З книги Тройчы Адзины, Зорныя ноты

*     *    *
Услухвайся ў слова,
Празрыстае слова паэтаў,
Дзе Божая праўда грыміць ад гармоній сусветаў,
Дзе водбліскі сэнсаў плывуць ад далёкіх сузор’яў,
Дзе слова звініць, як струна,
Дзе слова шчыміць, і смыліць, і баліць,
Нібы нервы ў падпаленым сэрцы,
Дзе слова, —
Як провад, пад токам у вершы!
Услухвайся ў слова.
       Зорныя ноты
На самай высокай ноце
Агню песнаспеўнага Духу
Самотна мне ў адзіноце
Зорныя зыкі слухаць.

Як хораша тут, пад сонцам,
А не ў міжзорнай прасторы,
Знаць, што жыццё бясконца
Сочыць таемнасць зорак.

На самай глыбіннай ноце
Майго неўтаймоўнага Духу
Прыходзіць святло з цямноцця
І зоры адважна рухае.

           *    *     *
Душа – не скаваная целам –
Аголены боль,
Вузельчык пачуццяў, жаданняў і думак.
Душа, не скаваная целам,
Ляцела
Праз цемень сусветаў,
Касмічны агонь.
І крылы не апаліла…
І ведала ўсё:
ШТО БЫЛО,
І ШТО ЁСЦЬ,
І ШТО БУДЗЕ ЯШЧЭ.
А заўтра –
Абудзяць палонніцай грэшнага цела –
Забудзе.
І толькі мо ў песні,
Што вырвецца птахам на волю,
Уваскрэсне,
Успомніць адвечную
Зорную долю.

            
            *     *     *
“Жыццё ёсць сон” — так гаварыў калісьці
Адзін паэт і сведчыў гэту існасць:
Звычайнае зямное існаванне
І брудна-бытавое парыванне
Да ўцехаў цела — ёсць сон жыцця.
Але ж ёсць проста сон?
Дарэмна ён
Нам бачыцца праявай небыцця…

              Горад сляпых
                “Вы думаете время идет?
                Безумцы! это вы проходите!”
                (Талмуд)
Ці могуць дарогу знайсці невідушчыя,
Што бродзяць у цемрыве ісцін падманных?
Навобмацак ходзяць,
Грувасцяцца лбамі,
І лезуць на сцены, таму што не маюць вачэй,
І думаюць: час цячэ...
Час ідзе і праходзіць,
Мінае...
Яны гэты час пражываюць.
Ці могуць дарогу знайсці невідушчыя? —
У іхніх абліччах пустыя вачніцы,
Не слязамі сплываюць,
А болем калючым —
Хто іх навучыць?
Выведзе хто іх?
Гэта горад сляпых —
Тут кожны шукае дарогу
Да шчасця, да славы, да Бога...
І кожны шукае на гэтай дарозе
Сябе.

             *      *    *
Хоць страляюць па каханні халастымі,
На душу з іх кожны паляваў —
Вось і зыркаеш вачніцамі пустымі,
Не знаходзіш больш таго, што цалаваў.

Праз нядолю пакульгаеш пілігрымам,
Ноша цяжкае прыцісне да зямлі,
Азірнешся — а вакол цябе пустыня,
Нат не верыцца: шчаслівымі ж былі.

Хоць страляеш па каханню халастымі —
Так балюча, прама ў сэрца — рыкашэт!
І павольна кроў гарачае астыне,
І вар’яцтвам завіруецца сусвет.

                *      *     *
А вы не бачылі маёй каханай?
Яна ж была тут засім нядаўна…
Пайшла…
А куды? — не сказала.
Пайшла…
А жыццё ідзе?
А вы не бачылі маёй каханай?
Яна ж была тут зусім нядаўна,
Здаецца, нават учора
На гэтых каленях сядзела.
Пайшла…
А калі? — не сказала.
Прапала ў шуме вакзалаў.
Паехала, ці паляцела,
Ці, можа, за мора сплыла?
А можа, на небе зоркаю стала? —
Яна не сказала.
А вы не бачылі маёй каханай?
Яшчэ ў яе сінія вочы,
І рукі —
Такія пяшчотныя
Ноччу.
Вы не бачылі
Маёй каханай?
Скажыце, што я чакаю,
Скажыце, на тым жа месцы,
Не трэба другіх і іншых,
Скажыце — яе адну.
Скажыце — не хопіць моцы.
Скажыце, што больш не буду,
Спытайце, ну колькі ж можна?
Скажыце, што я чакаю
Толькі адно жыццё!

