Дзе ж вы, верныя сыны?
Вашай думкай паляць печкі,
Каб не рухнуў дом сыры.

Вашым словам нішчаць мову.
Маўчыцё? – Маўчаць прасцей.
Вы знайшлі ў маўчанні схову?
З вас маўчанне й прарасце:

Пустазеллем,
Пустазвонствам,
Валунамі курганоў,
Дзе зямля, бы дзікі востраў,
Без людзей і без званоў.

Тут жывуць ідэй манкурты
Без сумненняў, без надзей…
Я ж свае зрываю путы,
Крочу сам у новы дзень.

Мо калі яго й сустрэну
Жабраком сівых дарог,
Па якіх я крочыў з верай,
Да якіх любоў бярог.

Бо, калі дарогі тыя
Раптам выкрасліць з жыцця –
Сэрца ўсёй зямлі астыне,
Страпянецца, бы дзіця.

1995



Я  НЕ  ПАЭТ

Я не паэт.
Я звычайны чалавек.
Я нават не ўяўляю,
Як складаюцца вершы
І калі прыходзіць натхненне.
Аднак мне ўдавалася іх запісваць
Ноччу. Калі спачывалі паэты,
Калі шапталіся зоркі
І анёлкі дакраналіся да зямлі.
Я не паэт.
Я звычайны паляшук,
Які занатоўвае вершы,
Што прылятаюць з нябёсаў.
Я не паэт.
Проста думкі мае заблукалі
Там, дзе губляецца час,
Дзе нараджаюцца зоркі,
Дзе спачываюць анёлкі.

1996



СЯБРАМ

Я свой сярод чужых.
Чужы сярод сваіх.
На сэрцы дзве мяжы
І шнары два ад іх.

Такі, відаць, мой лёс –
Сябе ў жыцці шукаць
І ў акіяне слёз
Сяброў сваіх гукаць.

Ды толькі ўсе яны
Ў зямлі сырой ляжаць.
Няма ў тым іх віны,
Што жыта трэба жаць,

Што сонца на дварэ
Калоссямі звініць
І што на голлі дрэў
Павук звівае ніць.

Жыццё цячэ без тых,
Хто марыў аб жыцці.
Разведзены масты –
Няма куды ісці.

2004



МОЙ  ЛЁС

Мой лёс, вярні мне ўсё, вярні,
Што я згубіў, што ты ў мяне забраў.
Ты не судзі мяне і не гані, –
Я сам сябе забіў. Я заблукаў.
Я не паэт,
Я – сведка твой нямы.
Я ад зямлі,
Ад лесу
І ад неба.
Я ўсё аддам без прыкрае маны,
Я раздзялю з табой кавалак хлеба.
Бо ты мне даў
Жыццё,
Святло,
Айчыну…
Няхай яна жабрачка ў лахманах –
Брыдзе адна,
Шукае ў цемры сына,
Пазногці аббівае на нагах.
Ты, браце, глянь у вочы ёй з даверам.
Яна – твая cястра,
Сяброўка,
Маці.
Яна – тваіх надзей святая вера,
Анёл жыцця, які прыносіць шчасце.

1994



ПАГАНСКІ  КАРОЛЬ

Стралою маланкі працятае дрэва Сусвету.
Агністыя пальцы сціскаюць паранены ствол.
Паганскі кароль у парыве шалёнага ветру
Прарочым агнём карануе Радзіму, планету,  –
Дае ёй магчымасць спасцігнуць сваё хараство.

Агонь – гэта смерць. Але ж і агонь – нараджэнне.
Дваістасць агню зразумела сягоння не ўсім.
Агонь – гэта словаў і думак зямных абуджэнне,
Агонь – пацвярджэнне прыродай закладзеных сіл.

Не бойся агню! Агонь – прарадзіма планеты.
Агонь загартоўвае нашай адвагі мячы.
Я вершы палю, бо агонь нараджае паэтаў,
Каб сілай стагоддзяў душэўныя раны лячыць.

1998



МАТУЛІ

Мама,
твае вочы
пазіраюць на мяне
з вышыні беларускага неба.
Мама,
твае шчымлівыя думкі
я саграваю і нясу
ў сваім сыноўскім сэрцы.
Мама,
твае жыццёвыя турботы
заўсёды хвалююць мяне,
бо калі б не ты –
я б ніколі не ўбачыў
прыгажосці сваёй зямлі,
не прысвяціў табе гэты верш,
не зведаў душэўнага спакою,
спагады і любові.
Мама,
я ўдзячны табе за тое,
што ты ў мяне ёсць.
Бо слова “мама” –
самае прыгожае і найдаражэйшае
з усіх слоў,
якія мне
давялося чуць на зямлі.
Ад яго сыходзіць
душэўнае цяпло
і дабрыня.
З ім хочацца жыць,
любіць, кахаць,
марыць аб вечным
і заўсёды памятаць пра цябе.
Бо ты ў мяне самая мудрая,
самая прыгожая, самая шчырая,
самая любімая:
мая мама.

2016




СЕЙБІТ

Я на паперы сею слова,
Як сеюць жыта на раллі.
Каб прыгажэла наша мова –
Святло я думкаю праліў.

Расці пад зоркамі і сонцам,
Жывіца думак і надзей!
Няхай цябе мінуе стронцый,
Абыдзе бокам хмуры дзень.

Квітней вясёлкаю, красуйся
Калоссем выспелых надзей
На ніве дзён, дзе белы бусел
Вітае клёкатам твой дзень.

Мы песцім словамі надзею,
Бо ў словах – мовы нашай код.
Мы іх, бы хлеб, пароўну дзелім,
Каб гучна крыкнуць: мы – народ!

2006



МАЛІТВА

Калі Айчыне асляпілі вочы,
Звязалі рукі ланцугом дарог,
Яна брыла адна праз цемрадзь ночы,
Малілася, каб Бог народ збярог.

А Бога не відаць – яна ж сляпая.
Вярні ёй, Божа літасцівы, зрок.
Яна нагамі босымі ступае
Па камянях… І так – за крокам крок.

Куды ідзе? – сама таго не знае.
Ніхто не даў гаротніцы руку.
Яна, сляды крывавячы, ступае,
Бы вышывае лёс на ручніку.

О Беларусь! – такою цябе бачыць
Я не хацеў ніколі, далібог.
Не ведаю, чым мне табе аддзячыць,
Як нам знайсці адну з усіх дарог,

Якая ўвесь народ мой шматпакутны
Да веры, да сумлення павядзе...
Скажы мне, Божа,
Ты ж усемагутны,
Куды Айчына босая ідзе?

1998



МАРА  ПАЭТА

Я ў неба прашу – дай мне крышку свабоды:
Мараў узнёслых, ліхіх...
Вершаў чуллівых, думак народных,
Што ўюцца, бы дым з-пад страхі.

Мне не патрэбны замежныя песні –
Мне дастаткова сваіх:
Тых, што спяваюць шпакі напрадвесні,
Каб мы ўлюбляліся ў іх,

Каб шанавалі свой край беларускі –
Мову, звычаі яго...
Тое, што ўзорам вышыта вузкім ,
Кодам у сэрцы лягло.

Дзе ты, кашуля? – жыцця вышыванка! –
Вобраз надзеяў і кроз...
Ці не цябе апранаў хлопец Янка,
Свой выбіраючы лёс?

Ёсць на кашулі арнамент свабоды,
Вобраз Айчыны маёй;
Позірк матулі, дзядоў маіх подых,
Жаўранка спеў над зямлёй.

2004



ХАЛОДНАЕ  ЛОГАВА
Чарнобыльская балада

Богам кінутая Айчына
Раны цела свайго лячыла.
Не гаючым духмяным зеллем,
А чарнобыльскім горкім семем.
Прыкладала да цела рукі.
Пазірала стамлёна ў вочы.
Вымаўляла нямыя гукі,
Быццам дыхала ў твар па-воўчы.
Я глядзеў – сам сабе не верыў:
Як падобна яна на звера,
На ваўка, што я быў параніў,
Не знайшоў, – памаліўся ў Храме,
Запаліў і паставіў свечку.
Але ж воўк праз пакуты болю
Перамог мяне…Значыць, здолеў
Даказаць, што ён прагне волі,
Я ж канаю на родным полі.
А ён ліжа на сэрцы раны:
Гэты ж воўк быў не мной загнаны
І не вокам маім абраны,
Ды чарнеюць на целе плямы.
І паўночная ў небе зорка
Дагарыць, не пачуе енку.
Не завые мацёры зноўку –
Чорны боль запарушыў зрэнку.
Доўга выла ваўчыха ў лесе,
Бы вар'ятка між дрэў блукала.
Быў падобны той плач на песню,
Але ж песня ваўка забрала.
Ваўчанятам патрэбна ежа.
Як адной заганяць здабычу?
Голад – гэта драпежнік першы,
Куды хочаш цябе пакліча.
Той чарнобыльскі лось – не першы,
Хто да Прыпяці йшоў марудна,
Каб папіць і паход завершыць,
Бо ісці было цяжка, трудна.

Распаўзаліся ў багне ногі,
Да зямлі апаўзала цела.
Па-ваярску глядзелі рогі
На ваўчыху, што йшла нясмела
І… ў рашучым скачку насцігла
З сілаў выбітую ахвяру.
Упіваліся ў горла іклы,
А вятры наганялі хмары.
І ў далёкім, ваўчыным лесе
Крапаў дождж на малых ваўчанятак.
І, здавалася, ўсё Палессе
Было плачам дажджу працята.
О, Дажбог, што ж ты льеш атруту
На ваўчыны сірочы вылаз?
Гадаваўся на тым ігрышчы
Бацька-воўк, калі з хаты вылез.
О, Дажбог, што ж паслаў ты дзецям
Смерць не бачную воўчым вокам?
Глянь, як дыхае цяжка вецер,
Як ваўчыха спяшае скокам
У нару, што жыццём прастыла…
Што ж рабіць ёй адной на свеце?
Доўга плакала. Цяжка выла.
Дождж кляла, што ваўка памеціў.
Чуўся плач той па ўсёй планеце
Спусташонай вачамі неба.
Захацела дзяцей сагрэці,
Ды сама зледзянела ў рэбрах.
Не пачула, як сэрца стала,
Як уздрыгнула шэрай поўсцю…
Мне здалося – ваўчыха спала,
І не бачна было ў ёй злосці.

1991



МАРА

Верш прысвячаецца адкрыццю дзявятай планеты, якая, па меркаванню амерыканскіх вучоных, існуе ў Сонечнай сістэме

Шукалі, думалі, гадалі –
Яе ніхто знайсці не мог.
Яна нібы вада ў стакане,
Якую п’е і смокча мох.

Яна хавалася за сонцам
І пазірала на людзей.
Але хавацца так бясконца
Не можа час, не можа цень.

Адлюстраваннем нашых твараў
Яна глядзіць на нас з вады:
Планета з дзіўнай назвай Мара
Зямлі падлічвае гады.

Яна даўно сябруе з Марсам
І абыходзіць бокам тых,
Хто свой батон намазаў маслам,
Ды не наліў сабе вады.

Яна на дзіва ўсім існуе:
Планета з думкамі зямлі.
Там мары нашыя паснулі,
Бы дзеткі родныя ў сям’і.   

Хтось скажа – верш твой не па тэме.
Я прамаўчу – на ўсё свой час.
Яна, дзявятая ў сістэме,
Сярод васьмі чакае нас.

2016



ЛЯЦЕЛА  ПЕСНЯ  ДА  АБЛОКАЎ

Ляцела песня да аблокаў,
Вясёлкай радаваўся дзень.
Над лугам лётаў авадзень –
Ляцела песня да аблокаў.

Плылі вяночкі па вадзе,
І стракатала штось сарока –
Ляцела песня да аблокаў,
Вясёлкай радаваўся дзень.

2000



ЗАВІРУХА

За акном правіць баль завіруха –
Плача, вые, скуголіць падвей.
Сыпле з неба то пер’ем, то пухам,
Каб сагрэцца ў час лютых завей.

Лес ахутаўся белай хусцінай –
Задуменна чакае вясны,
Каб паклікаць у госці гасцінна
І расквеціць зімовыя сны.

Каля плота сумёты, бы хвалі,
Што застыглі ў бягучай красе.
Люты нораў зіма не хавае,
Яна ў небе пярыну трасе.

2014



ВЕЦЕР

Вецер.
Вецер.
Вецер.
Вецце,
Вецце,
Вецце
Да зямлі хінецца.
Б'ецца.
Б'ецца.
Б'ецца,
Нібы маё сэрца,
Што шукае сэнсу.

1997



ВАЗЬМІ  МОЙ  БОЛЬ

Вазьмі мой боль –
Прымерай да сябе
Радзімы спеў,
Што неслі птушкі ў вырай.
Вазьмі мой сон,
Дзе сейбіт на сяўбе,
Дзе мара дзён
Ваўчыхаю завыла.

Трымай яго
Мазолістай рукой,
Каб не пакінуў сон
Твайго сумлення межы,
Каб не парушыў ён
Начны спакой
Тае зямлі,
Якой мы ўсе належым.

Тут нашых дзён
Пасеяны палі.
Тут продкаў дух
Жыве ў лясах і пушчах...
А боль Айчыны –
Толькі напамін
Аб тым, што сон
Калісьці быў відушчы.
2002



МОВА
 
Вырастала маладой атавай,
Абмывалася духмянай расою
Мова мая.
Гэта ёю ў шлях бласлаўлялі,
Сустракалі з хлебам i соллю
I дзякавалi.
Бо толькi моваю можна адужаць
Чэрствасць i хцiвасць,
Хамства i безкультур’е.
I пакуль налiваецца колас
Сакавiтасцю роднай глебы,
Мова – мой дужы голас –
Ён усім людзям трэба.

2000



ВОЛЯ  І  ЛЁС

Паэзія – мая труна
І плач па родным краі.
Мой лёс напяты, бы струна –
На ёй я песні граю.

А песні тыя пра вясну,
Аб нашай з вамі долі.
Яе ў душы я вам нясу,
Брыду з вясной па полі.

Спяваю чайкам пра ваду
І белыя азёры.
Складаю песні на хаду –
Мне іх шапочуць зоры.

Я ноччу думаю аб тым,
Як жыць далей на свеце.
Мне песень тых зямны матыў
Пяе крылаты вецер.

Гучыць еапятая струна
На сэрцы Беларусі.
Яе я сёння не кранаў –
Укралі мае гуслі.

Сустрэнуць чайкі ля вады
Мяне, нібыта брата,
І заспяваюць той матыў,
Што з воляй лёс сасватаў.

2012



ДУМКІ  ПА  ДАРОЗЕ

Ад Смаленска да Масквы – снег.
Зноў у Мінску льюць дажджы – смех.
Пераблытала зіма дні –
Бы грыбы, растуць наўкол пні.

Каля Вязьмы сеў спачыць дзень.
Ён не кіне на зямлю цень.
Перакрэсліла зіма лёс –
Гіне лес, што да нябёс рос.

Сохнуць ёлкі на вачах дзён.
Хтосьці ўсю кару на іх здзёр.
А вучоныя маўчаць зноў.
А з маўчання прарасце зло.

2015



ВОСЕНЬ  У  ПАРЫЖЫ

Падняў свой крыж,
Пайшоў па той дарозе,
Дзе вера па-над лёсам узышла.
Маўчаў Парыж –
Там пазалоты восень
На глебе дзён прыстанку не знайшла.

А тое лісце, што яшчэ вісела,
Хацела над Парыжам пакружыць:
Над Эйфелевай вежаю і Сенай,
Ля храмаў тых, дзе свяцяцца крыжы.

Настрой той не адчулі парыжане –
Замкнёны мір не даў убачыць ім,
Як ліст апаў, як страпянуўся з жалем
Пад ім усходні, вытканы кілім.

2014



ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ

Кажуць – свет прыгажосць уратуе.
Я iначай лічу – дабрыня...
Той, хто сэрца дабром загартуе,
Дачакаецца светлага дня.

