Я не магу з табою болей жыць...
І ты са мною пэўна жыць не можаш,
Душа мая, ці здольны мы стварыць
Яшчэ хоць штось на гэтым раздарожжы?
Ты леваруч спяшаешся, а я
Мо праваруч, мо прама - сам не знаю,
Дык дайце мне імклівага каня,
Заплюшчу вочы, хай нясе да краю.
Туды дзе ўжо не чутна галасоў,
Няма маны, абразы і нахабства,
У край густых нязведаных лясоў,
Дзе дабрыню не лічуць за махлярства.
Ну што ты скажаш, здолеем ці не
Яшчэ хоць нешта мы з табою скласці?
Такое што чыюсь душу кране,
Такое што прымусіць сцены ўпасці.
Ці варта разыходзіцца цяпер
Вось тутака на гэтым раздарожжы
Пад звыклае святло нябесных сфер...
Няможна.
Свидетельство о публикации №116081006850