Марскiя замалёукi

Палошча мора хваляй чыстай
І лашчыць пенай серабрыстай,
І на плячах мяне люляе,
І ў пырсках сонечных купае.

***
Каменьчык, аблашчаны сонцам
На мокрай далоні.
І лета здаецца бясконцым
У мора на ўлонні.

***
Мора хваляю серабрыстаю,
Белапеннаю, мяккай, чыстаю,
На пяску ля ног рассцілаецца,
Аб каменьчыкі разбіваецца.

***
Ай ды хваля! Набяжыць,
На пясочку паляжыць
Ды назад у мора - скок! -
Не злавіць за мокры бок!

***
Сёння мора нешта не ў гуморы,
Пенныя ўздымае грабяні,
Грозна  вадзяныя коціць горы
І шпурляе хвалі ў камяні.

***
Я ў далоні трымаю мора -
Кавалачак хвалі салёнай.
Сінім лашчыла вока ўчора,
А сёння здаецца зялёнай...

***
Вечарэе. Сонца збіраецца
Нырнуць у мора.
Залатым святлом заліваецца
Наўсцяж прастора.

***
На пясочку ля вады
Ланцужком ляглі сляды.
Мора хваляй наплыло,
І слядоў - як не было...

***
Мора ночку ўсю  не спала,
Камяням бакі лізала
І пясочак паласкала,
Цёплы беражок люляла,
Шэптам песеньку спявала:
"Шу-шу-шу, шу-шу-шу,
Спі, а я пакалышу".


Рецензии