Добрых спраў мой народ не забудзе,
Покуль вера жыве ў дабрыню,
Покуль ёсць на зямлі тыя людзі,
Якіх я і цаню і люблю.

То яны нам расплюшчвалі вочы
І казалі, куды нам ісці,
Калі ў восеньскім прыцемку ночы
Мы гублялі надзею ў жыцці.

Яны шлях дабрынёй асвятлялі,
Вырываючы сэрцы з грудзей,
Каб зіхцелі вясёлкай каралі
Пуцявін, да якіх мы ідзем.

2011



КОЦІКІ

На вярбе распусціліся коцікі.
Ручаём заспявала вясна.
Хтосьці думкай завёў тыя ходзікі,
Каб яна зелянела, расла.

Яшчэ снег зіхаціць на праталінах,
А вясна ўжо гукае здаля
І махае хусцінаю мамінай,
Каб убачыла цуда зямля.

Наламаю галіначак коцікаў,
Пах вясны маме ў дом прынясу –
Хай пагрэюць у хаце жывоцікі
І ў акне заспяваюць вясну.

1976



СТУДЭНТЫ  НА  БУЛЬБЕ

З сівога попелу кастра,
Што дагараў уночы,
Я бульбы печанай дастаў
Чарней, чым мае вочы.

Нібы жанглёр, кручу яе,
Як круцяць мячык дзеці.
Хто бульбы печанай не еў –
Лічы, не жыў на свеце.

Мае студэнцкія сябры
За ўсім працэсам сочаць,
А бульба пахне на двары
Вуголлем зорнай ночы.

Макаю я вячэру ў соль,
Нясу яе да рота...
І тут прайшоў у хлопцаў сон –
Пайшла кіпець работа.

Знайшліся хуценька гуркі,
Цыбуля, кроп і сала...
Павесялелі сябрукі
Пасля вячэры ўдалай.

1990



БАБКА-ФАНАТКА

Дзед бабулі падарыў
На хакей білеты.
Шле бабуля з той пары
Любаму прыветы.

Дзе каманда, там яна –
Дзед адзін карпее.
Трэці дзень баліць спіна
Ад таго хакею.

Трэба свінням наварыць,
Падаіць кароўку.
А бабулі гаварыць
Пра свой боль нялоўка.

Навучыўся дзед Макей
Сам пячы аладкі.
А ў бабулі ўсё о’кей,
Бо яна ж фанатка.

2012



МУДРЭЦ

Аднойчы я запытаўся ў будысцкага мудраца аб тым,
што важней: прыгажосць знешняя,
ці прыгажосць унутраная?
Ён акінуў мяне позіркам,
І амаль не задумваючыся, адказаў:
– прыгожы знешне чалавек хутка пастарэе,
і на ягоным твары з'явяцца змаршчыны,
а прыгажосць унутраная
такой і застанецца,
бо яна паяднаная з душой
і непадуладная часу.
Цяпер я разумею,
чаму дасведчаныя людзі часта кажуць,
што мудры той,
хто на памылках іншых вучыцца,
хто ўзбагачае памяць сваю тымі ведамі,
што ўпрыгожваюць яго душу.

1998



***
Хтосьці выцер ногі аб ману,
Распаліў ад заедзі кадзіла –
Там, дзе Маці Боская хадзіла,
Пагубляла пацеркі Радзіма
І паклала дзетак у труну.

Згасне з імі вольнае жыццё,
Прага жыць па-чалавечы ў свеце.
Завывае ў скрусе дзікі вецер:
Што пакінем мы нашчадкам, дзецям,
Хто распаліць вечнасці касцёр?

Прамаўчыць прыгнечаны народ,
Што даўно сваёй адрокся мовы:
Пасхілялі вернікі галовы –
Сярод іх святар застаўся голы
Ды быллём парослы агарод.

2014



БАЦЬКАЎ  ЗАПАВЕТ

За мову родную, за бацькаў запавет
Любіць і шанаваць сваю Айчыну
І на зямлі сваёй пакінуць след,
Каб ён свяціў нашчадкам, бы лучына,
Сягоння я гатовы ў бой пайсці.
Я ведаю –бяда мой лёс мінуе,
Бо сэнс я кнігі вечнае спасціг
Якую бачыць зрок і сэрца чуе.
Я крочыў па траве і па расе,
Шукаў працяг дарог у цемры ночы.
Стаміўся... На хвіліначку прысеў
І паглядзеў сваёй Айчыне ў вочы.
А там – цнатлівасць чыстае красы,
Блакіт нябёс, дзе кружыць белы бусел.
Там ткуць дзяўчаты лёсу паясы
І пішуць: падарунак з Беларусі.
Я ведаю – Айчына будзе жыць,
Пакуль жывуць яе рупліўцы-дзеці,
Хто вераю і праўдай даражыць,
Хто за яе адказ трымае ў свеце.
Калі не з ёй, то з кім тады ісці
Да тых дубраў, да ніваў, да палеткаў,
Да мудрасці, якую ты спасціг,
Калі араў зямлю сваю падлеткам?
Калі не з ёй – тады навошта жыць?

2014



ЖЫЦЦЁ  ПРЫСВЯЧАЮ  РАДЗІМЕ

Жыццё прысвячаю Радзіме:
Малюся ёй вершам, жыву…
Мой лёс без яе недзялімы,
Бо кім буду я без Радзімы? –
Яе ж я люблю, бы жану.

З Радзімай смяюся і плачу,
Сталею з ёй разам штогод.
Сябе без яе я не бачу,
Бо ў ёй адшукаў сваю Начу,
Што бег пачынае з балот.

Тут думак крыніцы, азёры,
Павольныя рэкі, бары…
Тут песень світальныя зоры
Як бульба, кладуцца ў разоры,
Каб радасць народу дарыць.

Радзіма! – Табе прысягаю
На вернасць сваю і любоў.
Я сын твайго белага краю,
Што хтосьці назваў вечным раем,
Бо талентаў тут, бы грыбоў.

1994



КРУГ ДРУГІ:



СВЯТЛО ПАЧУЦЦЯЎ ДА ЦЯБЕ


ТАБЕ

Твае вочы – вясновыя кветкі,
Неба сінь, ціхі плёскат вады.
Я патрапіў у іх, нібы ў клетку:
Мне цяпер ні туды, ні сюды.

А на сэрцы спакой і лагода
Ад пагляду твайго, ад цяпла…
І такая ў душы асалода,
Нібы знікла між намі сцяна.

Б'ецца сэрца… Разбуджаным птахам
Вырываецца з кратаў грудзей.
Мне жыццё без цябе, нібы плаха.
Без цябе не патрэбен мне дзень,

Бо ў вачах тваіх – кветкі і сонца,
Неба сінь, ціхі плёскат вады…
Я з вачэй тваіх чэрпаю моцы
І лічу свайго шчасця гады.

2009



МАЛЮНАК

Я малюю свой лёс
У квадраце надзей:
Твой ласкавы пагляд,
Мой расквечаны дзень…

Гэта думак вясна
Ахінула спакой.
Ты была ў маіх снах.
Я быў побач з табой.

Весніх дрэў парасон
Сцёр між намі мяжу.
Дзе тут ява, дзе сон,
Я цяпер не скажу,

Бо прыдумаў цябе
Я ў парыве душы.
Што з малюнкам цяпер
Мне рабіць адкажы.

Веру – ты дзесьці ёсць,
Трызніш гэтак, бы я,
Улюбёны мой госць,
Лебедзь мараў мая.

Ты ляці па жыцці
Праз расквечаны май
І ў палёце раўней
Свае крылы трымай.

2002



ВЕЧАР ЛЯ НАРАЧЫ

Па-над Нараччу вечар.
Па-над соснамі – ціша.
Маладзік, нібы ў вечнасць,
Ёй лісты свае піша.

Па-над Нараччу думкі
Шапацяць чаратамі.
Тыя дзіўныя гукі
Нас з табой апанталі.

Мая мілая Нарач!
Ты зямлі маёй сэрца.
Ты – надзея і мара,
Што з нябёсаў ліецца.

Я з каханай у лодцы
Твае думкі чытаю,
Дзе схавалася сонца
Майго любага краю.

А над Нараччу зоркі
Баюць сны да світанку
Чыстым голасам звонкім,
Бы мелодыя ранку.

2015



ТРЫЯЛЕТ

Ты помніш першае спатканне,
Якое падарыў нам лёс
Ля кронаў восеньскіх бяроз?
Ты помніш першае спатканне –
На небе зоркі і мароз,
І поціск рук на развітанне…
Ты помніш першае спатканне,
Якое падарыў нам лёс?

1987 г.



СШЫТАК  ПАМЯЦІ

Я сшытак памяці гартаю,
Дзе прыпыніў дыханне час,
Дзе думка птушкаю ўзлятае
І з вышыні глядзіць на нас.

У сшытку гэтым успаміны:
Маё каханне да цябе
І твой партрэт вясновы, мілы,
Што маладзейшым стаў цяпер.

Юнацкіх дзён кароткі дзённік
Глядзіць з усмешкай на мяне.
Гады старонак не зацёрлі,
Іх памяць сэрца не міне.

Пачуцці тыя – бы пячатка
На думках, лёсе і душы :
Кахання першага пачатак
Старонкі думак закружыў.

1996



КАХАНАЙ

На руках цябе буду насіць
І кахаць, як кахаюць паэты.
Ты ў мяне ўсё, што хочаш прасі –
Я ж праменнем любові сагрэты.

Хочаш, буду мужчынам тваім,
Хочаш, буду каханкам і мужам,
Каб каханне адно на дваіх
Расквітнела ў душы белай ружай.

Ты не бойся, краніся яе,
Ружа голкамі рукі не сколе –
З ёй душа аб каханні пяе,
Ахінае пачуцці спакоем.

Ты – мая, а я твой назаўжды.
Нам цвісці той усмешкай любові,
Ад якой зацвітаюць сады,
Каб было ў сэрцах радасці болей.

1983



ПАРТРЭТ

Ты п'еш віно і ў цішыні
Глытаеш дым ад цыгарэт.
Ты чуеш, як мінаюць дні
І нараджаецца паэт.

Ты пералічваеш сяброў,
І ўспамінаеш назвы рэк...
А ў маіх скронях б'ецца кроў,
Калі гляджу на твой партрэт.

1990



                А. 

Я Вас кахаю
I хачу,
Каб Вы былi
Заўжды маёю.
Да Вас я думкаю лячу
Як птушка з рук чужых на волю.
Я веру:
Зорны небасхiл
Агнём запалiць нашы сэрцы.
Хапіла б толькi слоў i сiл
Застацца верным Вам да смерцi.
I Вы,
Пакуль гарыць агонь
Нязгаснай жарсцi i кахання,
Прашу,
Застаньцеся са мной
На ўсё жыццё – або да рання.

1992 г.



ТРЫЯЛЕТ

Мне позірк твой ярчэй на свеце
За сотню позіркаў і кроз.
Калі нас зноў з’яднае лёс –
Мне позірк твой ярчэй на свеце!

Сягоння я лісток прынёс
І почырк твой на ім прыкмеціў:
Мне позірк твой ярчэй на свеце
За сотню позіркаў і кроз.

2006 г.



НАТАЛЛІ

Ты нават не ведаеш,
Як я ў цябе закаханы.
Ты нават не чуеш,
Як грае на струнах душа.
Каханне такое
Ніколі не будзе заганай –
Яно вырываецца з сэрца,
Бы куля з ружжа.

Яно ахінае спакоем
Надзеі і мары.
Яно заварожвае думкі
Сваім хараством.
Каханне, бы лекі,
Старыя залечвае раны:
Для двух закаханых
Нябёс адкрывае прастор.

Ты хочаш узняцца
І птушкай імчаць да аблокаў?
Ты хочаш убачыць
Таемную сутнасць жыцця?
Калі расцвітае душа –
Свет квітнее навокал.
І ты ціха крочыш па ім,
Бы да маці дзіця.

2011



ЛІТВІНЦЫ

Ты заплятаеш у касу
Літвінскі смех, літвінскі сум...
А я ў душы яго нясу
Ў сваю яскравую вясну.

Ты кажаш мне, што час мінуў,
Што я згубіў сваю жану:
Пайшоў літвінам на вайну –
Чужынцаў б'ю, вайной жыву...

А як вярнуцца з той вайны,
Калі наўкол звіняць званы?
Павер, маёй няма віны,
Што лёс сышоўся на віры.

Ён кружыць нас, бы жорны час,
Адчай у сэрцы не пагас.
Мы на вайне не першы раз
За родны край нясём адказ.

Калі ў баях акрэпне дух,
Я з той вайны дамоў прыйду
Да тых крыніц, да тых млыноў,
Дзе шчасце ў квецені плыло.

Не расплятай сваю касу,
Літвінскі смех, літвінскі сум.
Няхай убачыць свет красу
Тае зямлі, дзе час заснуў.

2014



ВОЛЬЗЕ ВЕЧАР

Кахаю Вас, кахаю
Што каханне,
Калі душа нясцішана баліць?
Калі любові першае дыханне
Не можа маё сэрца апавіць.

Чакаю Вас,
Чакаю,
А чаканне
З гадамі ўсё становіцца цяжэй.
Я думкі Вамі назаўжды параніў.
Я веру, лёс пачуцці зберажэ.

Гукаю Вас,
Гукаю
І шукаю
Ля дрэваў суцяшэнне і спакой.
Кахаю Вас
І думкаю вяртаю
Абцасаў стук
І позірк у пакой.

Магчыма, мы сустрэнемся калісьці
На скрыжаванні лёсаў і шляхоў.
Кахаю,
Каб душу сваю ачысціць,
Дзе знойдзе месца вечная любоў.

1990



РУЖА

Ружа сэрца мне працяла цернем,
Бо я моцна кветку палюбіў:
Накалоў іголкаю на целе,
Кроў-расу да вуснаў прыгубіў.

Красавала ружа, бы жывая,
Кожны дзень шыпы яе раслі.
А яна мне ў вочы пазірае,
Думае, што боль я той прысніў.

Я ж цярпеў яго з апошніх сілаў,
Усміхаўся ружы, як раней.
Думаў, як памру, дык у магілу
З кветкай будзе класціся спраўней.

Адабрала ружа мае сілы,
Напілася свежае крыві,
Каб вачам здалося неба сінім,
Каб душа кружляла ў ім тры дні.

Калі што – мне не дарыце ружы –
Лепш рамонкі, жыта, васількі…
З імі цёпла будзе мне ў час сцюжы –
З ружай я ж вянчаны на вякі.

2011



КУПАЛЬСКІ  ВЯНОЧАК

Я жыццё без цябе
Не ў’яўляю,
Як радасць без песні.
Мне жыццё без цябе –
Як дарога,
Што ў цемру вядзе.
Твае плечы трымаю,
А ранак
Удумлівы,
Весні,
Пасміхаецца маем,
Плыве туманом на вадзе.

У купальскую ноч
Мае думкі зліюцца з ракою:
І з цячэннем надзей
Паплывуць
У расквечаны дзень.
Там ты ўбачыш вяночак
І выхапіш шчасце рукою,
І адчуеш, як сэрца
Заб’ецца шчымліва ў хадзе.

Той вяночак падкажа
Каханай сляды і дарогі.
Ён паклікае сэрца туды,
Дзе купальскі агонь
Вырываўся з грудзей,
Каб загінулі боль і трывогі,
Каб купальская ноч
Ахінула пачуцці людзей.

2014



ГІМН  КАХАННЮ

Хваляў шэпт ля белае лілеі:
Ш-ш-ха, ш-ш-ха.
Нёман ад красы яе святлее,
І відаць адразу – пакахаў.

На вяршынях хваль яе гайдае,
Абдымае шыю, валасы…
Белая, каханая, святая –
Прыгажуня сонца і вясны.

Дорыць ёй вясеннія разлівы,
Сонца смех і месяца кругі.
І пакуль хапае ў хвалях сілы –
Граюць хвалі аб каханні гімн.

