Алесь Андруковiч пра ЛеанIда Пранчака
ВЕРШЫ I ПЕСНІ ЛЕАНІДА ПРАНЧАКА
Імя Леаніда Пранчака сёння ў многіх, як кажуць, на слыху, і найперш таму, што ён — паэт-песеннік, аўтар беларускіх шлягераў “Даставай, Язэп, гармонік!”, “Сумны саксафон”, “Паклонніца”, “Каля Чырвонага касцёла”, “Талака”, іншых папулярных песняў і рамансаў. Л. Пранчак належыць да тых вершатворцаў, хто плённа працягвае традыцыі беларускай паэтычна-песеннай культуры, імя яго стаіць побач з імёнамі Уладзіміра Карызны, Уладзіміра Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Бадака і інш. I вось што дзіўна: працуе паэт на ніве літаратуры і беларускай песні шмат гадоў, а ніводнага аглядавага артыкула ці літаратурнага партрэта, прысвечанага яго творчасці, яшчэ не было. Таму мы мусім зрабіць хоць сціплыя агледзіны яго творчай нівы, улічваючы ўсё, што нарадзілася пад пяром паэта за 20 гадоў.
Ужо па традыцыі напачатку хацелася б колькі слоў сказаць пра самога паэта, яго шлях у літаратуру. Малады творца заявіў пра сябе ў другой палове 70-х гг. у зборніку “Вёсны” (1977), які склалі вершы студэнтаў Белдзяржуніверсітэта (тады яны групаваліся ў літаратурным аб’яднанні “Узлёт”). Уваходзіў Леанід Пранчак у паэзію поруч з Міколам Мятліцкім, Алесем Пісьмянковым, Уладзімірам Маруком, Алесем Емяльянавым, Віктарам Стрыжаком і інш. (па сутнасці, гэта было чарговае “філалагічнае” пакаленне). А першы свой вершаваны твор хлапчук з вёскі Пранчакі Ляхавіцкага раёна (нарадзіўся 12 лістапада 1958 г.) змясціў у газеце “Піянер Беларусі” (цяпер яна выходзіць пад назвай “Раніца”) у 1973 г. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ (1981) працаваў на Магілёўскім абласным радыё і адначасна быў вядучым праграмы “Вецер вандраванняў” на Беларускім тэлебачанні. Потым працаваў у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры Акадэміі навук СССР (1988 — 1991). Аб’ектам зацікаўленняў Л. Пранчака стала беларуская літаратурная эміграцыя, вынікам чаго пазней з’явілася кніга “Беларуская Амерыка” (1994). У 1996 г. выйшаў Збор выбраных твораў Янкі Золака “Вятрыска з радзімай краіны”, укладальнікам і аўтарам прадмовы да якога быў Леанід Пранчак. Але найперш па жыцці яго вяла паэзія, з ёй ён ніколі не развітваўся, пракладваў сваю літаратурную сцежку. Урэшце, пасля публікацый у перыёдыцы ён стаў аўтарам калектыўнага зборніка “Лагодны промень раніцы” (1988) і ўласнай кніжкі“Першапутак” (1988). Магчыма, сёй-той, залічыўшы Л. Пранчака да другарадных творцаў, скептычна ўсміхнецца і прамовіць пра тое, што, маўляў, паглядзіце, колькі ў нас іншых, больш яркіх імёнаў. На такі мажлівы і — падкрэслім — несправядлівы закід хочацца адказаць наступнае: па-першае, кожнаму з паэтаў трэба аддаць належнае, неабходна ўмець разгледзець і ацаніць талент; па-другое, Л. Пранчак — гэта індывідуальнасць са сваім уласным “я”, гэта асобны творчы свет, а “светы, — як роздумна запытваўся Б. Сачанка, — хіба ж бываюць светы падобныя адзін на аднаго?”1.