           *      *      *
Як пагасне аднойчы сонца,
Стане цёмна на ўсёй зямлі —
Пабрыду па шляхох бясконцых,
Дзе з табою раней жылі.

Вось альтанка, тут я калісьці
Першы раз цябе цалаваў.
Адпачне на змярцвелым лісці
Неспакойная галава.

І прыпомняцца з новым болем
Яркіх дробязяў агняцвет.
Адбыло, не вярнуць ніколі
Трапяткі, як агонь, сусвет.

Мы пачуццямі не ўваскрэснем,
Адгучала даўно імша.
Нарадзіла тут першую песню
Шчасцем спуджаная душа.

Паняслі яны над зямлёю
Да кахання маю тугу.
Што мне песні — ты не са мною,
Я, аслеплы, наўслед бягу.

Калі сонца пагасне аднойчы
І захочацца мне святла —
Я шукацьму і вечнай ноччу
Твой пяшчотны пагляд дзявочы —
Ты ж мне небам паіла вочы,
Ты ж са мной на зямлі была…

                *      *     *
Як адолець, злавіць і адбіць патаемныя сэнсы,
Што мне бачацца ў сініх глыбінях душы?
Ноч прыходзіць суровая, нібы той цэнзар —
Адбірае зярняткі ў спрадвечнай цішы.

Нібы рыбіна ў возеры: блісне лускою на сонцы
І знікае, пусціўшы па версе кругі —
Так і існасць мая: пранікае ў бсяконцасць,
Падмываючы светаў другіх берагі.

Не даецца мне сэнс паратоўны — няўлоўным
Працякае, нібыта скрозь пальцы вада ці пясок.
Як знайсці адпаведана люстэрачка-слоўца,
Каб яго паказаць, як чырвонае золата, мог.

А маленькая друзачка срэбнага шкла
Адлюстроўвае ўраз неабдымнае сонца…
Вось бы так і душа сваю існасць знайшла
І праззяла святлом цераз слова-аконца.

          Ісціна
Спарадзіла мяне маці ў белы свет.
Апусціла на ламачча.
                След у след
Па карчах ды па балотах
Пацягнуўся я з ахвотай
За старой варажбіткай гарбатай
Ісціну сватаць.
Гаварылі: не гідзіся ты гарба,
Як дагоніш, аглядзішся —
Малада Жана-Ісціна…
Горб на спіне — гэта, браце, не бяда.
Торбу поўную не кіне,
Без пасагу не прынадзіш жаніха —
Вось і цягне, і скругляецца спіна.
Пасівелая аблудная карга
Захацела — апалудню прыкульгаў
Да старой варажбіткі гарбатай,
Думаў: ісціну сватаю…
Па карчах ды па балотах
З панядзелка да суботы:
“Што там?! Што там?!” — і ламота
У суставах, аж прыстаў я…
У нядзелю аглядзеўся —
Дзень святы —
І сумеўся: во брыдота!
Гэта ты?
                Ісціна?!
У цябе ж і спераду — спіна!

       Гімн адзіноце
Калі вы спалі —
я выйшаў басанож у ноч,
калі вы спалі.
У цемрадзь выйшаў я,
калі яшчэ вачэй вы не адкрылі,
каб над зямлёю вас падняць, бяскрылых, —
я выйшаў басанож у ноч,
калі вы спалі...
Цямрэча рэзала як нож
булатнай сталі па цёплым сэрцы,
І кроў цякла з гарачых ранаў,
а я пайшоў на захад сонца...
Мой шлях раскрыліўся ў бсяконцасць:
Я прадзіраўся басанож праз ноч,
і час імчаўся наўздагон,
а вы ўсё спалі.
Быў ранак.
Ішоў я Захадм на Ўсход,
каб над зямлёю сонца ўстала.
Маліўся Госпаду Багоў...
Адзін! А вы — праспалі
той міг, калі гадзіннік на імгненне прыпыніўся
і я — адзіны на зямлі,
адзін,
які не спаў
і сам сабе не сніўся —
і над зямлёю Сонца разбудзіў!

