Ты прыходзь да мяне
узыйдзі басанож на амшалы ганак —
нездарма так дзёрзка і так паўднёва
палымнеў, як вусны твае, ранак!
Ты прыходзь у золак альбо ў спякоту,
бо я мушу вершы пісаць крывёю
ды хварэць смяротна на адзіноту,
пасярод стагоддзя заспеты ёю.
У здзічэлым парку трапеча лісце.
Наабапал дарогі красуюць нівы.
Агаліўшы іклы, бароняць выйсце
львы, якім я кудлаціў грывы.
Я сустрэў цябе менавіта тут вось,
дзе класічны фасад устаў на абцасы.
Як дарослыя кажуць, узнікла сувязь...
І тады было незлічона часу.
Колькі поўных было мне? Ці сем, ці восем.
Я стаяў крыху вышэй за падлогу.
Неўзабаве жнівень скаціўся ў восень,
і яна цягнулася надта доўга.
І з маіх цяпэрашніх, сталых лічбаў,
дзе віруюць заганы, буяюць хібы,
я да дому цябе, дарагая, клічу,
хай ён нават старая ўшчэнт сядзіба.
Праз бярозавы гай і густым калоссем
ты прыходзь з непасціжнай, як скон, далечы.
Назавіся імем ці проста — лёсам,
ад якога я болей ня буду бегчы.
Вось паклікаў цябе — і не так самотна.
І адразу ж усмешка хіне да твару,
бо радкі аб нізводным і незваротным
напісаліся так, як даўно мару.
Свидетельство о публикации №116122906912
Алёна Кустовская 17.05.2017 16:22 Заявить о нарушении