Леанід Пранчак — гэта, калі так будзе дарэчы параўнаць, Адам Русак нашых дзён. Аднак варта агаварыцца, што ён — творца самабытны, мае адметны голас, і найперш — ён наш сучаснік са сваім адчуваннем рытмаў часу і жыцця, чалавечых настрояў і ўзаемаадносінаў, тонкіх праяваў душы і навакольнай прыроды. Па творчай манеры Л. Пранчак — паэт лірычнага складу. Калі ж казаць больш дакладна, то яго паэтычнаму выяўленню характэрны лірыка-музычны пачатак, пластыка слова. Вось як гукапісна пры дапамозе алітэрацыі (паўтараецца гук “с”) паэт перадае звон касы, узнаўляе музыку касавіцы ў адным са сваіх вершаў:
…Выцірае сонца сонны твар
Ручніком стракатага прастору2.
У туман захутаўшыся, золак…
Ужо ў ранніх творах Л. Пранчака выяўляецца імкненне да гукажывапіснасці, меладычнасці радка. П. Фларэнскі адзначаў, што “гукі… найбольш глыбока захапляюць наш унутраны свет”, яны — “душа рэчаў”, і менавіта “гукам адклікаецца на з’явы свету ўнутраная існасць быцця”3. Гук — яшчэ і душа прыроды, праява чагосьці касмічнага. Здаецца, гэта і вычуваў паэт, калі пісаў наступныя радкі: “У цемры, як асот, калючай, / Бы знічкі, гукі растаюць”. Паэт уваходзіў у сферу філасофскіх адчуванняў:
I дождж не б’е мяне балюча:
Відаць, стаміўся і заціх…
А можа, ў цемрадзі калючай
У іншы трапіў свет на міг?..4
Хоць дождж па твары б’е балюча…
“Музыкай, радок мой, зажыві”5, — менавіта гэтага жадалася паэту (верш “Трыялет”). Ён неаднойчы прамаўляў гучна, узнёсла-пафасна, але разам з тым заўсёды імкнуўся да душэўнай прачуласці радка, яго лірычнай інтымнасці. “Ціхі верш — пачуццяў шчырых схова ”(56), — даводзіў творца. “Ціхі верш” у Л. Пранчака стаў асновай выяўлення ўнутранай эмацыйнай настраёвасці, псіхалагічных рэфлексій, медытатыўных саманазіранняў:
Я растварыўся ў часе.
Стаў крылатым.
Ля зорак не спалохаўся згарэць.
Сагрэўся сам пад хмараю кудлатай,
А дзе і як душу сваю сагрэць ?6
Цягнік у 18.48…
Падобныя радкі сведчаць, што паэт вядзе з чытачом ціха-даверлівую, одумную гаворку, спавядаецца, выказваючы сваё, уласна адчутае і спазнанае. Напэўна, Л. Пранчаку найперш духоўна блізкія традыцыі так званай ціхай паэзіі другой паловы 50-60-х гг., калі лірызацыя, “пацішэнне”, — як заўважыў А. Лойка, — былі “звязаны з паглыбленнем паэтаў у інтымны свет перажыванняў, у натурфіласофію…”7 Гэты ўспрыняты сэрцам кірунак паэтычнага выяўлення ў значнай ступені выратаваў яго як творцу ў 70-80-я гг., дапамог у лепшых вершах адчуць і захаваць натуральнасць, арганічнасць голасу, чалавеча-пачуццёвую змястоўнасць радка, не дазволіў забыцца на тое, што душэўны вопыт, самапаглыбленне – адвечная крыніца паэзіі. Прыкладам таго могуць паслужыць любоўная лірыка паэта, яго прыродаапісальныя творы.