1990



АДЗІНАЙ

Халоднай ноччу і ў яскравы дзень
Я хутка крочу да цябе адзінай.
Зіхцяць лілеяў твары на вадзе –
Адлічваюць жыццёвыя гадзіны.

Любоў квітнее ў сэрцы, бы вясна,
Што выйшла красавацца на дарогу.
Яна ўспаміны ў сэрца прынясла
І засланіла квеценню трывогу.

На сэрцы радасць, шчасце і спакой
Ад пацалункаў і пагляду любай.
Зірні мне ў твар і думкі супакой,
Каб першая любоў не стала згубай.

Каб кожны дзень, што дорыць мне жыццё,
Імя тваё шаптаў падчас сустрэчы.
Каб не пагас распалены касцёр
Шчаслівых сэрцаў у вясновы вечар.

2012



ВЯСНОВАЯ СЦЕЖКА

Вясна дарыла нам усмешку,
Сушыла ветрам валасы.
А мы з табой вясновай сцежкай
Ішлі па лузе да вясны.

Ірвалі лотаць і пралескі,
Шукалі ў небе жаўрука.
Глыталі водар траў палескіх
І неслі песні на руках.

Хвіліны першага кахання –
Бы той гадзіннік завадны,
Што нас утрымліваў да рання
Ў палоне мар каля вады.

Нам асвятлялі ўночы зоркі
Сцяжыны, кветкі i палі.
І голас твой дзявочы, звонкі
Быў самы мілы на зямлі.

1992



СТРАЛА  ЛЮБОВІ

Сэрца разбіта на часткі
Вострай стралою любові.
Думкі трапляюць у пастку,
Звязваюць волю пятлёю.

Трэба ж было закахацца
Мне ў прыгажуню-дзяўчыну.
Трэба ж было запытацца
Вуліцу Янкі Лучыны.

Белых пялёсткаў завея,
Кружыць над намі каханне.
Словаў знайсці я не ўмею,
Каб разбудзіць яе ўранні.

Косы на белай пасцелі,
Бы залацістае жыта.
Лашчацца промні на целе
Фарбай вясёлкі размытай.

Ах, што за стан, што за вочы –
Проста мадонна, дый годзе!
З ёй не патрэбны і Сочы,
З ёю лагодна прыродзе.

Дзе б тады браліся словы,
Калі б не тое спатканне?
Позірк яе адмысловы –
Белых пялёсткаў дыханне.

2007



РАССТАННЕ  НА  ПЕРОНЕ

Сэрца мкне да цябе насустрач,
Адбівае хвіліны, крокі.
Скалыхнецца паветра вусціш,
І разлучыць нас шлях далёкі.

Памахаю табе рукою.
Надыходзіць наш час расстання.
Толькі сэрцу няма спакою,
Яно дыхае ўслед каханнем.

Адшукаю сяброўку-зорку,
Каб з табой была ўсюды побач.
Ты яе не губляй у змроку
І не зведай ніколі роспач.

Ёсць у шчасця хвіліны суму,
А ў расстання – вачэй сустрэча.
Толькі ты аб каханні думай,
Не губляй яго ў гэты вечар.

Грукат колаў бяжыць па рэйках,
А здаецца, што гэта сэрца
Разрываецца болем рэдкім,
У грудзях, бы ў закрацці, б'ецца.

Серабрыцца на дрэвах іней.
Заціхаюць начныя гукі.
А на шчоках тваіх застылі
Слёзы першай тваёй разлукі.

1991



ВОЧЫ ЗАКАХАНЫХ

Ты мне ўсміхнулася здаля
Тым сонейкам надзеі,
Якім здавён жыве зямля,
З якой мы радасць дзелім.

Усмешкі той яскравы дзень
Расцвіў на вуснах ночы –
Бы дзве лілеі на вадзе,
Зіхцяць каханых вочы.

Я з іх хачу надзею піць,
Як п'е ваду лілея,
Якая ноччу сонца сніць
І ў дзень спякотны млее.

Дзяліць з табою ноч і дзень
І ў радасці, і ў скрусе,
Каб мара светлая надзей
Жыла на Беларусі.

1998



ПАЦАЛУНАК

Пацалунак твой салодкі
Лёг пячаткай на шчацэ.
Калыхалі хвалі лодку
На разбуджанай рацэ.

Пацалунак твой мядовы –
Вусны з вуснаў п'юць нектар.
Травы хіляцца да долу,
Бы да крыжыка святар.

Распусціла сонца косы –
Чмель цалуе хмельны луг.
Зіхацяць на травах росы –
Абдымаюць нас удвух.

Песняй песціцца каханне –
Зіхаціць вачэй агонь.
Тваё цёплае дыханне
На губах маіх лягло.

2005



*  * *

Я хачу да цябе прыляцець
Вольным ветрам у дзень вясновы,
Дзе надзея ў вачах цвіце
І малююцца думак словы.

Я жадаю табе расказаць
Тыя сны, што шапталі зоркі,
Каб дарога мая назад
Не прапахла палынам горкім.

Забяры ад мяне енк і боль,
Дзе каханне ў агні пагасла.
Пацалункам мяне спатоль,
Каб душы стала светла, ясна.

Прагані ад мяне чорны сум,
Загаі маіх думак раны.
Я цябе на руках панясу
Па дарозе вясны да храма.

1997



ЯК  ХОЧАЦЦА  ВЕРЫЦЬ

Як хочацца верыць, што ў свеце існуе каханне.
Як хочацца бачыць палёт патаемнай пяшчоты,
Дзе сэрца спявае і ўздых захапляе дыханне
Ад самай высокай, прыгожай, таемнае ноты.

Калі цябе ўбачыў – зямля паплыла пад нагамі,
І сонца праменнем надзей асляпіла мне вочы.
Здаецца, што хвалі мой сум назаўжды развагалі,
Каб я да цябе па дарозе пачуццяў пакрочыў.

Калі хтосьці скажа, што так не бывае, не верце!
Дзівак той няздольны любіць і жыццём захапляцца.
Ён проста не бачыў лісты і паштоўкі ў канверце,
Дзе словы прызнанняў гатовы да долу схіляцца.

О, колькі тых словаў было! – не злічыць мне ніколі.
Мы разам з каханай ішлі па дарозе любові:
Каб нашы пачуцці не зведалі смутку і болю,
Любоў бераглі, каб было на зямлі яе болей.

1983



Я  РУКАМІ  ТВАІМІ  АБВІТЫ

Я рукамі тваімі абвіты,
Бы праменнямі сонечны дзень.
У кахання ёсць словы-малітвы,
Што ратуюць заўсёды ў бядзе.

У кахання ёсць сіла пяшчоты,
І праменьчык нязгасных надзей.
Сэрцы граюць на ім думак ноты,
Напаўняюць пачуццямі дзень.

Ён спявае на лузе і ў полі,
Ён гукае нас пахам вясны,
Каб не зведалі сэрцы нядолі
І спазналі прыгожыя сны.




КРУГ ТРЭЦІ



ПЕСНЯ ПАЛЕССЯ


МОЙ КРАЙ

Мой край лабелій і суніц,
Спатканняў і расстанняў,
Дзе ў косах белых навальніц
Звініць раса кахання.

Тут белых чапляў галасы
Плятуць Палесся гукі.
Мой край, я – твой адданы сын,
Мой боль – з табой разлукі.

І калі сум гняце парой,
Я ведаю, што трэба
Пайсці к табе, пабыць з табой
І падзяліцца хлебам.

Бо гэты хлеб, што я прынёс,
Рос на зямельцы мілай.
У ім – любоў, надзея, лёс,
Краса яе і сіла!

2002



ЛУНІНЕЧЧЫНА

Мая Лунінеччына
Богам не пешчана:
Рэкамі вымыта,
Войнамі вырыта.

Гукае да Століна
Плачам удовіным.
Сіняй пралескаю –
Песня палеская.

Вочы чаруе
І вусны цалуе
Спелай клубніцаю
Дрэбск з Азярніцаю.

Лахваю, Любанню
Край гэты любы мне.
Ланню і Прыпяццю
Любасць не выцвіце.

1993



ВОСЕНЬ НА ПАЛЕССІ

Атрасае восень жалуды,
Накрывае іх пажоўклым лісцем
І шапоча песень тых матыў,
Што гучалі на зямлі калісьці.
Распрануўся каля хаты вяз –
Адпачыць зімою хочуць дрэвы,
Каб вясна квітнела ў кожным з нас
Парасткамі той жыццёвай веры.

Кажуць: памірай, а жыта сей.
Так здаўна закладзена ў прыродзе.
Што б рабіў без веры Маісей,
Калі люд пустынямі выводзіў?
На пытанне будзе і адказ –
Вера загартоўвае абраных.
Каб яе спасцігнуць – трэба час.
Каб ачысціць душы – трэба храмы.

Вось чаму з маленькіх жалудоў
Волаты-асілкі вырастаюць.
Вось чаму ад вэлюма садоў
Зноўку ўваскрасае наша памяць.
Мы з прыродай знітаваны тым,
Што умеем думаць, дбаць аб вечным:
Сеяць жыта, каб жыцця матыў
Доўжыў род прыгожы, чалавечы.

2004



ПА-НАД ПРЫПЯЦЦЮ

Па-над Прыпяццю – белы туман.
Па-над рэчкаю – светлыя мроі.
Тут, здаецца, прырода сама
Спачывае ў святочным настроі.

Прыпяць-Прыпяць! – Не любіць цябе
Толькі той, хто любові не зведаў.
Здольна ты прытуліць да сябе,
Паімчацца за думкамі следам.

Для мяне ты нібыта сястра,
Што здалёку хусцінай махае,
Дзе пад поўняй начнога кастра
Прыпяць сны на вадзе калыхае.

Для мяне твой разгалісты дуб –
Вобраз таты майго задуменны,
Што глядзіць на жывую ваду,
Супакойвае Прыпяццю нервы.

А каліна ля белай вады –
Гэта мама мая – маладзіца,
Што спявае знаёмы матыў
І ў люстэрка ўспамінаў глядзіцца.

Чуеш, Прыпяць? – Палессе пяе!
Для яго ты – пачуццяў актава,
Што раскрыла ўсе ноты свае,
Туманамі гады прагартала.

2012



ВЯСНОВЫ ДЗЕНЬ

Вясновы дзень разлёгся на вадзе,
Ахутаў свае думкі туманамі.
Удумліва на неба паглядзеў,
Дзе хмары красавалі дыванамі.

Узор на іх не вышыты рукой,
А вытканы палескаю прыродай;
У ім спляліся вера і спакой,
Што дыхаюць вясной і асалодай.

Паразважаў, памарыў – і пайшоў
Туды, дзе Прыпяць з Ланню размаўляе,
Дзе глеба прарастае спарышом
І туманы над хвалямі люляе.

1996



РАСІНКА

Гляджу на яе,
I, здаецца,
Няма нiчога ў ёй асаблiвага –
Звычайная кропля вады.
Але толькi
Пачне ўздымаць свае крылы золак,
Яна зазiхаціць i засмяецца.
Якая прыгожая i чароўная гэтая ўсмешка!
Калі б людзi заўсёды
Ўсмiхалiся так адзiн аднаму,
Несучы ў сабе
Гэтую маленькую чысцiню святла i радасцi,
Як расiнка ўсмiхаецца новаму дню, –
Прыгажэйшаю
Стала б зямля.

1990



ДОБРЫ  ДЗЕНЬ,  ТАБЕ,  МАЁ  ПАЛЕССЕ

Добры дзень, табе, маё Палессе!
Добры дзень, ля Прыпяці лугі.
Хай салоўкі вам спяваюць песні,
Каб зямля не зведала тугі.

Ля вады так хораша пяецца:
Песня тая з хвалямі плыве
І ад гукаў тых квітнее сэрца,
Бо Палессе музыкай жыве.

Тут і чаплі  і буслы-гарэзы,
І арлан – вялікі белахвост...
Ладзяць птушкі тут свае імпрэзы,
Задзіраюць ганарліва нос.

Бо само Палессе – гэта песня,
Без якой не марыць і не жыць,
Бо яна, як павадак той весні,
Ручаём-гарэзнікам бяжыць.

1995



НАВАЛЬНІЦА  НАД  ПРЫПЯЦЦЮ

Над Прыпяццю зноў навальніца –
Бушуе Палесся вада.
А мне гэтай ноччу не спіцца –
На сэрцы нуда ды слата.

Над хвалямі росчырк маланкі:
Грымоты ляцяць да вады…
Уздрыгнулі ў вокнах фіранкі –
Іх вецер абняў малады.

Над Прыпяццю зноў навальніца
Cячэ векавыя дубы.
Пярун захацеў наталіцца,
Агонь з мокрых дрэваў здабыў.

Над Прыпяццю мроі ды мары,
Не складзены копы ў стагі…
Зіхцяць берагі, бы штандары –
Плывуць берагі,
           Плывуць берагі,
                Плывуць берагі…

1992



ВЯСКОВАЯ  РАНІЦА

Ноч паволі набліжаецца да світанку.
З кожнай хвілінай усё ясней і выразней
Вымалёўваюцца няроўныя контуры раніцы.
Праз чорныя рэбры штыкету можна заўважыць
Прыцярушаную сенам дарогу і прысаду бяроз.
Снег яшчэ больш пацямнеў і агруз.
За ноч на ім прыбавілася слядоў.
Іх малюе нашае мітуслівае жыццё,
Малююць зіма, вясна, лета і восень.
Аднак сёння мне падалося, што ўсе яны
Выйшлі сустракаць вясковую раніцу.

1990



ПЕСНЯ ПАЛЕССЯ

Гэй, Палессе маё сінявокае!
Адгукніся, ці чуеш мяне?
Гэта песня твая пад аблокамі
Разам з птушкамі ў вырай плыве.

Над тваімі спрадвечнымі марамі
Восень бабіна лета прадзе,
Што плыве жураўлінымі парамі
Ў паднябессі, бы лёд па вадзе.

Восень-восень, навошта ты, мілая,
Мяне вабіш журботным крылом?
Лепш вясну прычакаю я з выраю,
Калі стрэне яе крыгалом.

І калі сакавік птушкай ранняю
Загукае натхнёна вясну, –
Я ўзгадаю Палессе світальнае
З песняй тою, што ў сэрцы нясу.

1992



НА ПРЫПЯЦІ

Плячысты дуб нас шчыра прытуліў,
Схаваў ад спёкі ў аксамітнай кроне.
Адсюль відаць і прыпяцкі заліў,
І лодку з рыбакамі на Затоне.

Пясчаны бераг, вербы ля вады
І бег імклівы залацістай хвалі...
Зязюля зноў куе мае гады
І разам з тым гады мае хавае.

На Прыпяці касцы і рыбакі –
Для кожнага тут знойдзецца работа.
На Прыпяці купальскія вянкі
Іграюць песні на цнатлівых нотах.

Яны плывуць туды, дзе горды Кій
Каля Дняпра свае палацы ставіў...
О маці-Прыпяць! – Веры не пакінь,
Бо ад яе і Днепр дабрэйшым стане.

1985



ПЕСНІ  ЖУРАЎЛІНЫЯ

Не страляй у сэрца жураўлінае –
Ён ляціць... Паслухай, як пяе!
Жураўлі прыносяць людзям з выраю
Песні непачутыя свае.
Што ў тых песнях –
Боль або туга?
Ці ўспамін па роднае зямлі.
Па азёрах, рэках і лугах,
Што ім крылы вольныя далі?
Небакрылы Белае зямлі!
Што вас кліча з райскага цяпла?
Можа, песні, што пяюць палі,
Ці тугі нябачная сцяна?
Ведаю,
Вы хочаце сказаць,
Што няма нічога даражэй за Айчыну.
Каб любоў зямную ўсю спазнаць,
Трэба ўбачыць неба не вачыма,
А адчуць на лёгкіх, пругкіх крылах,
Што ў палёце неба беражэ…

1991



АДЗІНОКАЯ  ЗЯМЛЯ

Аўдавелая зямля на маёй Айчыне
Працінае твар здаля сумнымі вачыма.
Я прыехаў, каб спытаць:
Як табе жывецца,
Адзінокая зямля
З пасівелым сэрцам?
Адкажы мне, не хавай
Ты вачэй стамлёных.
Мы падзелім каравай,
У жыццё ўлюбёны.
І пасолім хлеб слязой,
Шчырым успамінам.
Хлеб парэжам не лязом –
Паламаем міла.
Вось – табе. А вось і мне.
Па кавалку, роўна…
Смачна так даўно не еў
Я ў хаціне роднай.
Для суседзяў – быў сусед,
А для мамы сынам…
Ды таўром Чарнобыль сеў,
Раскалоў лёс клінам.
Адзічэў бацькоўскі сад,
Стравянела поле.
Сэрца кліча зноў назад,
Ды вяртанне з болем.