         Касмічная залежнасць
Недзе страціў настрой: усё валіцца з рук,
І, бадай, без усякай прычыны.
Нібы думкі папаліся ў выкляты круг —
І страляеш чагосьці вачыма…
“Трэба штосьці зрабіць…”
Я не ведаю: што?
І не знаю, ў каго запытацца?
Можа, лесам пайсці?
Ці спусціцца ў метро?
Ці ў каханні жанчыне прызнацца?
Трэ кагосьці знайсьці!
                Можа, лепш пачакаць?
Ён павінен прыйсці тэрмінова:
Ці Яго сустракаць, ці самому шукаць,
Ці прамовіць чароўнае слова?..
Вось канчаецца дзень,
Зноў ніхто не ідзе, —
І нікога я зноў не знаходжу:
На вялікай, бяздумнай планеце людзей
Проста так да цябе не прыходзяць.
Трэба нешта зрабіць, каб змянілася штосьці!
Можа, ў госці схадзіць да суседа?
Не пайду…
“Што ж так ныюць суставы і косці?”
Што рабіць? Што чакаць? Дзе згубілася мэта?
Нехта йдзе…
Штосьці ёсць!
Набліжаецца Хтосьці…
Раптам жонка пытаецца: “Бачыў камету?”

       Карані роду
“Культура” — “культ”!
                І ў гэтых словах
Не цяжка ўбачыць роду карані,
Бо чалавек трымаецца асновай
За глебу продкаў.
Божа барані
Забыцца нам адкуль мы родам,
Чые нас кормяць агароды,
Датуль завёмся мы народам,
А не жывёл бязродных збродам,
Пакуль шануем карані.

Культура — культ!
                Містычнае ёсць штосьці
У крэўнай роднасці двух слоў.
Мы топчам дзедаўскія косці –
Зямля жывая! — пот і кроў
Далёкіх прашчураў дзядоў
Цяпер завецца сокамі раллі.

Вы адкажыце мне, дзяды,
Была б зямля такой жа урадлівай,
Калі б на ёй спрадвечна не жылі вы?

“Жыццё” і “жыта” —
                яшчэ два роднасныя словы.
А колькі ж іх на ніве роднай мовы
З глыбіняў Духу прарасло,
Каб сёння нас выводзіць на святло.

      Дыпціх крыжа
              1
А раптам, як скончыцца шлях чалавечы
І дойдзе жыццё да мяжы —
Мы Божымі дзецьмі заступім у вечанасць
На новым крутым віражы?

Нас вабяць святлом далячыні сусветаў,
Бо дзесьці чакае зняможаны Дух:
На самай далёкай блакітнай планеце
Даўно распачаўся ўзыходзячы рух…

І нас там чакаюць, без нас там не змогуць
Одолець у неба прыступку быцця,
І ладзяць для НАС там крыжы на Галгофах,
І прагнуць убачыць, нібы адкрыцця…
           2
Не за морам-акіянам,
Не за востравам Буянам —
За Мядзьведзіцай Вялікай
Ды за Млечным Шляхам
        Ёсць Зямля.
Чорны воран напрарочыў:
Як закрыюць мае вочы —
І мяне туды паклічуць,
Лёгкай чайкай белалікай
          Буду я.
Пабудуюць крыж дубовы,
А на скронь — вянок цярновы,
Будуць біць мяне бічамі,
       Як Хрыста.
Пашкадуйце ж мяне, людзі,
Калі раптам гэтак будзе —
Абіраем шлях мы самі —
       Не прыстаць,
Не спыніцца і не збочыць.
Як закрыюць вашы вочы,
То і вас услед паклічуць
        Побач стаць.
Мы адзіным шляхам ходзім:
У спрадвечным карагодзе
Ад амёбы ўсе прыходзяць
        Да Крыжа.
Пашкадуйце ж сябе, людзі,
Калі раптам гэтак будзе:
Не прасілі, не любілі,
        Як казаў…
Вось: з дванаццаці адзіны
Пацалуе і адыдзе —
Як заўсёды, патароча,
      Здрадзіў зноў.
Пашкадуйце ж мяне, людзі,
Так хаця б, як Бога Юда —
Мне ж так хочацца, так хочацца
       Дамоў.