Аднак — і ў гэтым бачыцца агульная заканамернасць існавання творцы ва ўмовах ідэалагічнага падману і дэмагогіі — паэт сплаціў даніну свайму часу. Ён услаўляў тую пару юнацка-камсамольскай рамантыкі, калі лепшыя гады маладосці прысвячаліся “будоўлі веку, што завецца БАМ” (верш “Гады юнацтва”). Сапраўды, так тады ўспрымалася будаўніцтва магістралі: маўляў, гэта “галоўная з усіх… дарог”, “дарога станаўлення і натхнення”, і яна ўвасабляе “светлы сэнс жыцця” (5 — 6). Можна згадаць, што ў той час пра БАМ пісалі многія паэты (назавём тут хоць бы паэмы Яўгена Еўтушэнкі “Прасека” ці Уладзіміра Някляева “Дарога дарог”). У вершах, напісаных Л. Пранчаком на тэму БАМа, жыве пафас часу, праўда пра той перыяд камуністычнага будаўніцтва, калі покліч партыі да моладзі пракласці “дарогу дарог” выклікаў павышаны энтузіязм, патрыятычны ўздым: “Iняма нам спачыну. / Не скарымся журбе. / Мы будуем Айчыну — / Мы будуем сябе”(“Будаўнічы атрад”, 16); “Мы на БАМе, / Нібы на паверцы / Спраў сваіх, / Сваіх адчайных слоў”8(“Зведаў шчасце…”). Што было, тое было, і не будзем адмаўляць відавочнае: у 70-80-я гг. многія маладыя верылі ў вялікасць спраў краіны, захапляліся перспектывамі новых здзяйсненняў. Таму, натуральна, культываваліся такія рысы характару, як мужнасць, рызыкоўнасць, аптымізм. А галоўнае — і гэта выдатна паказаў у сваіх творах паэт — моладзь ядналі праца, дружба, каханне. I няхай сабе хтосьці кажа, што той застойны БАМаўскі час — гэта страчаныя гады, аднак для Л. Пранчака і ягоных равеснікаў БАМ — гэта і штосьці абавязкова добрае, станоўчае, звязанае з сяброўствам і каханнем, увогуле з людзьмі і прыродай. Паэт прызнаваўся: “Жыву без цяпла і без дому, / Трызню каханнем і вершамі…”(“Жыву без цяпла і без дому…”, 16). I ў нізцы вершаў “Ясак любові” са зборніка “Лагодны промень раніцы”, і ў творах з “Першапутку” гучыць пранікнёная паэтызацыя працы, любоўных пачуццяў, таямнічага хараства тайгі. Тут выказана нямала праўдзівых слоў-адчуванняў, як, напрыклад, у вершах “Узыдзе месяц з-за хмар…”, “Закон тайгі”, “У лазні”, “Я іду да людзей”, “Чакаю” і інш. Возьмем верш “Талака”, у якім песенна, з раскрыленасцю пачуццяў паэт гаворыць пра радасць паяднання людскіх сэрцаў, услаўляе адвечныя асновы супольнага маральна-духоўнага жыцця на зямлі:
Выйдзем разам змагацца з бядой.
Мы за дружбу устанем гарой.
Не пакіне ў бядзе сябрука
Талака, талака, талака.
Светлай радасці нам не суняць…
Хай да раніцы песні звіняць.
Хай шуміць, як вясною рака, —
Талака, талака, талака! (11).
Вельмі часта аўтар трапляе ў абладу настальгіі па роднай зямлі, выказвае захапленне яе красой, гаворыць з душэўнай прачуласцю пра самае святое — маці, бацьку, дзеда, матчына слова, родную вёску. У творах “На павуцінцы мерыдыяна…”, “Беларуская сопка”, “Жывая вада”, “Ранкі маленства”, “Туга па Беларусі”, “Нас па свеце лёс раскідае…”, “Пакуль я вандраваў”, “Прызнанне”, “Санеты вяртання” гучыць лірычная тэма Радзімы-Беларусі, тут выліваецца паэтава бязмежная любоў да роднага свету. “Жывая вада бруіцца /Толькі з радзімых крыніц” (53), — гаворыць паэт у вершы “Жывая вада” пра першавытокі духоўнага існавання. А ў другім творы патрыятычны матыў набывае вялікі духоўны сэнс і гучыць вельмі афарыстычна:
Ростань душы самота яднае.
Па-за роднай бацькоўскай зямлёй
Беларус беларуса пазнае
Па любві да радзімы сваёй (67).
