Как пишут стихи
Пытаюцца часта, як пішуцца вершы?
Ды толькі хіба растлумачыш такое…
Народзіцца ў сэрцы аднойчы з іх першы,
Які у далейшым пазбавіць спакою.
З’яўляюцца словы ў пакутах і болі,
І часам улады над імі не маеш,
Хаця нарадзіліся вершы--на волі,
Усё перачытваеш іх, папраўляеш.
Здаецца, што ўсё дасканала. І раптам
Убачыш памылку, і словы не тыя.
Паставіла іх выпадкова і гвалтам,
Таму і стаяць яны, быццам чужыя.
А трэба душу каб і сэрца гаілі,
Каб грэлі цяплом гукі роднае мовы,
І вусны мае зноўку Бога малілі:
Пашлі мне ў радкі найпатрэбныя словы.
Пытаюцца часта, які верш найлепшы?
Ды ёсць хіба ў маці нялюбыя дзеці?
Мне блізкія ўсе, і апошні, і першы,
Хачу, каб ад іх больш цяпла было ў свеце.
1996 год
здымак з інтэрнэта
Свидетельство о публикации №116111403783