Бацькаушчына

Проста занурыся ў цішыню,
Вобмацкам знайдзі ў душу дарогу.
І адчуй, як чоўнамі плывуць
Па рацэ жывой стагодзьдзі к Богу.

Родную пачуй бацькоў зямлю,
Што шукалі долю ды кахалі.
Зьведалі гароту, сьмех, суму,
Верай душу й цела мацавалі.

Шмат было й думак, і надзей,
Роспачы й радасьці багата.
Нішчыў вораг, зводзіў ліхадзей,
Але сонца зноў зіхцела ў хатах.

Мова расьцякалась, як ручай,
Птушкай сьпеўнай лашчыла й грэла.
Ў вусны ты яе вазьмі, зайграй,
Каб душа бяз мовы не зьнямела.

Стому надвячоркам змыўшы з рук,
Прыкладзі да сэрца напамінам.
Зразумееш — Бацькаўшчына тут
І яе жывая ты цагліна.

Ты яе шануй, не пагарджай,
Ад калыскі і да дамавіны.
І зьбірай тут праўды ўраджай,
Свой народ вядзі ў Хрыста краіну.

Дбай пра родных, дбай пра сваякоў,
Бога запавет не забывайся.
Нас бацькоў зямлі злучыла кроў,
Каб у неба разам нам узьняцца.


Рецензии