Пераклады М. Шабовича

Нажмите в верхнем левом углу на окно " показать оригинал"!

Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА

ТЫ ПРАБАЧ

Чытай маю кнігу. Мо стане тваёй?
Тут нашыя дні, што нясуцца наўскач.
У гэтых радках – маіх думак сувой,
А што не сумела сказаць – ты прабач.

Прабач, што й табе несалодка было,
Што здрада  і слава суседзяць штоміг.
Жыццём я спасцігнула ісцін святло:
Не выказаць горычы, болю за ўсіх.

Паперу, аловак бяры – і пішы,
І ў бедах-нягодах адкрыйся да дна.
Хай рвецца плаціна пакутаў душы,
І боль выцякае, і нікне віна…

***
А музыка пад стрэхамі начуе,
І той, хто не глухі, калісь пачуе…

Яе сляпы музыка сачыняе,
А жонка запісаць яе імкнецца.
Дачка пасля развучыць і сыграе,
Да клавішаў пяшчотна дакранецца…
І хтосьці (мо ад шчасця?) зарыдае,
І ў кімсьці лёс,
    як рэха,
       адгукнецца.

***
А чаромха белая
Адцвіла так рана.
Навальніцы схлынулі.
Снежань ля мяжы.

Дзе ж мае салодкія,
Маладыя мары?
Як да іх даехаць мне?
Як дайсці? – скажы.

Да дзявоцтва светлага,
Што кудысьці дзелася…
Помню сцежкі вузкія,
Зорнае святло.

Як кахала моцна я,
А мацней – нудзілася…
Пачуццё растаяла,
Як і не было…

***
Ну, не спі ты! Мне так мала
Прыгажосць адной глядзець.
Ночка зырка адпалала,
І зара прыйшла – гарэць.

Нараджалася нясмела,
Разлілася ж – не стрымаць,
Так, здаецца, зазвінела,
Што нікому не суняць.

Затрубіла, нібы ў трубы.
О зара! Душы наіў!..
Ты праспаў, я плачу: 
    –Любы!
Не знайсці, калі згубіў…

***
В.Ф. і В.А.Пярвушыным
У людзей і прыроды – пара лістападу…
О, якая ж ты шчодрая, восень, да змогі:

Цёпла-жоўтае золата – сэрцу на радасць –
Безаглядна-бязрупатна кінуць пад ногі!
І заснуць да марозу, да сцюжы, да граду…
І ці варта шукаць нам найлепшае долі?

Мы даўней і сягоння – адзінаму рады:
Сэрца ў сэрца пражыць і не здрадзіць ніколі.

***
Вам болей не ўладарыць нада мной – 
Я думала. А сёння падаецца:
Жыць, можа, прызвычаюся з віной,
Хоць горыч-боль на сэрцы застанецца. 

Як застанецца здрады рубікон, 
Апёк душы – маланкавы, без грому –
І цемра непрасветная акон
Даўным-даўно пакінутага дома.

***
Промнем ліхтара ўварваўся вечар –
і упалі ўраз між берагамі
вельмі неглыбокага – па плечы – 
вадаёма – дагары нагамі: 
неба, травы, яблыні і грушы.
Цені ад вячэрняга туману
сцёрлі ўсе абрысы, ты паслухай
гэты шэпат, спелых зор мігценне
там, на гулкім дне, і зіхаценне – 
у стаўку, што побач, перад намі, 
дзе вада – танюткімі кругамі… 
Паднырнуць пад вечнасць? Дык яна,
пэўна ж, тут, і, пэўна што, без дна!..

Мой ставок малы, я гэта знаю, 
ды настрой такі, і ноч – такая. 

БАБУЛЯ АЛЁНА

Мне бабуля выткала 
Вечар, сенажаць:
На траве  налітыя 
Яблыкі ляжаць…

Над ружовай рэчкаю –
Казачная гладзь, 
І стажочкі – свечкамі
Свецяцца, гараць…

А дзядулю ў ножанькі –
Беленькі ручнік, 
Каб паслаў ім Божанька
Долю на дваіх…

Ці не той жа ніткаю,
Можа, на вякі
Мне бабуля выткала 
Гэтыя радкі…

СТАМІЛАСЯ

А душа  не ўмяшчае ні гэтага цёплага ранку,
Што напоўнены пахам чаромхі ды свежай раллі,
Ні сінюткіх нябёс, ні шчаслівых буслоў на буслянцы,
А  самоціцца-плача  і сонцу не рада калі.

Бо стамілася проста. Для радасці сілы замала.
Так стамляюцца жылы  ад доўгай пакутнай хады,
Так губляе надзею і зорка, што знічкаю стала,
Так рака перасохлая марыць аб кроплі вады.

Марнасць сэрцабіцця, а наўкол – каралеўства падману
І ліслівых усмешак халодна-пакутлівы шчым…
І пагляду, што цэліцца ў шэрую прорву туману,
Не адвесці, бадай, не сагрэць,  не звясновіць нічым.

***
Я ніколі цябе не забуду,
Ну, а ты забывай, забывай.
Толькі хвілю з табою пабуду –
І памчуся ў заснежаны край. 

У абдымкі сівой завірухі,
Што імкліва  заснежыць мой след.
Не супыніш ні словам, ні рухам,
Нават позірк не кінеш наўслед.

І, спіной адчуваючы холад
Дзён мінулых, былых перамог,
Не пачую  сталёвы твой голас
На сляпых скрыжаваннях дарог.

Як балюча ступаю. Увішны
Крок мой слабне і тупіцца зрок.
Мо адзін толькі знае Ўсявышні,
Што зрабіла я правільны крок.

Ён адзін прамаўляе здалёку: 
Пройдзе ўсё, і я буду лятаць,
І вясной маладой, сінявокай
Буду песні аб шчасці складаць.

Толькі я… Я нічога не знаю,
Ад былога – дзяўчынкай бягу,
І, як свечка, у цьме дагараю,
І нічога забыць не магу.

ЗАЛАТАЯ КРОПЛЯ
Зноў завірухі, снегавеі…
Ані праезду, ні праходу…
А чаша лёсу ўсё паўнее
Так немінуча год ад году. 

Яшчэ нядаўна – паўпустая,
А заўтра можа і праліцца.
Не трэба, кропля залатая,
Дай мне напоўніцу адбыцца.

Не адрывайся, супыніся,
Шчэ паваюем мы нямала.
Не ўсе дажджы шчэ праліліся,
Не ўсе шчэ травы адбуялі.

Не ўсе мной пройдзены дарогі,
І кожны міг – такі салодкі.
Закон апошняй кроплі строгі,
Няўмольны ён, ды “ўсё-ткі, ўсё-ткі…”


ВОДАР МЯТЫ
 
Я адпрэчу гады,
бо сялянскай закваскі,
і вярнуся туды,
нібы ў дзіўную казку.

Там, у вёсцы маёй, –
залатыя імгненні.
Пад начной сінявой
пахадзіць так прыемна.

Ўсё пакіну я вам,
жыхары гарадскія:
шамаценне рэклам
і агрэхі людскія.

Ўсе заслугі, чыны,
дэвідэнты пад неба
я забуду – яны
там, на вёсцы, ці трэба?   

Водар мяты, палын –
мне найлепшыя лекі.
Вёска ў сэрцы  маім 
сёння, заўтра, навекі.


Рецензии