1988



ПАЛЕССЮ

Колькі разоў прыязджаю дамоў,
Столькі разоў іду па старой
Брукаванай дарозе,
Абапал якой
Стаяць шыракаплечыя, удумлівыя дубы
Са сваімі спрадвечнымі,
Векавымі марамі.

Колькі разоў углядаюся ў іх счарнелыя,
Змаршчыністыя твары,
Столькі разоў
Адчуваю сябе ў лагодзе і спакоі
Той зямлі,
Якая мяне ўзгадавала.

Чуеш, Палессе?
Гэта ты жывеш у сэрцы маім
Той спрадвечнай,
Ад нараджэння знаёмай кожнаму песняй,
Без якой не хацелася б жыць.

1990



БАЛАДА  ПРА  МОСТ

Мост стары быў раней малады –
Ён праводзіў людзей над вадою.
На тым мосце стаяў ля вады
Бацька з мамай маёй маладою.

Мост не проста злучаў берагі –
Ён яднаў дзве палескія вёскі.
З ім не ведалі людзі тугі –
Тут імчалі машыны, павозкі...

А аднойчы той мост цераз Лань
Узарвалі падчас крыгаходу.
Паімчала вада цераз край –
Засланілі ёй крыгі свабоду.

Быў у рэчкі той нораў такі,
Што яна падтапляла тры вёскі.
Абыходзілі рэчку ваўкі.
Асвятлялі іх сцежкі бярозкі.

Было рыбы ў рацэ – не злічыць!
Ментузоў мы рукамі лавілі.
Што ні вечар – патэльня скварчыць –
Пахла вёска той рыбай на мілі.

Адабралі свабоду ў ракі.
Асушылі Грычыну балоты.
Паламалі той рэчцы бакі –
Земснарадам парушылі воды.

Анямела ад страху рака –
Плывуном зацягнула старанні
Тых, хто шлях пад лінейку праклаў,
Берагі яе думак параніў.

Толькі ў памяці – мост над ракой
Ды ля хатаў драўляныя лодкі...
Мчыць па мосце заснежаны конь,
А на санях смяюцца малодкі.

1997



НАВАЛЬНІЧНАЯ  НОЧ

Ноч бліскае навальніцай –
Сее дожджык па палях.
Пяруну ўначы не спіцца –
Ад яго дрыжыць зямля.

Крочаць хмары па нябёсах –
Што за лета без грымот,
Без грыбоў і белых росаў,
Без надзеяў і турбот?

Бліскавіца-бліскавіца
Зазірае ў кожны дом.
Ёй на хмарах не сядзіцца,
Бо за імі крочыць гром.

Зранку травы акрыяюць –
Зазіхціць дажджу раса,
І па ўсім палескім краі
Запяе ў траве каса.

1981



КРАСА  ПАЛЕССЯ

Аб чым шумяць над Ланню ўлетку лозы,
Да хваляў апусціўшы валасы?
Яны стаяць, нібыта пад гіпнозам
Ад прыгажосці плыннае красы.

Люляе рэчка іх на хвалях хуткіх –
Распавядае казкі, баіць сны.
Трысцё з чаротам ловяць тыя гукі,
Што далятаюць з ветрам з-пад касы.

Калі Гарынь вадой напоўніць Прыпяць
І паплывуць зялёныя лугі –
Ніхто не зможа сум Палесся выпіць
І падлічыць разліваў берагі.

Я не прашу ў прыроды лепшай долі,
Бо з ёю паяднаны на вякі:
Тут мой спакой. Душы маёй раздолле.
Тут гукі дзён сплятаюцца ў вянкі.

1983



СТАГІ ЛЯ ПРЫПЯЦІ

Едзем разам з бацькам на Балонне*
Сена каля Прыпяці касіць.
Тут траве сапраўднае раздолле.
Той травы на вілах не знасіць.

У траве звіняць стальныя косы –
Чуецца іх песня ля ракі.
Роўныя, духмяныя пракосы
Сушыць сонца, ветраць скразнякі.

Пройдзе тыдзень – едзь, варочай сена.
А пасля – зграбай яго ў валкі
І ў капу складай сухое смела,
Каб ля копаў грэліся ваўкі.

На плячах стагі трымаюць неба.
Вывезці іх трэба за тры дні,
Бо вясной стагоў не знойдзеш следу –
Паплывуць стагі, нібыта пні.

Гэта вам Палессе, а не жарты.
Тут з прыродай трэба сябраваць.
Бо калі вясной зірнуць на карту –
Скрозь вада… Лугоў тых не відаць.

2008

*Балонне – заліўныя лугі ля Прыпяці. Так мясцовыя жыхары  Лунінецкага раёна называюць месцы касавіцы.



КРУГ ЧАЦВЁРТЫ



ДЗЯДЫ  ІДУЦЬ…



ТАТАВЫ  ВОЧЫ

Не зоркі мне свецяць уночы
І моўчкі глядзяць на мяне,
А татавы светлыя вочы
Дыктуюць з нябёсаў санет.

Да іх дакрануцца ахвочы,
Спытацца: – Як, мілы, жывеш? –
Ды татавы светлыя вочы
З нябёсаў дыктуюць мне верш.

Яго я душой адчуваю
І сэрцам пачуцці лаўлю:
Ляціць тая песня жывая
На белую нашу зямлю.

Пішу, не губляючы хвілі,
Твару, каб радком спалучыць
Расстання далёкія мілі,
Што ўмеюць любові вучыць.

2014



КАСА

Каса прайшлася па дзядах –
Падрэзала карэнні.
Каса прайшлася па гадах,
Па стрэхах, па бярвенні.

Каса скасіла ўсіх бабуль,
Што сеялі і жалі.
Каса страшней шалёных куль –
Яна не мае жалю.

Каса забрала ўсіх дзядзькоў,
Што жыць мяне вучылі.
Яна звініць з усіх бакоў
З нязведанай прычыны.

Па пятках хвошча мне трава –
Каса забрала тату.
Сказала, што і мне пара
Ісці ў другую хату.

Ды я не супраць! – Толькі дай
Мне вершы скласці ў копы...
А там – касі мяне, кідай
У вір або ў акопы.

Прыціхла жвавая каса –
Мянташкай прашаптала:
– Касі, касар, пакуль раса
На травах не прапала.

2014



ДЗЯДЗЬКАВЫ  КАЛЯДЫ

Памяці майго дзядзькі Хведара Селівончыка

Як проста ўзяць і не туды пайсцi,
Не з тым завесцi гутарку, размову…
Як проста луг пад пугаю пасцi
I думаць, што пасеш сваю карову.

Жыццё змяняе нас, бы той кажух,
Што апранаў мой дзядзька на каляды.
Нырне ў яго ў адно iмгненне – шух!
I вось ён той, каго вiтаць мы рады.

Здаецца нам, што дзядзька наш – мядзведзь,
Што ў сцюжу раптам выбраўся з бярлогу:
Раве на нас i ногi цягне ледзь,
Але жывыя мы i дзякуй Богу.

Астатнім трэба кеміць галавой,
Хто гэта ў дзверы грукае зацята
І тупае мядзведжаю нагой
Па ганку так – ажно трасецца хата.

Каляды, браце, ёсць дзівосны цуд:
Гатуй кілбасы гэтаму мядзведзю.
І не адну, не дзве, а цэлы пуд,
Бо паўкіло – не ежа дзядзьку Федзю.

Ён станчыць Вам, раскажа анекдот,
Ды так, што гумарысты рассмяюцца.
Не быў бы дзядзька: слаўны наш Хвядот
З тых мужыкоў, што ў жарце не здаюцца.

2008 



ДЗЯДЫ ІДУЦЬ

Я долу нізка пакланюся
Дзядам сваім, якіх няма.
І разам з імі памалюся
І вып’ю келіх свой да дна.
Дзяды ідуць! ¬
Святыя. Нашы…
Дзяды ідуць!
Ідуць дзяды.
Ядуць сваю святую кашу
І пазіраюць праз гады.
Дзяды мае,
Зямлі рупліўцы,
Працаўнікі зялёных ніў,
Я чую вас
У кожнай жылцы,
Чакаю вас у новым дні.
Жыццё без вас –
Царква без звонаў.
Заходзьце,
Родныя дзяды!
Хачу пачуць
Ваш мілы гоман,
Хачу прадоўжыць вам гады.

2003



УСПАМІН  ПРА  СЯБРА 

Толя Сыс на маім вяселлі
Быў адзін, бы лісток асенні;
Ні жаны, ні дзяцей, ні ўнукаў –
Верш самоты ў бакале грукаў.

А ў вачах – па Айчыне слёзы,
Па Дняпры, што цячэ ля хаты…
Клён сівы там шаптаў бярозам,
Што не стала ў паэта таты,

Што пляменнікі маладыя,
Бы дубкі, паляглі раптоўна.
А сляза на змаршчынцы стыне,
Бы ільдзінка на борце чоўна.

Гэты боль абвастрыў хваробу:
Незагойную думак язву.
Ён глытаў то віно, то соду –
Перакрэсліваў вершаў назву.

Ах, Радзіма, навошта ж гэтак
Ты запала ў душу паэта.
Перакрэсліла ўсе дарогі,
Не абмыла паэту ногі.

2007



ПАМЯЦІ  МАЙГО  ДЗЕДА   
ГЕОРГІЯ  АНДРАЮКА

З любімай Беларусі ў край далёкі
Калісьці дзед мой ездзіў лес саджаць.
Плылі ў Канадзе родныя аблокі,
Ды толькі ў снах не пахла сенажаць.

Там не было прыгожай Белавежы,
Дзе рык зубрыны дрэвы выцінаў.
Здалёк гукалі дзеда тыя межы,
Дзе папараць купальская цвіла.

Лугі ў кутку тым пахлі касавіцай,
Шчымлівай песняй, што вучыла жыць:
Яднацца, за сваю надзею біцца
І веліччу Радзімы даражыць.

Канада, ты дала яму надзею
Прыдбаць зямлю, пабудаваць жытло,
Каб дзеці – Павел, Вольга і Надзея
Спасціглі вечнай мудрасці святло.

Прывёз з Канады памяць на Радзіму:
Гадзіннік "АBRA", Біблію, абраз,
Каб мара лёсу стрэлкаю хадзіла,
Нагадвала пра той нялёгкі час.

1995



ДЗЕДУ  АЎГУСЦІНУ

Дзед Аўгусцін цудоўна ведаў ноты.
Іграў на скрыпцы сэрцам ён і смыкам
І быў ахвочы да любой работы,
Апроч тае, дзе мелюць час языкам.

...Скрыпач, пчаляр, каваль – адзін на вёску.
Механіку засвоіў, як сябе.
Мог змайстраваць і стрэльбу, і павозку,
І даць параду пану на сяўбе.

Такіх дзядоў цяпер няма на свеце –
Перавяліся ў нас гаспадары.
У вёсках завывае скрушна вецер,
Парос быльнёг на дзедавым двары.

І толькі сад, пасаджаны з любоў’ю
Яшчэ прыносіць смачныя дары,
Каб мы ніколі не спазналі болю,
Не страцілі ўспаміны да пары.

1992



БАБУЛІ  НАДЗЕІ

Бабуля мая Надзея
Прала кудзелю ў нядзелю.
Пальцамі нітку звівала,
Песні пра долю спявала.

Доля, сялянская доля –
Праца ля хаты і ў полі.
Неба ад працы той стогне –
Рукі ж не ведаюць стомы.

Дзівіцца сонца з бабулі –
Колькі ж ёй трэба цыбулі?
Вецер у вочы дзьме коса –
Колькі патрэбна ёй проса?

Ціха шапочуць ёй свечкі:
Досыць стаяць каля печкі!
І толькі старая кароўка
Вітае бабулю з даёнкай,

Бо ведае, што без надою
Не будзе ў бабулі спакою:
Заплачуць галодныя ўнукі –
А як жа пабраць іх на рукі,

Калі тыя рукі ад працы
Не могуць за ноч распрастацца.
Доля, сялянская доля –
Праца ля хаты і ў полі.

1997



УЛАДЗІМІРУ  КАРАТКЕВІЧУ

Я хацеў бы застацца каменнем:
Пасівелым, замшэлым, прарочым…
Камяні прарастаюць цярпеннем,
Яны маюць гісторыі вочы.

Я бяру ў іх жыццёвую мудрасць
І гляджу на Сусвет бласлаўлёна.
Камянёў задубелая скура
Ад раскатаў вясновага грому,

Ад праменняў пякучага сонца
І ад хваляў халодна-празрыстых…
Камяні ўсе – жыцця абаронцы.
Камяні ўсёй зямлі – пацыфісты.

І калі я ў жыцці сустракаю
На магілах каменне з крыжамі ,
Гэта значыць – я памяць вяртаю,
Сустракаюся думкаю з Вамі.

–Уладзімір! – данеслася з рэхам,
І зязюля гады пракувала…
Срэбны вершнік ля замка праехаў –
Каля брамы падкова адпала.

2000



ЯЎГЕНІІ  ЯНІШЧЫЦ
Акраверш

Яўгенія! – крычалі журавы,
На крылах уздымаючы імя.
І Ясельда, гукаючы Гарынь,
Шапталася ікрынкамі ліня.
Чабор хінуўся нізка да зямлі:
Ый-я, ый-ёй – прачнулася сава…
Цясляр аб сук сякеру затупіў.

1989



МІКОЛУ  КУПРЭЕВУ

Мне ў вершах бацькам хросным быў Купрэеў.
Не верыце? – а так яно было.
То ён у сэрцы зернейка пасеяў,
А зерне набрыняла, прарасло.
І зарунела маладая ніва
На злосць усім, хто сеяць не хацеў.
Наліты колас быў такі шчаслівы,
Як бацька мой, што над сталом пацеў
І верш пісаў пра мост з вадой глыбокай,
Дзе чаплі крочаць па вадзе чародамі…
Было так ці здалося мне здалёку,
Нібы рыпяць масты ўсе пад народамі?
Я веру: то не мост – пяро рыпела
Збалелаю паэтавай душой,
Якая нарадзіцца не паспела,
А ўжо плыла імкліваю Ушой
З чароўнай Начы,
Каб пачаць спачатку
Жыццё сваё
Ў маленькім тым зярнятку.

1996



РЫГОРУ  БАРАДУЛІНУ

Вецер паўднёвы з карпацкіх гор
Сумную вестку прынёс нам:
Раптоўна памёр Барадулін Рыгор
У семдзесят дзевяць вёснаў.

Езус Вялікі, дай кожнаму з нас
Вобразаў, думак-адценняў...
Сябе не згубіць, не адмовіць час,
Што душы ахутаў цернем.

Вернецца кожнаму вера яго
Праз мову і думак повязь.
Ён адышоў ад людзей да багоў,
Каб напісаць ім споведзь.

Мы ўсе прыйшлі развітацца з табой:
Дзядзька Рыгор – Народны!
Вецер падзьмуў з карпацкіх гор  –
Вецер надзей свабодных.

Веліч твая будзе ў думках цвісці,
Покуль мы жыці  будзем.
Бог бласлаўлёны, не дай сысці
Ў нябыт усім шчырым людзям.

Прымуць Ушачы цябе, дарагі,
Бо ты іх жыццём праславіў.
Мова твая хай не знае тугі –
Гучыць і спявае з намі.