Нас па свеце лёс раскідае…
Апынуўшыся далёка ад Беларусі, паэт мацней адчуў радзіму, унутраную повязь з ёй: “У кожным з нас жыве / Маленькая радзіма” (“Туга па Беларусі”, 38). Па сутнасці, “Першапутак” — гэта ў значнай ступені лірычна-пранікнёная споведзь усяго чалавечага, бясконца роднага, крэўна беларускага. I гэта асабліва істотны сэнсава-духоўны цэнтр паэтычнага свету Л. Пранчака. Так, у яго паэзіі 80-х навідавоку абстракцыі, дэкларацыі, рыторыка. Многае прамаўлялася шчыра. Тым не менш уплыў ідэалагічнага, наноснага не змог зацяніць душэўна-сутнаснага зместу жыцця, у якім найперш знаходзілася месца жывому чалавечаму пачуццю.
Паэт душою гарнуўся да сібірскай прыроды, шукаў у ёй падабенства “з малюнкамі маленства, з радзімай стараной “Уражаны, дзіўлюся / Малюнкамі зары. / Пейзажаў Беларусі / Не стрэць ля Ангары” (“Сустрэча”. 25). Экзатычныя краявіды і вобразы прыроды запамінальна намаляваны ў вершах “Калыска халадоў”, “Сярэбраны бор”, “Якуцкі лён”, “Іван-чай” і некаторых іншых. Увогуле, гэтыя вершы пра сібірскі край у беларускай паэзіі блізкія да твораў аналагічнай тэматыкі Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Звонака, Андрэя Александровіча, Язэпа Пушчы, Максіма Танка, Юркі Гаўрука, Сяргея Новіка-Пеюна, Анатоля Сербантовіча і інш. Як бачым, сібірскія краявіды адлюстраваны пераважна ў творчасці тых паэтаў, якія былі рэпрэсаваны і высланы ў далёкі край маразоў і халадоў. Вершы-прыродаапісанні Леаніда Пранчака таксама даюць уяўленне пра клімат, краявіды Сібіры. Сузіраючы тамтэйшую суровую рэчаіснасць, аўтар у думках пераносіцца на радзіму. Таму ў завейнай Якуціі яму з вышыні сопкі адкрываюцца “Краю роднага / Жніўныя гоні. / Вербы ніцыя над ракой, / На папасе буланыя коні…” (“Беларуская сопка”, 32). Паэту, які родам з палескай вёскі, згадваюцца сады ў квецені, жніўная пара… Самотна ўслухоўваецца ён у гукі восеньскага жураўлінага кліна. Паэтычны пейзаж таксама становіцца ўвасабленнем настальгічных пачуццяў:
Самотны маладзік
Плыве між хмар,
Заглядвае ў выбоіны і лужы,
Нырае ў пацямнелую раку,
Бадзяецца на сіверы лядачым…
І ўсё ж —
Зайздрошчу я маладзіку:
Ён з вышыні —
Маю радзіму бачыць (52).
Пакуль я вандраваў…
Усхваляваны Леанід Пранчак, як і некалі Пімен Панчанка ў далёкім Іране, сустрэчай з бярозай, якая атаясамліваецца з радзімай (верш “Сустрэча”). Тайгу паэт у “Таежнай баладзе” параўноўвае з дзікім космасам, а ў вершы “Калыска халадоў” супастаўляе вобразы сцюдзёнай зямлі і жытнёвага поля. У лепшых радках аўтар здолеў раскрыць прыгажосць сібірскай прыроды, яе нязвычнасць для вока беларуса, вобразна-ярка выказаў свае ўражанні. Ён як пейзажыст добра валодае жывапісным словам: “А лісты бяроз, / Нібы лісічкі, / Шыюцца пагрэцца ў рыжы мох…” (“Сцішанасць, маўклівасць, адзінота…”, 58).
А наогул, як нам здаецца, адметнасцю стылёвага почырку Леаніда Пранчака з’яўляецца ўменне выказвацца задушэўна-проста, пранікнёна, роздумна і — падкрэслім яшчэ раз — напеўна-мілагучна, паяднаўшы ў вершаваным радку музыку і пластыку. Калісьці рускі пісьменнік А. Белы гаварыў, што, “набліжаючыся да музыкі, мастацкі твор становіцца і глыбейшы, і шырэйшы”9. Вершы Л. Пранчака пра каханне наскрозь прасякнуты музыкай, у іх выяўляецца рух пачуцця, дынаміка слова як эмацыйна-музыкальны лад паэтычнага светаўспрымання. Музыка, лічыў А. Блок, папярэднічае ўсяму, яна — аснова свету. У Л. Пранчака многія мелодыі кахання — гэта мелодыі сэрца, шчырай радасці альбо суму, тугі:
Неспадзяванае расстанне,
Начы праклятай тлум і стынь…
Сустрэча, ростань і каханне.
