Скрыпка
Падаецца, усё, як звычайна: канцэрты, гастролi,
I нiчога благога з табою не можа адбыцца,
Толькi час i абставiны зблыталi лёсы i ролi,
I аднойчы скрыпачкi душа пасялiлася ў скрыпцы.
Чалавек без душы не жыве – гэта ведае кожны.
Пахавалi скрыпачку, i скрыпку паклалi ў магiлу.
Скрыпка ныла, стагнала, i голас яе асцярожны
З кожным шуфлем зямлi набiраў адпаведную сiлу.
Атрымалася так, што яе пахавали жывою:
Старадаўния скрыпкi – надзвычай цiкавыя рэчы.
Пачала яна бiцца аб крышку сваёй галавою,
Спадзявацца, што хтосьцi абдыме худзенькiя плечы.
Час ад часу яна выдавала самотныя гукi,
Меркавала, што некалi ейныя здзейсняцца мары:
Нехта возьме яе ў бездакорна-музычныя рукi
I сыграе пра тое, як цёмна i сумна ў футляры.
Снiла твар, што яе дакранаўся – прыгожы i юны,
Па абодвух баках ад яго – валасы залатыя,
Як танюсенькiм пальцам былi паслухмяныя струны,
Як гучалi акорды – сапраўдныя, самыя тыя.
Часта снiла, што ёй апладыруе поўная зала,
Ганарылася бацькам (казала, што ён – Страдывары).
Забывалася… Потым смычку пра Амацi казала,
И празрыстыя слёзы адчаю блiшчэлi на твары.
Недасяжнымi зоркамi ёй зiхацелi сафiты,
Разлiвалiся гукi: бурштынны, крыштальны i срэбны…
Чалавек – нiбы скрыпка: аднойчы ў футляры забыты,
Спадзяецца, што некалi некаму будзе патрэбны.
***
Так здараецца: супраць абставiнаў цяжка змагацца.
Перамога над iншымi не дадае асалоды.
Быць прыемна наперадзе, першаю скрыпкаю звацца,
Толькi гэта цябе пазбаўляе ўсялякай свабоды.
Дзесяць крокаў наперад, а там – непазбежная яма,
Дзесяць крокаў у бок – за кулiсамi кiслыя мiны,
Дзесяць крокаў назад – i пачнецца сапраўдная драма,
Ад мiнулых паслуг застануцца адныя ўспамiны.
24.04.2016
Smarhon’
Свидетельство о публикации №116042500034