2014



ПАМЯЦІ  НІЛА  ГІЛЕВІЧА

Вялікі Народны паэт,
Хто дыхаў паветрам Айчыны
І нёс яе мовы імпэт,
Сягоння сыйшоў да спачыну.

Пакінуў нам творы ў стале,
Каб памяць не згінула ў часе,
Каб дух наш народны сталеў
І з песняй ягонай вянчаўся.

Паветра ад страты дрыжыць:
– Ён будзе народным навекі!
Радкі, нібы думак крыжы,
Для нас не заплюшчылі вейкі.

Яны нас паклічуць туды,
Дзе воля, надзея, свабода...
Дзе подых надзей маладых
Брыняе ў пачуццях народа.

Слязой не адмераеш боль,
А страту не выкажаш словам –
Ён клікаў народ за сабой,
Каб здрады не зведала мова.

2016



* *  *
АКРАВЕРШ

Светлай памяці паэта Сымона Блатуна
прысвячаецца

Боскі выраз твару
Лашчыць фотаздымак.
А на сэрцы мара
Туманом застыла.
У блакітным небе
Не хапае волі –
Уратуйце долю!

1988



ІВАНУ  КУРБЕКУ

Пісьменніку, дзядзьку, дарадчыку

Няма ў аптэках ад плачу лекаў, –
Ліюцца слёзы, цякуць ракою.
Памёр мой дзядзька Іван Курбека,
Ад цяжкіх думак няма спакою.

Не стала творцы… Няма Курбекі.
За што для мовы такая страта?
Не б’ецца сэрца. Закрыты вейкі –
У бацькі раптам не стала брата.

А ён жа з мовай мяне сасватаў.
Сасватаў з музай мяне жывою.
Цяпер без дзядзькі – пустая хата.
Зямелька стала яго жаною.

Не думаў дзядзька, што гэтак хутка
Дзяды паклічуць да роднай хаты.
Што пахаваны ён будзе тутка,
Што прыдзе ў госці да мамы й таты

Ў той край, дзе словы на вуснах гралі,
Калі спраўлялі дзяды вячоркі.
Тут нават птушкі не так спявалі,
Калі знікалі на небе зоркі.

Я цешу думкі свае малітвай,
Каб дзядзькаў гумар прыгадваць часам…
Памёр мой дзядзька ў год мірных бітваў,
Падчас баталій за нафту з газам.

І слова «крызіс» яго ўкалола
Пякучай рыфмай, сардэчным болем.
Жыццё імчачала, нібыта кола –
Душа абрала палёт да волі.

Прымі, Айчына, рупліўца-сына.
Прымі, зямелька, яго, як брата.
І дай у скрусе гаючых сілаў
Усім, каго ён да мовы сватаў.

2008



ВЯСНА  ЛЯ  ТАТАВАЙ  ХАТЫ

Расцвілі дзьмухаўцы каля хаты –
Жоўты колер вітае вясну.
Ды вясна тая пройдзе без таты,
Без спадзеву, што ў сэрцы нясу.

Абарваліся повязі ніткі,
І вясна ўжо не тая зусім.
Не цвітуць ля акна аксаміткі –
Красаваць не хапае ім сіл.

Толькі ластаўкі дружна шчабечуць
У гняздоў’і сваім ля страхі:
Спрэчку з лёсам вядуць чалавечым
І замольваюць нашы грахі.

2015



КРУГ ПЯТЫ:



ЛІХАЛЕЦЦЕ  ВАЕННЫХ  ГАДОЎ


ВОЛЬНЫ ВЕЦЕР

З песняй лётае па свеце
Непаседа – вольны вецер.
Шамацяць лістотай дрэвы –
Вецер вее перамены.

– Вольны вецер, вольны вецер,
Дзе твае анёлкі-дзеці?
– Іх вайна прызвала летам
З вольным ветрам, з вольным ветрам.

– Вольны вецер, вольны вецер,
Ты нашто ламаеш вецце,
Над зямлёй віхурай кружыш
І з вятроў звіваеш ружы?

Адказаў мне вецер вольны:
– Боль мой цяжкі, незагойны:
 Ружы ўсе для тых салдатаў,
Для каго зямелька – хата.

Тых магіл па ўсёй планеце
Не злічыць ні мне, ні дзецям.
Я пляту з падвеваў ружы,
Каб суцешыць мёртвых душы.

1990



БАЛАДА  ПРА  ВЁСКУ

Памяці 482 жыхароў спаленай палескай вёскі
Сітніцкі Двор Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці,
расстраляных фашысцкімі карнікамі 13.11.1942 года,
прысвячаецца

Дзень той і сёння, бы ява ў вачах –
Вёска спраўляе дажынкі, пяе.
Бацька цягае мяхі на плячах,
Дзед іх на плечы яму паддае.

Сніў я той ноччу на лузе стагі,
Летнія краскі ля Лані лясной.
З’ела цячэнне яе берагі
Рыкам зубрыным мінулай вясной.

Пах туманамі і цвіллю чабор.
Не прадвяшчала надвор’е бяды.
Неба з вышыняў глядзела на бор –
Там да раллі прыліпалі сляды.

Карнікі ноччу ішлі да сяла –
Колам замкнулі дарогі, шляхі...
Штосьці сваё пракрычала сава
І паляцела на луг з-пад страхі.

Немец узвёў сярод ночы затвор,
Весніцы выбіў нагою ў людзей.
Вёска палеская Сітніцкі Двор
Плачам сустрэла апошні свой дзень.

Крык туманом лёг на ціхай вадзе,
Што ад слязы мацярынскай прамок.
Карнікі з хат пазганялі людзей,
Не шкадавалі цяжарных жанок.

Выйсці суседка сама не змагла,
Бо прыкаванай да ложка была.
Вынеслі з хаты яе, каб жыла.
Кінулі ў студню яе, каб плыла.


-2-

Шляхам гаротным людзей павялі
Ўдалеч ад вёскі, палеткаў і ніў.
Шляхам апошнім на грэшнай зямлі
Ў небе асеннім аблокі плылі.

– Тата, куды мы ўсе разам ідзём?
– Мама, чаму мы вады не ўзялі?
Тата мне слінаю вусны працёр –
Слёзы з вачэй на кашулю ляглі.

Побач заплакаў Ядзвігін сынок,
Што да грудзей галавою прынік.
Дымам зайшоўся Яўхімаў шынок –
Дым той да вёскі, бы хмара, прыліп.

Хтосьці прыкмеціў ля лесу пясок –
Крыкнуў: ¬ – Дык нас жа вядуць на расстрэл!
¬¬– Людзі, бяжыце ў сасновы лясок!
– Брацці, шукайце ратунку ля дрэў!

Тата матулі прамовіў:  –Натуль!
Шанец застаўся апошні для нас:
– Бачыш той лес? Я прыкрыю ад куль...
Кулі скасілі абодвух зараз.

Хтосьці на рукі мяне падхапіў,
Крокам імклівым ад смерці ўцякаў.
Дождж кулямётны па дрэвах крапіў,
Кроў па зямлі ручаямі цякла.

– Дзядзька, куды мы так хутка бяжым?
Дзядзька, мне мама вады не ўзяла!
Глянь, колькі ў лесе паспелых шыпшын! –
Можа, мы вернемся зноў да сяла?

Дзядзька на дрэва мяне падсадзіў –
Крыкнуў: – Сыночак, трымайся, маўчы!
На той сасонцы да ночы адзін
Я прасядзеў... Я за лесам сачыў.



-3-

Тата і мама за мной не прыйшлі.
Што мне рабіць? – я баюся ваўкоў.
Злосныя дзядзькі мяне не знайшлі,
Хоць і шукалі кагосьці наўкол.

Я памятаю і сёння той дзень:
Доўга да вёскі я крочыў адзін,
Ды не знайшоў ні сям'і, ні людзей –
Ногі стаптаў. Чаравічкі схадзіў.

Лёг каля дзічкі старой адпачыць,
Сам не прыкмеціў, як хутка заснуў.
Вочы расплюшчыў, а вёска маўчыць
І навявае ўспамінамі сум.

Голас данёсся знаёмы здалёк:
Выжыў! – Сыночак, бяжы да мяне!
Што ты скруціўся, нібы вугалёк?
Яблыкаў хочаш? – Ёсьць спелы ранет.

Як мы жылі? – Помніць неба і Бог.
Як выжывалі? – Не ведаю сам.
Многа стаптаў я з тым дзядзькам дарог.
Ён мне пазней пра вайну расказаў.

Вёска мая у магіле ляжыць:
Там, дзе крывёю запёкся пясок...
Дзядзька сказаў, што павінны мы жыць,
Раз убярог нас ад смерці лясок.

4
Дрэвы скідаюць пажоўклую медзь,
А я збіраюся, крочу туды,
Дзе, напаткала сям’ю маю смерць,
Дзе пасівелі ад болю сляды.

Я і сягоння пытаю ў сябе:
Хто ж гэта слова прыдумаў “вайна”?
– Той, хто ніколі не быў на сяўбе,
Той, хто не піў на дажынках віна.

Хто нарадзіў іх з каменнай душой,
Сэрцам халодным, як восеньскі дзень,
Хто іх паставіў усіх пад ружжо,
Хто на іх форму забойцаў надзеў?

Плачуць Хатыні сіроты-званы,
Бы папярэджваюць зноўку ўсіх нас,
Каб мы не зведалі жаху вайны,
Каб памяталі суровы той час,

Дзе кожны трэці палёг у баю,
Дзе кожны першы – бы я, сірата.
Думкі вярэдзяць зноў памяць маю,
Каб я нашчадкам яе перадаў.

Людзі! Я вас папрашу аб адным:
Войнам скажыце рашучае “не”,
Каб над зямлёй іх развеяўся дым,
Шчасце ўсміхалася людзям у сне.

2013



НЕЗАГОЙНЫ  БОЛЬ

Вайна не загаіла свае раны,
Бо лекаў на зямлі такіх няма,
Каб смерць сяброў забылі ветэраны,
За памяць іх не выпілі да дна.

Вайна не загаіла свае раны,
Бо ўсе яны ўспамінамі баляць –
Пакуль салдаты ўсе не пахаваны,
Пакуль пратэзы на жывых рыпяць.

Вайна не загаіла свае раны,
Пакуль страляе зброя той вайны,
Пакуль стаяць разбураныя храмы
І са званіц сарваныя званы.

Вайна не загаіла свае раны,
Бо ўкрала смех дзяцінства ад дзяцей.
Ніхто не даў вайне такога права –
Знішчаць агнём Асвенцымаў людзей.

Вайна не загаіла свае раны –
Не верне нам бацькоў і мацярок…
Не па гадах мы ўсе сталелі рана
І бралі ад ваенных дзён урок.

1986



САЛДАТАМ  ПЕРАМОГІ

Вайна забрала ў яго мары
І павяла дарогай той,
Дзе кроў, акопы і пажары,
Дзе кожны дзень – смяротны бой.

Юнак з блакітнымі вачыма
За год вайны мужчынам стаў.
Яго паклікала Айчына.
Ён верыць ёй не перастаў.

Бо без Айчыны, як без маці,
Не будзе шчасця і жыцця…
Наш ротны ў белым маскхалаце
Туліў да сэрца часці сцяг.

А потым крыкнуў: “За Радзіму!” –
І ўсіх салдат павёў у бой.
Ворожы дзот маўчаў на дзіва.
Яго аклікнуў хтосьці: стой!

Байца па снезе неслі ногі,
Як тройка добрых скакуноў.
Яму спявалі песні Богі –
Не быў бы ротны – Іваноў.

Такіх, як ён, – мільёнаў дзесяць,
Ды Іваноў у нас адзін.
Яго Радзіма там, дзе Бесядзь,
Плыве праз вёску на ладдзі.

За сем хвілін быў дзот узяты,
Заняты ворага плацдарм.
Ірдзеў над ім наш сцяг заўзята –
Наш сцяг за горад Краснадар.

Жылі разруха ў ім і голад,
Перад вачыма – смерць і ад...
Ад душагубак  веяў холад –
Вайна ў агні спаліла сад.

Яна дзяцей не шкадавала.
Што гаварыць тут пра дзядоў?
Вайне заўжды патронаў мала.
Ёй трэба смерць і слёзы ўдоў.

Мы кожны дзень сяброў хавалі,
Хавалі слёзы – так лягчэй…
І стрыжань памяці кавалі
Ў баях тых вогненных начэй.

Ішлі на Захад, да Берліна,
Цераз Варшаву, Кёнігсберг…
Да ботаў ліплі кроў і гліна –
Ад нас, бы заяц, немец бег;

Аблезлы, шэры, занядбалы…
Ну як, браток, яго страляць?
Калі б той заяц быў удалы, –
З яго б я  мог і футра зняць.

Пагрызлі футра зайцу блохі –
Палонных гнала ў Мінск вайна.
На боты ўвязаны панчохі –
Для ботаў тых дарог няма.

Ляцела птушкай Перамога
Ў вясновы сад, праз белы май.
Вайны разбітая дарога
Вяла байцоў у родны край…

Цяплушкі іх дадому везлі
З крывавых дзён, халодных зім…
Яны ж спявалі дружна песні –
Спяваў і рускі і грузін.

Нас на вакзалах сустракалі:
Дарылі кветкі, хлеб, віно…
Мы ўсе ад радасці скакалі,
Нібы вайны і не было.

Ад часці нашай – я ды ротны,
Хто з мужыкоў прыйшлі дамоў…
Год Перамогі быў галодны:
На нас дваіх – па пяць удоў.

Жылі, туліліся ў зямлянках
І па чарзе цягнулі плуг.
– Ты адпачні крыху, Іванка,
Казаў мне мой старэйшы друг.


Ды не, які тут адпачынак! –
Я ж не за тое ваяваў…
Зямля мая за мной сачыла,
Каб поле я сваё ўзараў…

Такі запал даецца людзям
Ад нараджэння, ад зямлі.
Мы подзвіг дзён тых не забудзем,
Бо ад яго жыццё ўзялі.

2013



ВЕЧНАЯ  ДАРОГА

З журавамі восень адляцела,
І настала хвіля цішыні.
Лістапад шляхі лістотай сцеле,
Каб прыціхлі дрэвы ў вышыні.

Жураўліны шлях не перайначыш –
Богам так закладзена было:
Вандраваць павінны птушкі нашы
Ад сваіх і да чужых балот.

Неба-неба... Вечная дарога,
Нібы песня доўгая гадоў.
Журавы ляцяць ад нас да Бога,
Да магіл заплаканых удоў.

Вось чаму іх спеў здаецца плачам,
Бо той плач ад войнаў і пакут.
Птушкам з вышыні палёту бачна,
Колькі бед стрываў наш родны кут.

Між палёў, лясоў і сенажацей
Песня тая будзіць курганы,
Дзе вайна прайшла па кожнай хаце
Жураўліным плачам даўніны.

1990

СВЯТАР
Твор пабудаваны на рэальных гістарычных падзеях, што адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. У цэнтры ўзгаданай вёскі знаходзіцца Георгіеўская царква – архітэктурны помнік беларускага дойлідства канца XVII, пачатку XVIII стагоддзяў. Менавіта там і служыў святар, які паведамляў партызанам аб карных аперацыях гітлераўцаў. Загінуў святар Феафаній Валашчук у красавіку 1944 года.

Жыў у вёсцы калісьці святар,
Што служыў Богу праўдай і верай.
Ад ягоных малітваў алтар
Пазіраў нам у вочы з даверам.

Спавядаліся людзі яму –
Раскрывалі і думкі, і сэрцы,
Каб святар веру ў душы вярнуў,
Каб у іх больш з’явілася сэнсу.

У купелі хрысціў немаўлят:
Стрыг валосікі, нечым іх мазаў,
І на мове з людзьмі размаўляў,
Як душа размаўляе з абразам.

У царкве той вянчаўся народ,
Адзначаліся боскія святы.
Каб людскі наш працягваўся род,
Ён вадою свяціў нашы хаты.