                ПраЯвіцца
        ЧАЛАВЕК ПАВІНЕН ПРАЯВІЦЦА. Чалавек?.. Павінен?.. Праявіцца?..
        ЧАЛАвек — як век чала: стагоддзе думаць... І доўжыцца жыццё ягоны век, і ён павінен... Каму? За што? І за грахі якія вінаватасць і правіннасць?
          Павінен, вінаваты, вінен ён камусьці...
          Што? Віна на ім... Ды перад кім? І ўсё ж, павінен ён перад сабою... Павінен праЯвіцца!
          Калі і як? У чым ягоная правіна і прычына, па якой...
          Па-першае, напэўна — праясніцца? (Так будзе лепей зразумела.) Як неба пасля хмарнай навальніцы, як глыб вачэй, слязьмі амытых, нібы вада чысцюткае крыніцы...
         ПраЯсніцца! Дзе сніцца “Я” і Сутнасць чалавеку... Пасля таго ўжо, як штосьці выясніцца ў ім — мажлівасць будзе і з’явіцца, ды не з нічога аблічча свету паказаць, а ВІЦЦА з “Я” наверх, як дым віецца ў неба ад агню. І ён праявіцца тады...
          Гады ляцяць, як цягнікі, як жалуды дадолу цопаюць гады... А ён павінен параЯвіцца — і не вяроўкі з ветру віць — круціцца, як ФА-СОЛЬ-ЛЯ па спіралі да верхняй ноты "ДО", што раз у раз за кожным кругам падцягвацца да сонца, да святла, каб існаваць і быць... Адбыцца і не знікнуць у бясконцым назаўсёды...
          чалаВЕК паВІНЕН праЯВІЦЦА! Явіцца вінен век...
         І прарастаць! Нібыта парастак праз глебу прарастае — вось так і ён: праз праматэрыю з "Я" віцца і не растаць, як ранішні туман, не знікнуць знічкай на небасхіле вечнасці: нясці святло і не схіліцца, калі і выбліснуць — дык толькі бліскавіцай, маланкай раскалоць зямлю напалавіну, каб скавытала цемра па вуглох: "А каб ты здох!"
        Каб потым доўга-доўга па далінах насіўся рэхам гром.

          
                Святло Слова
          Да Ісціны трэба ісці! Дайсці да ісціны патрэбна, хаця б да той, што з веку ў век жыве па словах, і, склаўшы сэнсам іх, нібы прыступачкі, ісці далей і падымацца да святла.
           Слова — ісціна ЖЫВАЯ.
          Адчуць пачуцці словаў і слову ў душу заглянуць, нібыта ў вочы любае жанчыны...
          Углядвацца ў слова, нібыта ў люстэрка, услухвацца ў Слова, нібыта сусвету сімфонію слухаць, ісці па словах, нібы па лесвіцы Якава ў Неба — і апынуцца аднойчы там, дзе думка, дзеянне і воля спляліся вогненнай стралой, дзе ёсць АДНА ІСЦІНА, якая была калісьці Словам, Плоццю і Хрыстом.
          ІСЦІ НА слова — ісціна душы. Дайсці да сутнасці, закладзенай у словах, каб нарэшце ўбачыць і Свой Шлях. І як бы потым словы сам не перасоўваў — а ўсё адно будуецца аснова, дакладней адбудоўваецца сэнсу першапачатковаму, існуючаму ў Слове ад пачатку.
          Слова — Ісціна! Слова — Логас! Слова — Бог!
           Добра, як няма сумнення ў гэтым. А што калі ўзнікаюць? Калі спакушаемся існасцю Слова і ўсяго, што стаіць за Словам? І так гаворым: "Свят Логас ці не?" СВЯТ ЛОГАС — не? — і думаем яго і паўтараем, пытанне горшае з усіх... Таго не ведаем, не знаем, што слова застаецца непарушным, слухаць трэба, пра што крычыцца да нас сутва: "Свят Логас, не?" — Святло Гасне... І цемрадзь прыступае.
           Як толькі ты засумняваўся — адразу менее святла. Як толькі ты ў сябе спытаўся: "Свят Логас, не?" — то тут жа ўжо глыбінным сэнсам крычацца словы да цябе (яны ж Жывыя!), — святло тваё ўжо гасне...
           Адумайся, што робіш ты?
           У спрадвечнай існасці словаў — гаспадарыць сэнс святла, выблісквае яго соль. СВЯТЛО ГАСПАДАРЫЦЬ! Калі паверыш гэтаму — то пойдзеш далей, дзе валадарыць Адвечнае.
           Святло гаспадарыць — СВЯТ ЛОГАС ПАДАРЫЦЬ...
          Падарыць табе вечнасць!
          Няхай ніколі ў душах не гасне святло Слова!

