Доверие

                Давер

Да сына, на службу, здалёку прыехала маці;
Пытанні—адказы:--“Ну, як там у бацькавай хаце?”
“А як тут, у часці,--матуля паціху пытае,--
Ці кормяць хоць добра? Наогул, ці ежы хапае?”

Смяецца салдацік, ды сум у вачах прыхаваны,
Бо ён, як лісточак, што з дрэва не ў час адарваны.
“Ты, мам, не хвалюйся. Я, бачыш, жывы і здаровы,
Для вас фотаздымкі даўно ўжо на памяць гатовы”.

Хлапчына-дэсантнік глядзіць з фотакартак сур’ёзна.
І радасна маці, і разам маркотна-трывожна,
Бо дзеці для мамы заўжды незагойная рана.
“Каму ж гэта, сынку, выводзіш ты надпіс старанна?”

“Ды я тут падумаў, навошта пісьмо. Разумееш:
Да хаты хутчэй ты за пошту прыехаць паспееш…”
З надзеяй-даверам у вочы салдат пазірае:
“Каму перадаць фотакартку, сама, мусіць, знаеш?”

“Ну, як тут не ведаць-- Усміхаецца ласкава маці--
Усе госцейкі бачылі, з кім быў на покуце ў хаце.
Далоньку чыю ў руцэ сваёй грэў ты і песціў,
То так і сказаў бы—аддай фотакартку нявесце”.

Ад слоў затрымцелі прыгожыя цёмныя вейкі
І сам на сябе зазлаваў ён—як хлопчык маленькі.
І зноў, бы ў дзяцінстве, яго супакойвала маці:
“Дасць Бог, і вяселле згуляем яшчэ ў нашай хаце”.

1998 год
здымак з інтэрнэта


Рецензии