Калі ў вёску прыбегла вайна
З гарнізонам варожых салдатаў –
У царкве не хапіла віна,
Каб спаіць тых нашчадкаў Пілата.

З першых дзён іх святар не ўзлюбіў,
Бо крыжы ў іх былі не ад Бога.
У званы ён трывожна забіў,
Каб людзей папярэдзіць: трывога!

Да царквы пазбягаўся народ,
А святар гучна вымавіў: "Людзі,
Я за Вас пакладу свой жывот –
У малітве мы веру здабудзем".

За царкву, што Георгій нам даў,
За зямлю, дзе жылі ўсе святыя,
Памаліўся з прыходам святар
І прамовіў радкі залатыя:

– У мяне з Вамі вера адна –
Калі што, буду біць у званы я...
Са званіцы ўся вёска відна –
Няхай сэрца ў пачвараў заные.

– Аб адным Вас сягоння прашу:
Беражыце сябе дзеля веры,
Не прадайце чужынцам душу,
Бо яны ўсе – не людзі, а зверы.

Кожны дзень да царквы йшоў святар
Па дарозе, што дадзена Богам.
Назіраў ад святла да святла
За галоўнай, вясковай дарогай.

Бо яму сам Гасподзь быў сказаў:
– Трэба думаць заўсёды аб вечным...
Папярэджваў святар партызан
Са званіцы тым боем сардэчным.

Немцы з вёскі, а ён б’е ў званы,
Каб пачулі ля Сітніцы ў лесе
Тое гулкае рэха вайны,
Што знянацку працяла Палессе.

Яго звон тых фашыстаў касіў –
Білі катаў бары і дубравы,
А святар ноччу ў Бога прасіў,
Каб зямлі загаіліся раны.

Ды аднойчы таемны той звон
Рассакрэцілі пільныя каты:
За царквой учынілі дазор,
Пасадзілі дазорных ля хаты.

Цікавалі так некалькі дзён –
Сны на вейках сваіх калыхалі,
А каб звон болей быў не чуцён,
Са званіцы званы ўсе пакралі.

І калі да царквы йшоў святар
Па дарозе, што дадзена Богам,
Ля вачэй засвяціўся ліхтар,
Паплыла пад нагамі дарога.

Расстралялі фашысты яго
На вачах у званіцы і Бога, –
Яго слова, што ў душах лягло,
Біла катаў на іхніх дарогах.

...Да магілы яго і цяпер
Не магу падысці я без плачу –
Боль смяротны святар той сцярпеў,
Але веры сваёй не зыначыў.

2014



КРЫЛЫ  ВАЙНЫ

Уварвалася ў хату вайна –
Напалохала дзетак.
Не сказала бабуля ўсім нам,
Што няма болей дзеда.

Прамаўчала матуля аб тым,
Што няма болей таты, –
Засталіся жанчыны адны
Ды счарнелыя хаты.

А хто ж будзе на лузе касіць
Канюшыну кароўцы?
А хто ж будзе цукеркі насіць,
Гладзіць нас па галоўцы?

А над вёскаю стрэлы гучаць –
Аж калоціцца свечка.
Загадала матуля маўчаць
І хавацца пад печку.

Уварвалася ў вёску вайна,
Як жахлівая вестка.
Адабрала дзяцінства яна –
Смерць пад стрэхі прынесла.

2013



ЛІСТОК  З  ФРОНТУ

Яшчэ слязяцца ў сэрцах пахаронкі,
Яшчэ вайной заклеена акно,
А пах вясны такім здаецца горкім,
Што неўпрыкмет п’янееш ад яго.

Пажоўклы ліст з трохкутнікам пацёртым
І нітка слоў, працятая вайной:
– Прыйду дамоў і скіну свае боты,
І басанож сустрэнуся з табой.

Мы пад Берлінам, чуеш, дарагая!
Яшчэ крыху – і ўжо канец вайне.
Пяюць тут птушкі ў полі і ля гаю,
Нібыта ў нашай роднай старане.

Вясна закружыць нашыя пачуцці,
І Перамога ў вочы зазірне,
І я ад гэтай радасці прачнуся,
І пракрычу: настаў канец вайне!

Як там сынок? – Відаць, зусім дарослы.
Прыйду дамоў – памочнік будзе мне.
Ці падраслі за тры гады бярозы?
Мне бачацца яны ў кароткім сне.

Вы ліхам там мяне не памінайце.
Прайшлі Бернаў… На золку зноўку ў бой.
Пішыце. Не хвалюйцеся. Чакайце.
            Вясна.
Год сорак пяты. 
Хведар твой.

1996



ГАДЗІННІК  З  ТАРОНТА

Гадзіннік з Таронта,
Што дзед мой прывёз,
Да гэтага часу ідзе.
Гадзіннік з Таронта
Адлічвае лёс,
Салдат да Берліна вядзе.

У бой пайшла рота –
Па ўзмаху рукі
Ўзняліся з акопаў байцы.
Гадзіннік з Таронта
Ля Шпрэі-ракі
Замкнуў акружэння канцы.

На лініі фронту
Стаіць цішыня.
Вайна свой адлічвае час.
Гадзіннік з Таронта
Дастаў старшына,
Каб боем парадаваць нас.

Вітае старонка
Герояў сваіх
Салютам шчаслівых дарог.
Гадзіннік з Таронта
Адзін на дваіх
Мне памяць пра дзеда збярог.

2011



ВОЧЫ  ВАЙНЫ

Вы глядзелi у вочы вайне?
Калі не – не глядзiце.
На вайне вiнаватыя ўсе.
На вайне вінаватыя ўсе,
Нават кветкi, што ў жыце.

Вы ўглядаліся ў вочы матуль?–
Ці ж яны вiнаваты,
Што крывінкі іх гінуць ад куль,
Сёння дзецi – салдаты.

Святары ля труны ваяроў
На вайне не бываюць.
Адпяваюць найлепшых сыноў,
Адпяваюць найлепшых сыноў,
Калашы адпяваюць.

А на вуснах – нямая пячаць
Паўзабытае веры.
Няма мацi каго сустракаць.
Няма мацi каго сустракаць,
Адчынiць каму дзверы.

На вайне пераможцаў няма
І няма перамогі.
Сее гора і голад вайна.
Сее гора і голад вайна,
Пакідае на сэрцы трывогі.

1999



70  ГОД  ПЕРАМОГІ

Семдзесят год: семдзесят вёснаў і зімаў
Час адлічыў апасля пераможнай вясны.
Семдзесят раз наша памяць у неба прасіла,
Каб яно пасылала нам светлыя, мірныя сны.

Колькі дарог абышлі ветэранскія боты?
Колькі трывог і пакут перажыў кожны кут?
Семдзесят раз сустракалі вясну самалёты,
Семдзесят раз наша неба расквечваў салют.

Гэту вясну прыняслі нам з Берліна салдаты:
Тыя, хто мёрз у акопах, хто крочыў у бой,
Хто абярог наша неба і нашыя хаты,
Хто засланяў нашы жыцці ад куляў сабой.

Гэта ўсім ім абавязаны мы пакланіцца:
Тым, хто загінуў, і тым, хто вярнуўся з вайны,
Каб у салюце вячэрнім квітнела сталіца,
Каб не дрыжэлі ад грому і ўзрываў званы.

Помніце, людзі, пра свята сваёй перамогі!
Помніце тых, хто зямлю ад бяды абярог,
Каб зацвіталі рамонкі ля нашай дарогі,
Каб не спазналі мы долі ваенных дарог.

2002




КРУГ ШОСТЫ



ДУМАЎКІ



ДРЭННАЯ  ВЕСТКА

Накаркала варона: кар, кар, кар…
Прачытаў яе словы наадварот –
Вось і падкралася хвароба.



ЦЭЛАСНАСЦЬ

Жыццё забірае жыццё.
Смерць нараджае смерць.
Хто з іх горшы,
Хто лепшы,
Калі ў Сусвеце ўсё ўзаемазвязана?



ТРАГЕДЫЯ

Я не хачу вяртацца
ў мясціны дзяцінства,
бо ўсе маленькія сляды
спаланіў Чарнобыль,
а вялікія
застываюць асфальтам.



ДАСВЕЦЦЕ

Халодны нож месяца
Кроіць на часткі неба.
Выразае незразумелыя выкрайкі.
Ставіць кропкі.
Запальвае сузор’і.
Прачнешся раніцай
І адразу ўсё зразумееш…
Месяц усю ноч кроіў на небе
Світанак.



РАНІЦА

Мама пячэ бліны.
Цеста расце на патэльні –
Раніца.



***

Пазіраю на зоркі
І бачу ў іх вочы Сусвету.
Ці сустрэнуцца нашыя позіркі
Ў іншасвеце?



***

Нявесцяцца сады,
Усцілаючы пялёсткамі
Шлюбны ложак зямлі,
На якім нараджаецца дзень.



***

Людзі імкнуцца да зорак,
Каб пакінуць пра сябе
Памяць на зямлі.
А я прытуляю галаву і чую,
Як неспакойна б’ецца
Сэрца зямлі.


***

Хмара рассыпалася дажджом
І закалола сонечныя валасы
Вясёлкай.



***
Абмежаваныя воляй трамваі
Выбіваюць коламі незалежнасць
На рэйках часу.



***

Бог падараваў людзям зямлю,
Сатана – Чарнобыль,
А расплачваецца за ўсё чалавецтва.



***

Мастак малюе вясну.
Яна так кранула яго пачуцці,
Што кветкі распусціліся на халсце.



***

Калі чалавек губляе спакой,
Ён набліжаецца да сваіх пачуццяў.
Так нараджаецца любоў.



* * *

Любоў да Радзімы з’яўляецца тады,
калі Радзіма адказвае чалавеку
ўзаемнасцю.



ЛЮБОЎ  НА  АДЛЕГЛАСЦІ

Радзіму можна любіць на адлегласці,
Але такая любоў
Не пускае карэнні.



АБ  ПАНЯЦЦІ  ЦЭЛАСНАСЦІ

Каб зразумець цэласнасць прыроды,
Трэба нарадзіцца і вырасці
З мурашамі.



***

Над морам узыйдзе крывавае сонца.
Вырвуцца промні з-пад паранджы –
Гэта плачуць дзеці Хімеры.



ПАРАДА

Якія б жыццёвыя цяжкасці
не выпадалі на вашу долю,
пастарайцеся
захаваць і зберагчы
ў глыбіні душы
дабрыню, цярпенне і веру.
Толькі яны
дапамогуць знайсці
той адзіны
і правільны шлях,
што знітаваны думкамі з чалавекам,
яго існасцю і прыродай.



ГАДЗІННІК

Я гадзіннік,
Які аднойчы завялі,
Каб ён верна і самааддана
Служыў сваёй гаспадыні,
Імя якой Айчына.
І як толькі зносіцца мой механізм,
Я адразу саступлю
Сваё месца таму,
Хто адпавядае часу.


НА  ЗЯМНЫМ  ЦЫФЕРБЛАЦЕ

На зямным цыферблаце ёсць дзьве лічбы,
Якія сочаць за лёсам чалавечага жыцця.
Адна з іх – дзень народзін.
Другая – дзень смерці.
Першая шчыра ўсміхаецца і прыносіць шчасце.
Другая думае аб тым,
Што чалавецтва пераступіла ягоную мяжу.
Я знаходжуся пасярэдзіне
І адчуваю прыцягненне абедзвюх.


КРУГ  СЁМЫ:



ПАКУЛЬ ЖЫВУ, ДУША МАЯ СПЯВАЕ…



ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ

Дзе б мы з табою сёння ні былі,
Вяртае шлях усіх да Беларусі.
Малюся яе шчырай дабрыні,
І квецені вясны яе малюся.

Тут шчырасць слоў ліецца дабрынёй
Яе святой і мілагучнай мовы.
Мы думкі і надзеі дарым ёй,
Каб птушкаю ўзляталі нашы словы.

Прыпеў:
Зямля чысцюткіх мрояў і крыніц –
Зямля Купалы і зямля Скарыны:
Тут нашыя святыя карані
І продкаў дух, якога не скарылі.

Спяшаюся сказаць табе аб тым,
Што ты ў мяне адзіная такая.
Заўсёды бачу вобраз твой святы,
Што ў родны край здалёк мяне гукае.
Лугі твае ўсе пахнуць малаком,
А росы навяваюць успаміны
Тых думак, што ад глыбіні вякоў
Квітнеюць у душы маёй краіны.

Прыпеў:
Зямля чысцюткіх мрояў і крыніц –
Зямля Купалы і зямля Скарыны:
Тут нашыя святыя карані
І продкаў дух, якога не скарылі.



Я  ЧАКАЎ  ЦЯБЕ

Месяц верасень лёг на верасе
Ночкай зорнаю адпачыць.
Я чакаў цябе на тым беразе,
Дзе цякла рака ўдалячынь.

Там надзея дзён сэнсам поўніцца –
Туманом плыве над ракой.
Не дае заснуць мне бяссонніца,
Не дае мне спаць неспакой.

Прыпеў:
Закаханы я, закаханы я
У зямлю сваю – Беларусь.
І на пару з ёй сёння мару я,
Для яе любоў берагу.

Што ж ты, месячык, усміхаешся?
Не глядзі на нас, не глядзі!
Бо схаваешся, закахаешся, –
Лепш дамоў мяне правядзі.

Па сцяжыне той, ды па верасе,
Дзе Венерай ноч узышла:
Я чакаў цябе на тым беразе,
Толькі ты туды не прыйшла.

Прыпеў:
Закаханы я, закаханы я
У зямлю сваю – Беларусь.
І напару з ёй сёння мару я,
Для яе любоў берагу.



НА НЯМІЗЕ

Стагнала зямля пад нагамі каня –
Зямля, заручоная кроўю і вояў адвагай.
Тут сеча грымела, тут вораг канаў,
Тут вусны прасілі вады і згаралі ад смагі.

Змяшаліся ў бітве паходні, чужынцы, шляхі…
І падалі коні, стамлёныя сечай зацятай.
Няміга сціскала ад гневу свае берагі,
А вецер агонь раздзімаў на сялянскія хаты.

Зямля дае сілы, і прах забірае зямля.
Галосяць жанчыны, і змоўкла на дрэве зязюля.
О Божа, дай сілы не страціць у бітве каня,
Не страціць сяброў і не страціць надзею святую.

Сустрэнуць жанчыны і дзеці сваіх змагароў.
І сонца асвеціць ласкавыя, мужныя твары.
Хто смела змагаўся, хто ў сэрцы надзею збярог,
А хто ўпаў забіты на росныя кветкі і травы.

Зямля дае сілы, і прах забірае зямля.
Галосяць жанчыны, і змоўкла на дрэве зязюля.
О Божа, дай сілы не страціць у бітве каня,
Не страціць сяброў і не страціць надзею святую.



НЕ ПЛАЧ, ДАРАГАЯ

Не плач, дарагая, я хутка вярнуся
Да роднае хаты, азёраў і ніў,
Да любай дзяўчыны, сваёй Беларусі,
Што сённяшняй ноччу ў казарме прысніў.
Служу я сягоння любімай старонцы –
Зямлі, што спрадвеку дзяды бераглі,
Каб ранкам свяцілася ўсмешкаю сонца,
Каб промні яго на палетках ляглі.

Прыпеў:
За Радзіму нашу, Беларусь,
За спакой матулі і дзяўчыны
Сёння службу я сваю нясу,
Прысягаю сэрцам для Айчыны.

Ля крэпасці брэсцкай мяжа пралягае,
Дзе мужнасці продкаў праходзяць сляды,
Дзе пушча спрадвеку шапочацца з гаем,
Дзе лёг над вадою туман малады.
Тут нашыя мары і нашыя лёсы
Спляліся ў гісторыі дзіўны клубок:
Тут памяць хістаюць на голлі бярозы,
Тут плача вясною бярозавы сок.

Прыпеў:
За Радзіму нашу, Беларусь,
За спакой матулі і дзяўчыны
Сёння службу я сваю нясу,
Прысягаю сэрцам для Айчыны.



