Перад навальнiцай
Нібы са спёкі вынырнуўшы, вецер.
Памітусіўся і зашыўся ў вецце.
Цяжкая хмара — шэры дажджавоз -
Грудзямі пышнымі накрыла дахі,
Прымяла і заціснула пад пахі
Балоцінку з асмяглай кучкай лоз.
Няўрымслівы адзін праменьчык-зух
Па сінім лапіку на небакраі
Скакаў, не паддаваўся цёмнай зграі,
Ды неўзабаве здаўся і патух.
Сцямнела напалоханае неба,
І з цёплым пахам скошанага хлеба
Змяшаўся навальнічны грозны дух.
Завісла ціш над стомленым сялом.
Сівая хмарышча паўзе, таўстуха,
Варушыцца, сапе, уздыхае глуха
І месіць раскалмачаным крылом
Паветра, нерухомае, густое,
Прыдушанае п'янай духатою,
Цягуча-пераспелым, злым цяплом.
Падаў нясмелы голас гром-дзіця.
І ўжо спрасонку ў ладкі плешчуць бэзы
Прэлюдыі нябеснае імпрэзы,
Урачыстай велічы стыхій зліцця -
Распора паднябессе бліскавіца,
Каб даць зямлі змарнелай наталіцца
Азонавымі кроплямі жыцця.
Лета 2016
Свидетельство о публикации №116081007054
Натхнення Вам жадаю. Прашу прабачэння, не ведаю, як у планшэце знайсцi у кароткае. Можа падкажаце.
Людмила Третьякова-Брановская 17.01.2018 13:26 Заявить о нарушении
А пра ў не падкажу))), ды мабыць яго на планшэце і няма, да мяне ўжо не раз звярталіся знаёмыя падставіць яго ў тэксце.
Дабра Вам, здароўя і ўсмешак!
Клавдия Семеновна 22.01.2018 21:50 Заявить о нарушении