                Паводле прароцтва
                (акратэлеверш фігурны)
А раптам трэсне зямная вось, — у дзве тысячы дваццаць шостыМ
Раптам, — скруцяцца скруткам нябёсы, планеты і высозныя зорЫ
Аднойчы ўпадуць на пакосы,  як космаса росы на травы,  і потыМ
Проста — выбухне свет, — разляціцца  зямелька на друз і асколкІ
Толькі — дзесьці ў  сусвеце сіратлівыя  душы вандроўных зямляН
Аб’яднаюцца  сілай  Любові, сальюцца  маленечкім сонцам,  і  ўсЁ
Мы,  нібыта  камета,  ў бясконцым бязмежжы прастораў праззяеМ
                Свят-Л-ОМ
                О
                Г
                А
                C не,
                СВЯТ ЛОГАС, не?
                Святло гасне!
                Святло гасне…..
                гасне…..
                …….
               
            Дотык тайны
Я на парозе вечнасці стаяў,
Як Бог. Адпачываў… Глядзеў у воды.
І доўга да сябе людзей чакаў —
Ды не прыйшоў ніхто з майго народу.
Мне быў патрэбен мужны чалавек,
Адзін,
З кім падзяліцца мог бы таямніцай:
Адкрыў бы перад ім
Таемны ход першапрычын —
І забруіла б зноў жыцця крыніца.
Маўчыць зямля.
                Знямеў над горадам Сусвет.
І вось — душа пачула стогны на Нямізе:
“А хто ж напіша Трэці запавет?
І дзе і як яго пакінуць?”
І як цяпер даверыць кнізе
Тое,
Што маё сэрца тоіць?

Прыйшоў з пытаннем да філосафа Алеся
І да яго праз лес няўлоўных ісцін лезу:
— Алесь, я на парозе вечнасці стаяў!
— Няўжо?! — здзіўляецца філосаф, —
Я ведаю, ля вечнасці сто ям…
Табе ўсё гэта, хлопец, падалося.
Яшчэ даўным-даўно казаў Хаям:
Усё на свеце гліна!
— Я зразумеў, жывём — старэем.
Жыццё праходзіць міма!
— Ты зразу меў? — спытаўся ён.
— Так. Зразумеў! Мы жнём, а потым сеем.
— О, не! Хутчэй за ўсё наадварот
Бурліць жыцця кругазварот.
— Алесь, ну хто ж напіша Трэці Запавет?
— Ніхто!.. І цэлы свет. Ён пішацца даўно
Усімі разам, як бы самапасам, самасеем,
Вось знайшоў нарэшце слова:
Жыццё, як вечнае кіно,
Трымаецца асновай: спачатку сеем
Потым жнём — вось гэтым і жывём.
І, ўрэшце рэшт, пара пад час закладваць міну.
— Чакай! Мой бацька зваўся Аляксеем,
Ды “выпадкова” згінуў…
Глядзі, адзін я на Парозе быў
І… Ну, ВЫПАДКОВА там газету ўзяў,
“Прагноз” завецца, выпадкова прачытаў:
“Пождем — увидим!” — разоў…
Не ведаю, трынаццаць, сорак?
Калі ўчытаўся, — бачу: гэта ж “Пожуём”
напісана было…
— Здароў, прыехалі! Хоць і ўязджаеш ты не скора,
Яшчэ з табой усім на зло мы пажывём.
Даруй. Пайду… І не глядзі з дакорам,
Як нож памылкі рэжуць па-жывому.
— Але ж, Алесь! Як быць, калі вядома:
Я на парозе вечнасці стаяў,
Сем год амаль я НЕ адпачываў
І вось зусім згубіўся шлях дадому.
А хто ж напіша Трэці запавет?
І як яго пакінуць людзям?
— Ідзі паспі. Зрабіць такое будзе
Вельмі проста:
Трэ кінуць сэрца ім усім, нібы сабакам костку.

