Як хочацца верыць

Як хочацца верыць, што ў свеце існуе каханне.
Як хочацца бачыць палёт патаемнай пяшчоты,
Дзе сэрца спявае і ўздых захапляе дыханне
Ад самай высокай, прыгожай, таемнае ноты.

Калі цябе ўбачыў -- зямля паплыла пад нагамі,
І сонца праменнем надзей асляпіла мне вочы.
Здаецца, што хвалі мой сум назаўжды развагалі,
Каб я да цябе па дарозе пачуццяў пакрочыў.

Калі хтосьці скажа, што так не бывае -- не верце!
Дзівак той няздольны любіць і жыццём захапляцца.
Ён проста не бачыў лісты і паштоўкі ў канверце,
Дзе словы прызнанняў гатовы да долу схіляцца.

О, колькі тых словаў было! -- не злічыць мне ніколі.
Мы разам з каханай ішлі па дарозе любові:
Каб нашы пачуцці не зведалі смутку і болю,
Любоў бераглі, каб было на зямлі яе болей.


Рецензии