Вагончык з чыгунками

Шмат таямнічага ў свеце,
І шмат пытанняў без адказу.
У час маленства ўсе мы, дзеці,
Жадаем ведаць усё адразу.

– Чаму агеньчык з язычкамі?
– Чаму з нябёс вада ліецца?
– І тое месца з цягнікамі
Чаму чыгункаю завецца?

– А што вязуць у вагоне гэтым?
Напэўна, чыгункі бабуле?
Я ў вёсцы бачыла іх летам.
Таму чыгунка? Так, матуля?

– А хто стаіць там на пероне?
І што ўдалечыні маячыць?
Давай пракацімся ў вагоне!
Хачу свет праз акно пабачыць!

І хутка паляцяць карцінкі,
Нібы ў размаляваным сшытку.
Цягнік спыніўся на хвілінку
І зноў стралой пусціўся прыткай…

І праз гады ў маіх успамінах
Жыве вагон той з чыгункамі.
Не дзіўна, што яшчэ дзяўчынай
Свой шлях звязала з цягнікамі.

У дарозе я адпачываю,
Гляджу на розныя малюнкі,
Старонкі новыя гартаю
Ў кнізе дзён маёй чыгункі.

Люблю і ў дождж, і ў завіруху
Я назіраць за наваколлем
І адчуваць таемнасць руху,
Калі аб рэйкі б'юцца колы.

Цяпер я ведаю з гадамі,
Чаму чыгунка так завецца.
А той вагончык з чыгункамі
Ў маім дзяцінстве застанецца.


Рецензии