Святлана, свята і святлынь10.
Ад грому неба ўздрыганецца…
Песні паэта пра каханне — гэта лірыка яркай пачуццёвасці, асаблівай задушэўнай танальнасці, вытанчанага моўна-паэтычнага сінтаксісу. Нездарма яго любоўныя радкі лёгка леглі на нотны стан нашых беларускіх кампазітараў, загучалі цудоўна, уражліва, пра што сведчаць такія песні, як “Каханая” В. Іванова, “Каля Чырвонага касцёла” Л. Захлеўнага, “Паклонніца” Э. Ханка, “Пяшчота” Зм. Яўтуховіча і інш. Л. Пранчак — сапраўдны майстар песеннай тэкстуры, паэт, які выспеўвае слова, выгаворвае яго з гукавой выразнасцю, прачула. На сённяшні дзень ён — аўтар ужо каля 300 тэкстаў песняў і рамансаў. І асабліва багата сярод іх твораў пра каханне. Каханне для паэта — “Біблія душы”: “Дзе б ні быў, — / У любоў, / Як у Бога, я верыў”11 (“Гр а з к і восеньскі шлях…”). Тэма кахання ў яго творчасці стала ўнутрана неабходнай і сапраўды скразной, пра што сведчаць і вершаваныя публікацыі 90-х гг., напрыклад, у часопісе “Акно” (1994. № 2) і газеце “ЛіМ” (1998. 5 чэрв.): вершы “Заўжды са мной…”, “Вакзал віруе…”, “Без цябе не жыву, а сумую…”, “У гэтым горадзе чужым…” і інш. Падрыхтаваная да выдання і знаходзіцца ў вытворчасці новая кніга паэта “Біблія для каханай”, якая адрасавана “ў першую чаргу жанчынам — каханым і маці”12. На прыкладзе паэзіі Л. Пранчака пераконваешся: без кахання няма і не можа быць паэта, без гэтага пачуцця ён проста не можа жыць і тварыць.
90-я гады ў творчасці Л. Пранчака (і гэта агульная тэндэнцыя ўсёй сучаснай беларускай паэзіі) сталі часам уздыму патрыятычна-нацыянальнай тэматыкі, сцвярджальна-пафаснага ўслаўлення Беларусі-маці, яе мінулага і сучаснага, пазначаных адраджэнскімі памкненнямі. I ў той жа час сёння ў лірыцы паэта загучалі драматычныя ноты, бо яму крыўдна і балюча за лёс Беларусі. “Ды ўсё ж — тут мая Беларусь: /Радзіма, Галгофа, Надзея”13, — даводзіць ён (верш “Каханая, тут не Парыж…”). Паэт напісаў шмат вершаў-песняў на тэму Беларусі, такіх, як “Полацак”, “Няміга”, “Гародня”, “Чужацкія коні”, “Белая-белая Русь” і інш. 3 глыбокай сэнсавай напоўненасцю радка выказаны патрыятычныя пачуцці ў творы “Беларусы Амерыкі” (яго паклаў на музыку Зм. Яўтуховіч):
Бо не маю нічога на свеце
Даражэй, чым бацькоўскія гоні.
Беларусь мая — зорка ў сусвеце,
Што ніколі не згасне ў сутонні14.