ВОСЕНЬ

Калін бурштынавае лісце
На сонцы ззяе, зіхаціць.
Прыйшла зноў восень, як калісьці,
Прыйшла зноў восень, як калісьці
І яркім полымем гарыць.

Гартае вецер, бы старонкі,
Згалелых дрэваў валасы.
Калін бурштынавыя гронкі,
Калін бурштынавыя гронкі
Не сапсуюць зямной красы.

Птушыны клін ляціць тужліва
І будзіць думак успамін:
Раптоўна восень наступіла,
Раптоўна восень наступіла,
Красу прынесла для калін.

А я з калінай, бы з сястрою,
Стаю на беразе ракі.
А ў сэрцы восень кружыць мроі,
А ў сэрцы восень кружыць мроі,
Ляціць лісцём ва ўсе бакі.



ВАЛЯ – ВАЛЯНЦІНА

У святочным карагодзе,
Ля купальскага агню
Я цябе губляў і зноў знаходзіў,
Каб пасля сказаць: люблю.
Валя – Валя – Валянціна,
Ясны свет маіх надзей.
Ты вянок з купальскіх кветак звіла
І пусціла па вадзе.

Прыпеў:   
На Купалле, на Купалле
Кветка-папараць цвіце.
Полымем гарыць душы каханне
На Купалле, на Купалле.
Полымем гарыць душы каханне
На Купалле, на Купалле.

Кветкі – гэта наша шчасце.
Іх вадою не разліць.
І яго ад нас не ўзяць, не ўкрасці,
Шчасце знічкай зіхаціць.
Нам зязюля кукавала
І вітаў зялёны гай.
Валя свае косы расплятала,
А я рэзаў каравай.

Прыпеў:
На Купалле, на Купалле
Кветка-папараць цвіце.
Полымем гарыць душы каханне
На Купалле, на Купалле.
Полымем гарыць душы каханне
На Купалле, на Купалле.



НОЧКА  ЦЁМНАЯ

Адшумелі юнацтва гады,
Нібы лісце вясны маладое,
Дзе ўспамінам ліецца матыў
Тых сцяжын, дзе гулялі з табою.
Той вясны жаўруковы напеў
Мае думкі пялёсткамі кружыць.
Я сустрэцца з табой не паспеў,
Не паспеў падарыць табе ружы.

Прыпеў:
Ночка цёмная расцвіла,
Запаліла сузор'яў свечкі.
Ночка цёмная развяла,
Як масты, закаханых сцежкі.
Мы два берагі той ракі,
Што падмылі кахання хвалі.
Мы два берагі, дзве рукі,
Што раптоўна чужымі сталі.

А вясна тая ў сэрцы цвіце,
Навявае здалёку ўспаміны.
Я прызнацца ў любові хацеў,
Ды спазніўся к табе на хвіліну.
Развялі па-над лёсам масты,
Развялі нашых думак дарогі.
Па-над рэчкай туман лёг густы –
І пасеяў у сэрцы трывогі.

Прыпеў.
Ночка цёмная расцвіла.
Запаліла сузор'яў свечкі.
Ночка цёмная развяла,
Як масты, закаханых сцежкі.
Мы два берагі той ракі,
Што падмылі кахання хвалі.
Мы два берагі, дзве рукі,
Што раптоўна чужымі сталі.



ЗАСПЯВАЙ  МНЕ  ПЕСНЮ  ТУЮ,  МАМА

Заспявай мне песню тую, мама,
Што пяяла жнейка за сялом.
Помню я, як ты ёй падпявала,
Як снапы абвязвала вузлом.

Ой, у полі жыцейка ўрадзіла,
Хіліцца калоссем да раллі.
Песня тая – моц, душа і сіла
Нашай беларускае зямлі.

У кашулі белай, даматканай
Усхваляла жнейка ураджай.
Пана Бога да сябе гукала:
– Прыязджай у госці, прыязджай!

Пачастуйся смачным караваем,
Што спячом мы з жыта ўсім сялом.
Мы цябе за хлеб наш усхваляем
І чакаем, Божа,  за сталом.

Першы сноп – у кут для Пана Бога,
Дзе вісіць намолены абраз,
А другі, расло каб жыта рогам,
Перамелем на салодкі квас.

Ну а трэці будуць есці дзеці –
Ім яшчэ, бы жыцейку, расці.
Няхай зерне сушаць сонца, вецер,
Бо сяўба – галоўнае ў жыцці.

Песня тая ў сэрца мне запала,
Бо з яе мы пачыналі жыць:
Сеяць жыта, жаць яго, бы мама,
І зямною працай даражыць.

Заспявай мне песню тую, мама,
Што пяяла жнейка за сялом.
Помню я, як ты ёй падпявала,
Як снапы абвязвала вузлом.



БЕЛАРУСІ

Беларусь – гэта белая птушка ў блакіце нябёсаў,
Гэта рэха вайны і павольная плынь белых рэчак,
Курапаты і тысячы тысяч скалечаных лёсаў,
Гэта памяць дзядоў і агонь незгасаючых свечак.

Беларусь, мая белая, як жа ты чорнаю стала?
Зноў галосіць і плача зямля несціхана, наўзрыд…
А Чарнобыль над ёю смяротнае выпусціў джала
І счарнелым таўром на сукенцы дзявочай застыў.

Дык не дайце ж загінуць і знікнуць ёй з твару планеты.
Хай жыве Беларусь і гучыць беларускае слова!
Хай не кане ў бяздонне вякоў і не кане у Лету
Беларускі народ,
Беларусь,
Беларуская мова.

Дык жыві, Беларусь!
Вечна ў вэлюме белым красуйся!
Мы належым табе. І адной табе сэрцам адданы.
І пакуль я жыву, называюся ўслых беларусам,
І нікому мяне пры жыцці не закуць у кайданы.



ВЯРТАННЕ  Ў  СТАРЫ  ГОРАД

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад
І пахадзіць да ранку брукаванкай,
Дзе брук пераклікаецца з падковай,
Дзе ззяла сноў ліхтарня – калыханка.

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад,
Дзе не гулі машыны і трамваі,
Дзе быў найлепшым паштальёнам голуб,
Дзе цэрквы і касцёлы будавалі.

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад,
Зайсці ў карчму, гуляць і весяліцца.
Забыцца на ўсе клопаты і гора,
Вады святой крынічнае напіцца.

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад,
Дзе ёсць для думак воля і прастора,
Дзе Марк Шагал свае малюе творы,
Нібы чытае верш святое Торы.

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад,
На лодцы з прыгажуняй пакатацца.
Яна свой здымак мне прышле не скора,
Каб горад змог у памяці застацца.

Мне хочацца вярнуцца ў стары горад,
Дзе сноў маіх не згінула надзея,
Куды вяртацца нам цяпер не сорам,
Дзе крыж святы пад промнямі ірдзее.



СВЕТЛЫ  ПОЗІРК  ТВАІХ  ВАЧЭЙ

Светлы позірк тваіх вачэй
Маё сэрца пяшчотай грэе.
У цішы залатых начэй
Я знаходжу сваё натхненне.

Светлы позірк тваіх вачэй
Параўноўваю з яснай зоркай.
Ты са мною – і мне лягчэй
Сустракаць вечары і золкі.

Светлы позірк тваіх вачэй
Адчуваю ў памеры верша.
Дай мне моцы кахаць яшчэ,
Дай мне сілы не здрадзіць першым.

Светлы позірк тваіх вачэй
Тоіць нешта ў сабе святое.
Ноччу свечка гарыць ярчэй,
І яе не заліць вадою.



У  ГОРАДЗЕ  МАІМ

У горадзе маім зіма, як восень,
А ў маёй кішэні дзірак восем.
Хацеў пайсці ў кіно – прамоклі боты …
Ізноў пайшлі праблемы і турботы
У горадзе маім.

У горадзе маім зіма, як восень.
А я сяджу ў кватэры на падлозе.
Гляджу тэлевізар і слухаю песні,
І зноў мне спявае спявак Элвіс Прэслі
У горадзе маім.

У горадзе маім зіма, як восень.
Відаць касар сабакам сена косіць.
У горадзе маім няма спакою –
Народ плыве па вуліцах ракою
У горадзе маім.

У горадзе маім зіма, як восень,
І светлафор адбіўся на дарозе.
Ці, можа, гэта проста нашы сэрцы
Плывуць дарогай стомленай да смерці
У горадзе маім.




АФГАНСКІ ВАЛЬС

Спяю, сябры, спяю для вас
Я свой афганскі вальс.
Пад куляў свіст граў гітарыст –
Спяваў апошні раз.

Каханая, каханая,
Ці помніш ты мяне?
Каханая, каханая,
Твой сябра на вайне.

У нас надвор’е добрае:
У ценю – сорак пяць.
Каханая, каханая,
Ці будзеш ты чакаць?

Ён кулям нізка кланяўся
І крочыў смела ў бой…
“Каханая, каханая”, –
Ляцела над зямлёй.

Далёкі стрэл,  і цішыня –
Прыціх таварыш мой. – Ой!
“Каханая, каханая”, ¬–
Гучала над зямлёй.



БЕЛАЯ  ПТУШКА

Над зямлёй кружляла птушка белая,
Услаўляла песняй родны край:
“Я зямлі сваёй да скону верная,
Ты, зямля, вясной мяне спаткай”.
Адлятала лета птушкай белаю,
Крыламі кранала халады.
Праспявала птушка, што зноў вернецца
Да гнязда свайго і да вады.

Прыпеў:
Крык… Данёсся з неба птушкі крык.
Стрэл працяў паветра і крыло…
Крык…крывёю сэрца заплыло,
Нібыта ў птушкі не было крыл.

Шлях у вырай куля перакрэсліла,
Абарвала велічны палёт.
Чалавек з ружжом смяяўся весела,
Яму радасць не крывіла рот.
І калі ад болю птушка гінула,
Неба адлятала ад вачэй,
Новым стрэлам яе ўвысь падкінула,
І палёт у вырай стаў лягчэй…

Прыпеў:
Крык… Данёсся з неба птушкі крык.
Стрэл працяў паветра і крыло…
Крык…крывёю сэрца заплыло,
Нібыта ў птушкі не было крыл.

Я ішоў дарогаю тужліваю
І пачуў знаёмы мне матыў:
“Я дамоў вярнуся хутка з выраю
І расквечу спевамі сады”.
У сваё вяртанне птушка верыла,
Ды яна не думала аб тым,
Што дарога, крыламі адмерана,
Пераменіць песні той матыў.

Прыпеў. (паўтор).



ЯБЛЫНЕВЫ САД

Многа год назад яблыневы сад
Пасадзіў ля хаты тата.
Кожную вясну яблыні цвілі
Белага яго саду.
У суквеццях кроз сад са мною рос,
Марыў аб вясне белай.
У святочны Спас частаваў ён нас
Яблыкам сваім спелым.

Прыпеў:
Ах, гэты белы, белы сад, –
Вясны жыццёвае пачатак.
Нас кліча ў родны дом назад,
Дзе пахне яблыкамі хата.
Там каля студні вінаград
Лазой альтанку абдымае,
Ківае мне на татаў сад
І цягне гронку ў руку маме.

Мы ад той зямлі голас узялі,
Каб дарыць любоў дзецям.
Каб у іх душы дрэвы расцвілі
І спяваў вясны вецер.
Яблыневы сад – светлы напамін
Нашага з табой лета.
Зацвітаў ранет, адцвітаў наліў,
І было ў душы светла.

Прыпеў:
Ах, гэты белы, белы сад –
Вясны жыццёвае пачатак.
Нас кліча ў родны дом назад,
Дзе пахне яблыкамі хата.
Там каля студні вінаград
Лазой альтанку абдымае,
Ківае мне на татаў сад
І цягне гронку ў руку маме.




ВЕТЭРАНАМ

Гэта здарыцца позна ці рана –
Анямее ад жаху вайна.
Смерць прымірыць усіх ветэранаў,
На магілах паплача спаўна.
Больш ніхто з іх не пойдзе ў атаку,
Не раскажа пра першы свой бой,
Як гарэў у палаючым танку
Пад Смаленскам або пад Масквой.

Прыпеў:
Ветэраны, вайны ветэраны!
Вы – зямлі сваёй слаўнай сыны.
Гэта вашы балючыя раны
Нас трывожаць з мінулай вайны.
Дзе вы, сведкі падзей? – Не маўчыце! –
Зноўку ў маі гучыць ваш салют
І валошкі красуюць у жыце,
Дзе спявалі вы песню сваю.

Тая песня ляцела па свеце,
Бо яе вы здабылі ў баю,
Каб раслі, гадаваліся дзеці,
Шанавалі зямельку сваю.
Вы заўсёды ў страі разам з тымі,
Хто любоў да Айчыны збярог.
Няхай памяць аб вас не астыне
І салютам гучыць перамог.

Прыпеў:
Ветэраны, вайны ветэраны!
Вы – зямлі сваёй слаўнай сыны.
Гэта вашы балючыя раны
Нас трывожаць з мінулай вайны.
Дзе вы, сведкі падзей? Не маўчыце!
Зноўку ў маі гучыць ваш салют
І валошкі красуюць у жыце,
Дзе спявалі вы песню сваю.



КАЛЯ  РУЖАЎ  НА СТАЛЕ
Эстрадная песня

Каля ружаў на стале
Дагарае, плача свечка.
Незабыўны, летні вечар
Апаўзае па сцяне.
Вечар шчырых нашых слоў,
Вечар першых спадзяванняў.
І прызнанне у каханні.
І размовы пра любоў.

Прыпеў:
Ты чароўная мая,
Мной абраная.
Ты адзіная мая,
Ты – каханая.
Ты як песня салаўя
Летнім вечарам.
Ты як свечка, што гарыць
І адсвечвае
Каля ружаў на стале.

Мне той вечар, нібы сон,
Будзе ружай белай сніцца.
Ты, як зорка Мілавіца,
Што ўзыйшла па-над зямлёй.
Зорак выспелых сады
Пакідаюць успаміны…
Для мяне заўжды адзіны
Позірк твой на ўсе гады.

Прыпеў. (паўтор)



Я ЛЮБЛЮ

Не глядзі, што пасівелі мае скроні
І што думкі дасягаюць да нябёс.
Я даўно жыву цяплом тваёй любові,
Бо яе падараваў аднойчы лёс.

Прыпеў:
Я люблю – каханай вусны прашапталі.
Я люблю – на вуснах вочы прачыталі.
Я люблю – навекі быць тваім клянуся.
Я люблю – Анёл з нябёсаў усміхнуўся.

Паглядзі, як сонца ззяе нам высока,
Як у небе павуцінка мрой плыве.
Я адзін, – табе таксама адзінока, –
Прытуліся галавою да мяне.

Прыпеў:
Я люблю – каханай вусны прашапталі.
Я люблю – на вуснах вочы прачыталі.
Я люблю – навекі быць тваім клянуся.
Я люблю – Анёл з нябёсаў усміхнуўся.

У кахання ёсць спатканні і расстанні,
Што збліжаюць нашы сэрцы на гады.
Ты са мной цяпер у вечары і ранні –
Нас злучыў кахання велічны матыў.

Прыпеў:
Я люблю – каханай вусны прашапталі.
Я люблю – на вуснах вочы прачыталі.
Я люблю – данёс здалёку словы вецер.
Я люблю цябе! – гучала на планеце.



МАМЕ

Са слова “мама” пачынаем гаварыць,
Любіць жыццё і спасцігаць каханне,
Бо ў слове гэтым ёсць любві прызнанне,
Якое свечкай у вачах гарыць.
Бо толькі мама зразумее нас заўжды,
Суцешыць і сагрэе каля сэрца.
Шкада, што стараць нашых мам гады,
Што бег жыцця спыніць нам не ўдаецца.

А мы для мамы толькі дзеці і не больш,
Хаця даўно свае ўжо маем сем’і.
Матуля, мама, сэрца не трывож,
Што ўнукі запрашаюць на вяселлі,
Што сівізна на скронях, бы ў цябе,
Хаця твой год – шчаслівы сорак пяты…
Узяў імклівы, хуткасны разбег,
Каб праўнукаў выгульваць каля хаты.

У нас яшчэ ў запасе ёсць гады,
Каб выказаць усё, што не паспелі.
Цвітуць ля плота татавы сады,
А мы на лаўцы з мамаю прыселі.
І заспявалі песню пра любоў,
Пра туманы над Прыпяццю-ракою,
Што сцелюцца над кронамі дубоў
І дыхаюць любоўю і спакоем.



ВАЛЬС УЛЮБЁНЫХ
Ты сягоння  – мая паланянка.
Я таксама ў палоне тваім.
З намі хваляй гуляе Зальвянка,
Над Зальвянкаю мы пастаім.
Пагаворым пра нашы спатканні,
Пра начныя сузор’і  любві,
Што запальваюць сэрцы каханнем,
А ў вадзе – залатыя агні.

Прыпеў:
Зорны вецер даносіць да нас
Белы вальс, белы вальс, белы вальс.
Каб кахання агонь не пагас –
У душы грае вальс.
Нам з табою ў тым танцы кружыць
Да канца нашых дзён.
Гэты вальс для ўлюбёных гучыць,
І гучыць толькі ён.

Дай руку мне сваю, калі ласка,
Працягні мне кахання руку.
Мы схаваемся ў травах і красках,
Пакуль хвалі бунтуюць раку.
Заблукаем у словах пяшчоты,
У абдымках духмянай расы,
Дзе ў суквеццях памятае цноты
Раскіданы твае валасы.

Прыпеў:
Зорны вецер даносіць да нас
Белы вальс, белы вальс, белы вальс...
Каб кахання агонь не пагас –
У душы грае вальс.
Мне з табою ў тым танцы кружыць
Да канца нашых дзён.
Гэты вальс для ўлюбёных гучыць,
І гучыць толькі ён.



ПРЫЗНАННЕ АЙЧЫНЕ

У абдымках цішыні яскравай ночы,
Пад сузор’ем, што каханне ўсім нясе,
Я гляджу ў твае даверлівыя вочы
І на золак, што ўсміхаецца расе.
Прыгажосцю я тваёю апантаны
І духмяным пахам кветак на лугах.
У Айчыну, бы ў дзяўчыну, закаханы,
Без якой на сэрцы смутак і туга.

Прыпеў:
Запытайцеся ў бабулек, папытайце:
Дзе жыве яна і як яе знайсці?
Вам адкажуць, што Айчына ў кожнай хаце,
Кожнай песні, кожным сэрцы і жыцці.

Дзе б ні быў, куды б мяне ні клікаў посах,
Сваім сэрцам застаюся ля яе:
Дзе лілеяў цішыня ў цнатлівых росах
Задуменна па-над Прыпяццю плыве.

Сваёй думкай застаюся з Беларуссю.
Тут сябры мае і лёсу карані.
Калі кружыць па-над хатай белы бусел –
Будзе болей беларусаў у радні.

Прыпеў:
Запытайцеся ў бабулек, папытайце,
Дзе жыве яна і як яе знайсці?
Вам адкажуць, што Айчына ў кожнай хаце,
Кожнай песні, кожным сэрцы і жыцці.



БУЛЬБАЧКА

Бульба, бульба – страва нашая.
Страва нашая, беларуская!
Хiба зблытаеш бульбу з кашаю
Ці з пекінскай якой капустаю?
З бульбы дранiкi са смятанаю –
Смакаты такой больш не знойдзеце!
Бабка ў глечыку запяканая
Ўсё чакае вас, дзе ж вы ходзiце?

Прыпеў:
Нездарма нас клiчуць бульбашамi,
Бо здаўна ў нас бульбачка ў пашане.
Бульба не баiцца землятрусаў,
Бульба – хлеб другi для беларусаў.
Бульба ў мундзiры і без мундзiра –
Гэта хараство і проста дзiва.
Без яе нясмачная катлета,
Бульба – гэта пах зімы i лета.

Бульба брэсцкая, бульба мінская,
Бульба слуцкая і нясвіжская.
Наша бульбачка з кропам варыцца,
Як яе няма – людзі сварацца.
Пах цыбулiны каля бульбiны,
Ды з падсмажанай свежай скваркаю
Клiча ўсiх гасцей на загулiны,
Падымае дух запяканкаю.

Прыпеў:
Нездарма нас клiчуць бульбашамi,
Бо здаўна ў нас бульбачка ў пашане.
Бульба не баiцца землятрусаў,
Бульба – хлеб другi для беларусаў.
Бульба ў мундзiры і без мундзiра –
Гэта хараство і проста дзiва.
Без яе нясмачная катлета,
Бульба – гэта смак зімы i лета.



ПЕСНЯ ЛЁСУ

З табою ўсё прыснілі мы:
Каханне, лета звонкае,
І птушак спеў акрылены
Над роднаю старонкаю.
Гучала песня шчырая.
Цвіла лілея белая.
Ляцела птушка з выраю
Ў сваё гняздоўе з вераю.

Прыпеў:
Там ходзіць лета босае
Па лузе каля выпасу.
Там пахнуць сцежкі росамі
І песня лёсу вырасла.
Люблю цябе, зямля мая,
Прыгожая, напеўная!
Табе за пошчак салаўя
Да скону буду верны я.

У кут свой птушкаю лячу,
Дзе мары сноў збываюцца,
Каб прашаптаць, што я хачу
Сустрэць з ім лёсу раніцу.
Глядзець на човен ля вады,
Што туманом ахутаны,
І ўспомніць песні той матыў,
Што чуў раней на хутары.

Прыпеў:
Там ходзіць лета босае
Па лузе каля выпасу.
Там пахнуць сцежкі росамі
І песня лёсу вырасла.
Люблю цябе, зямля мая,
Прыгожая, напеўная!
Табе за пошчак салаўя
Да скону буду верны я.



МОВА МАЯ

Быццам хата старая, забітая,
Без нашчадкаў, на роднай зямлі,
Просіць мова мая паўзабытая,
Каб яе мы, бы сцяг, узнялі.
І панеслі праспектамі, плошчамі
У жыццё... На вялікі прастор!
Словы мовы пад сонцам узрошчаны
І нясуць дабрыні хараство
Той зямлі, што люляла, выпешчвала
Словы ласкай сваёй і тугой.
Беларусь мая ў дзежцы замешвала
Мову з цестам, спявала на ёй:

Прыпеў:
Мова мая – спеў салаўя.
Мова мая, мілая!
Дзе б я ні быў – песня твая
Мне па жыцці – крыламі.

Мова разам са мной гадавалася
І мяне закалыхвала ў сне.
Мова разам з кашулямі пралася
І была такой белай, бы снег.
Без яе не падаў бы я голасу,
Не пачуў, як спявае жніво,
Як зямля наша гутарыць з коласам,
Як праменне яе абняло.
Хто сказаў, што яна не прыдатная
Для размоваў у нашым жыцці? –
Наша мова прыгожая, ладная
І другой мне такой не знайсці.

Прыпеў:
Мова мая – спеў салаўя.
Мова мая, мілая!
Дзе б я ні быў – песня твая
Мне па жыцці – крыламі.



ЛЕБЯДА

Ой, бяда, бяда, бяда,
Ой, бяда бядовая!
Расце ў полі лебяда –
Не старая, новая.

Мне ад гэтай лебяды
Ні туды і ні сюды.
З ёй ляцяць мае гады
Нібы з дуба жалуды.


Ой, жыццё, жыццё, жыццё,
Ой, жыццё бядовае!
З мілым мы палоць ідзём
Поле лебядовае.

Я збірала лебяду
У дзяружку складвала.
Пазірала на ваду,
Маладосць узгадвала.

Каб не гэта лебяда –
Не была б я дужая.
Каб не гэтая вада –
Не спаткала б мужа я.

Ой, бяда, бяда, бяда,
Ой, бяда бядовая!
Расце ў полі лебяда –
Не старая, новая.



БЕЛАРУСІ

Беларусь, я спавіты з табою адзінай надзеяй:
Ручніком белых рэк і каронай бялюткіх лілей.
Толькі мова твая, нібы сцяг, у нябёсах ірдзее
І ўзлятае падранкам на сонечным белым крыле.

Не цурайцеся лёсу і мовы сваёй не пакіньце,
Хай ляціць над зямлёю крыштальны яе перазвон.
Адчыніце акно, і вы ўбачыце птушку ў блакіце.
Адчыніце акно, і пачуеце птушкі той стогн.

Адзінокая птушка згубіла у вырай дарогу.
Люты вецер адносіць яе ад радзімай зямлі.
Толькі песню  нябёс, бы малітву адданасці Богу,
Срэбны дождж Адраджэння спакусай жыцця акрыліў.

Не цурайцеся птушкі і следам за ёй падпявайце!
І абуджаны золак знітуе вясёлкай шляхі.
Не губляйце сябе і надзеі сваёй не губляйце,
І замоліць за вас беларускае неба грахі.




АБАРОНЦАМ АЙЧЫНЫ

Веру Богу і тым, хто Радзіме не здрадзіў,
Хто пранёс праз гады яе гонар святы,
Хто на костках людзей баль уласны не ладзіў
І каго ў цяжкі час не скарылі гады.
О Айчыны сыны, яснавокія кветкі!
Прысягаю ўсім вам я на вернасць сваю.
Бо Радзіму любіць – гэта дар вельмі рэдкі,
За яе не шкада кроў праліць у баю.

Прыпеў:
Абаронцы Айчыны, Айчыны сыны!
Не  хаваліся вы за чужымі плячыма.
Горда неслі свой сцяг, свой штандар баявы,
Каб квітнела заўсёды для нашчадкаў Айчына.

Многа войнаў прайшло на зямлі  нашай белай,
Ды мой вольны народ не скарыўся душой.
Браў у рукі мячы, біў чужынцаў за веру,
Каб над белай мяжой сонца міру ўзышло.
Памянём жа ўсіх тых, хто Радзіме не здрадзіў,
Хто паклаў свой жывот у нялёгкіх баях.
Гаварыў сябруку мой паранены прадзед:
“ Ты Айчыну шануй. Гэта ж наша зямля!”.

Прыпеў:
Абаронцы Айчыны, Айчыны сыны!
Не хаваліся вы за чужымі плячыма.
Горда неслі свой сцяг, свой штандар баявы,
Каб квітнела заўсёды для нашчадкаў Айчына.



ЯНАЧКА   

А ў Яніны  русая каса.
Вочы, нібы ў полі васількі.
І такі прыгожы, стройны стан,
Што вачэй не зводзяць дзецюкі.

Калі Яна сцежкаю ідзе, –
Травы расступаюцца ў бакі,
І цвітуць лілеі на вадзе,
І спяваюць птушкі ля ракі.

Прыпеў:
А ў дзяўчыны Яначкі, Яначкі, Яначкі
Дзве на шчоках ямачкі, ямачкі, ямачкі.
Я цалую любую Яначку, Яначку
Прама ў гэту круглую  я-мач-ку.

Без яе не дыхаецца мне,
Ясных зор на небе не відаць.
Бо любоў такая толькі ў сне
Можа волю думак апантаць.

Мы знаёмы з Янаю тры дні,
А здаецца – цэлае жыццё
Я сустрэчу гэту ўночы сніў
І распальваў з любаю касцёр.

Прыпеў:
А ў дзяўчыны Яначкі, Яначкі, Яначкі
Дзве на шчоках ямачкі, ямачкі, ямачкі.
Я цалую любую Яначку, Яначку
Прама ў гэту круглую я-мач-ку.



НАТАША

Сёння нам Наташа
Наварыла кашы.
Вы сядайце, хлопцы,
Пачастуйцеся.
Будзьце вы як дома,
Праганяйце стому,
Толькі вось са мною
Не цалуйцеся.
Мы з табою, браце,
Як у роднай хаце.
Толькі вось Наташа
Пасміхаецца.
Мабыць, не дарэмна
Паннай, каралеўнай
Гэта прыгажуня
Называецца.
Лепшы пачастунак –
Гэта пацалунак
Для маёй каханай
І абранае.
Толькі вось Наташа
Наварыла кашы,
Ды такой духмянай
Кашы маннае.
І калі б не каша,
Дзе была б Наташа?
А цяпер мы разам
Вяжам лёсу ніць:
Пасля ўдалай кашы
Нарадзілі Сашу,
Што па ўсёй кватэры
Лыжкаю звініць.



ЛУНІНЕЦКІЯ  КЛУБНІЦЫ

Пахне лета туманамі
І палямі-дыванамі,
Дзе клубніцы спелыя.
Мы сваю старонку славім,
Бо яе стварылі самі
Працаю і спевамі.
Едуць дачнікі на дачы,
Дзе раса на травах плача,
Я ж імчу ў палескі край.
Там клубніцы многа смачнай
І чакае ўсіх удача –
Толькі ягады збірай.

Прыпеў:
Клубніцы, клубніцы,
Клубніцы, бы царыцы –
Спелыя, духмяныя.
І ў Дварцы, і ў Азярніцы
Выбіраюцца клубніцы –
Ягады крамяныя.

На Палессі ўсюды песні,
Бо на то яно й Палессе,
Каб клубніцай чараваць.
Еш клубніцы тут, хоць трэсні,
І вязі той водар весні
На базары прадаваць.
Лунінецкі край багаты –
Тут прыгожыя дзяўчаты:
Бы клубніцы, красныя.
Калі хлопец нежанаты,
Засылай ганцоў у сваты –
Будуць дзеткі класныя.

Прыпеў:
Клубніцы, клубніцы,
Клубніцы, бы царыцы –
Спелыя, духмяныя.
І ў Дварцы, і ў Азярніцы
Выбіраюцца клубніцы –
Ягады крамяныя.



ЦЫГАНСКАЕ  ВЯСЕЛЛЕ

Імчаліся коні. Спявалі гітары.
Пранеслася чутка, што гэта цыганы
Палілі кастры, танцавалі да ранку:
Вяселле ў цыган, у рамалаў гулянка.

Прыпеў:
Ай, на-нэ, на-нэ-на,
Ай, на-нэ, на-нэ.
Гуляюць давідна
Ўсю ноч рамалэ.

Ім ноч падарыла ўсё неба у зорках,
А коні грымелі падковамі звонка.
Ляцела кібітка, бы вецер вясновы,
З цыганскаю песняй, з цыганскай падковай.

Прыпеў:
Ай, на-нэ, на-нэ-на,
Ай, на-нэ, на-на.
Земфіра Януша
Ды пакахала.

Агонь калыхаўся і слухаў гітару,
А я закахаўся ў цыганскую мару
Аб шчасці спрадвечным і песні вясёлай,
Аб конях даверлівых, крадзеных конях.

Прыпеў:
Ай, на-нэ, на-нэ-на,
Ай, на-нэ, на-нэ.
Гуляюць давідна
Ўсю ноч рамаолэ.



СВЯТАЯ  ЛЮБОЎ

Ты – мой чароўны, белы сон,
Маіх думак парасон
І пяшчота.
Я без цябе зусім адна.
Я піла штодня да дна
Адзіноту.

Дзень асвяціўся на вадзе
Нашых мараў і надзей
Акрылёных.
Час аб’яднаў сягоння нас,
Каб агенчык не пагас
Для ўлюбёных.

Прыпеў:
Ты і Я – формула кахання.
Ты і Я – вечнасці сюжэт.
Я і Ты з вечара да рання –
Хай святая любоў лёсы беражэ.

Ноч нам запаліць ліхтары
І да ранішняй пары
Двух прытуліць.
Мне гэтак хороша вясной
Крочыць сцежкаю лясной
Вузкіх вуліц.

Тут – толькі ты і толькі я,
А яшчэ любоў мая
І прызнанні.
Крок, мы насустрач робім крок
І злучаем на замок
Вусны ў ранні.

Прыпеў:
Ты і Я – формула кахання.
Ты і Я – вечнасці сюжэт.
Я і Ты з вечара да рання –
Хай святая любоў лёсы беражэ.


Рецензии