Эмігранцкія шчымлівыя перажыванні Л. Пранчак добра перадаў і ў вершы “Вечная рана”, прысвечаным памяці Ігара Шчорса: “І на самым краі акіяна, / Дзе світанне ружовіцца ледзь, — / Нам Айчына, як вечная рана, — / Будзе ў сэрцах нясцерпна балець”15. Зрэшты, тэма лёсу эміграцыі стала ў паказе Л. Пранчака наватарскай, і тут маюцца на ўвазе не толькі вершы паэта, але і кніга партрэтаў вядомых дзеячаў літаратуры і культуры замежжа “Беларуская Амерыка”. Гэты зборнік склалі шматлікія інтэрв’ю і перапіска з беларускімі эмігрантамі, а таксама цікавыя дакументальныя матэрыялы. Кніга “Беларуская Амерыка” з першых, як кажуць, вуснаў знаёміць нас з лёсам беларусаў, што апынуліся на чужыне. Л. Пранчак піша: “Амерыканскія беларусы не згубіліся ў свеце, захавалі сваю адметнасць і самавітасць, самаахвярна і цярпліва пранеслі па жыцці сваю беларускасць”16. I далей зазначае: “Для мяне непрымальная роля пракурора. Мне, пісьменніку, людзі цікавыя перш за ўсё самі па сабе як асобы, а не як носьбітьі пэўнай ідэалогіі…”17. “Беларуская Амерыка” шмат у чым дапаўняе наша ўяўленне пра даваеннае мінулае, вайну і яе драматычныя старонкі, даносіць да нас споведзі пра зведанае, выпакутаванае, перажытае нашымі суайчыннікамі. Гэтая кніга ўжо прынесла на Беларусі немалую карысць і яшчэ паслужыць нам у спазнанні феномена беларускага замежжа.
Уяўленне пра Л. Пранчака не будзе поўным, калі не сказаць, што ён — дзіцячы паэт, аўтар тэкстаў шматлікіх песняў для дзяцей (“Цік-так, ходзікі”, “Мышка”, “Ясная зараначка”, “Зубраня”, “Добрай ночы” і інш.). Вельмі цікава, з непасрэднасцю апавядальніцкага голасу і проста займальна напісаны яго зборнік для дзяцей “Дзяўчынка беларуска”(1993). Яго, зрэшты, можна залічыць да лепшых кніжак сучаснай паэзіі для дзяцей. Імя Л. Пранчака як дзіцячага паэта можна сустрэць у хрэстаматыях і чытанках па дзіцячай літаратуры. Гэта вельмі сімпатычная з’ява, калі паэт умее пісаць для маленькіх чытачоў, аддае ім часцінку сваёй душы і сэрца.
Паэтычнае слова для Леаніда Пранчака — яго духоўная існасць, аснова адносінаў да жыцця і свету. Слова і музыка — тыя два крылы, якія даюць паэту радасць бытавання на зямлі, клічуць да новых творчых вышыняў.
_________________
1 Сачанка Б. Я — гэта свет… // Універсітэт паэтычны. — Мн., 1971.- С. 153.
2 Вёсны. — Мн., 1977. — С. 56.
3 Флоренскнй П. У водоразделов мысли. — М., 1990. — С. 35.
4 Вёсны. — С. 57.
5 Пранчак Л. Першапутак. — Мн., 1988. — С. 56. Далей цытаты падаюцца па гэтым выданні з пазначэннем старонкі ў дужках.
6 Маладосць. 1989. № 4. С. 37.
7 Лойка А. Паэзія і час. — Мн., 1981. — С. 144.
8 Лагодны промень раніцы. — Мн., 1988. — С. 7.
9 Белый А. Символизм. — М., 1910. — С. 174.
10 Служба быту Беларусі. 1989. № 6. С. 6.
11 Тамсама.
12 Цыт. паводле анатацыі на кнігу вершаў Л. Пранчака “Біблія для каханай”.
13 ЛіМ. 1998. 5 чэрв. С. 8.
14 Пранчак Л. Беларусы Амэрыкі // Беларус. 1992. Снежань (№ 396). С. 2. Т
15 Тамсама. — С. 6.
16 Пранчак Л. Беларуская Амерыка. — Мн., 1994. — С. 14.
17 Тамсама. — С. 15.
Алесь Андруковіч
Андруковіч, А. “… Пачуццяў шчырых схова” : вершы і песні Леаніда Пранчака / Алесь Андруковіч // Роднае слова. – 1998. — № 9. – С. 44-54.
Свидетельство о публикации №117011803641