           Стыгматы сумлення
Я стаяў і глядзеў… Яго білі па твары,
Яму рукі круцілі да хрусту ў касцях:
— Эй, прарок, адгадай, хто апошнім ударыў?
Ці не ты гаварыў: на зямлі мы ў гасцях?
Я стаяў і маўчаў… Сэрца беднае, дзе ты
На той час прыхавала адвагу сваю?
Быў я там, дзе язык выдзіралі Паэту,
Дык чаго на зямлі я па сёння стаю?

Хай бы вочы не бачылі белага свету!

Не адводзячы позірк прагнюшчы, глядзеў,
Як цвікі захлынаюцца цёплай крвёю.
Я чакаў, што абудзіцца праведны гнеў —
Загудзе! Трэсне вось пад цяжарнай зямлёю…
Аблачынкі плылі… Птушкі доўжылі спеў.
І нічога… Ні знаку! Я так уцалеў,
І па мне за аблокамі Ангел заплакаў.

Як трываеш, Зямля, ты адроддзе такое?
Хто ёсць я? Той, хто здрадзіў Табе і нябёсам тваім?
Не знайсці пасля гэтага век супакою,
Калі слова збаяўся прамовіць за Ім,
За адзіным любімейшым сынам нябеснай радзімы.

Я стаяў і стаю…
Не маўчу цяпер — крычма крычу.
Ці ж пачуюць мой крык у вышынях,
Калі ўрэшце зямлю я навекі пакіну?

Так старыя пазыкі плачу.

Ячшэ носіць зямля, хоць і шлях мой кляне.
А памру — правалюся. Ці, можа, дасць Бог — палячу?
Бо дзве тысячы год распінаюць мяне
Па чужой…
                Не, па ўласнай віне.

           Паэт
Нясе паэт нябесны знак,
Нясе двудумна, адмыслова —
Вычварна вечны кавардак
Наноў спароджанае слова.
Нясе грымоты і агонь,
Адвечны позыў утрапёны:
Пякуцца полымем далоні —
Ён творыць новыя законы.
Нясе паэт спрадвечны злак —
Цяжэзны выпругнецца колас:
З цянётаў вытухлага зла
Да зор узносіць поўны голас.
Цягуч голас, нібы мёд,
Салёны голас, быццам слёзы,
Ды толькі вытрухлы народ
Сабе пацешваецца — крозы…

Паэт прадказвае радком,
Паэт крычыць сваім учынкам,
Паэт паказвае абліччам
І нават чаркаю даводзіць,
Паэт раве на цэлы свет
І галавою б’ецца ў сцены —
Ды ўсё маўчаць, паглохлі душы
Удвох, ці трох, што побач з ім!

І злейшы вораг у паэта
Той, хто прыкідваецца ім!

      Рэха журбы
                Светлай памяці  паэта
                Віктара Стрыжака
“Паэты, як знічкі, знікаюць:
Успыхне! Імгненне — і болей няма…”
О, не! Паэты, нібыта каметы,
З глыбіняў Сусвету да нас прылятаюць:
Даткнешся да вершаў — пякельнасць сама!
І нам, напаўмёртвым, жыццёвасць вяртаюць,
І зноў таямнічай планідай сваёй адлятаюць
У вечнасць,
Каб потым вярнуцца ў адвечным
Святле Ўсеясветнае зоркі пад назваю Сонца
І выпіць быццё да таемнага донца.
Вярнуцца!
Каб людзям, скалечаным лёсам,
Было дзе напіцца і смагу спатоліць
Жывою вадою пачуццяў з крыніцы паэта.
Таму што паэты, нібыта каметы,
Вяртаюцца зноў на свае пуцявіны,
І не абыходзяць здарожанай долі.
Успомніш: памёр…
І раптам адчуеш: з табой ён яшчэ!
І гэтак балюча радком апячэ,
І роднасным болем.
Паэты не сходзяць з жыццёвай арбіты ніколі.

       Дайсці да радасці
Вяршыня пошуку Духоўнага -
Усмешка,
Як Эверэст, дзе кветкі эдэльвейс
Цвітуць гарачаю крывёю.
Вяршыня пошуку Духоўнага -
Усмешка.
Дзе радасць пырскае праз край,
І дзе ў бсяконцасці бязмежжа
Гасподзь і Бог мой
Свеціць сонцам,
маіх апошніх, першых дзён.

            Прытча аб прыгажосці
Адзін гаварыў: “Прыгажосць — “Квадрат!
Убачу калі я вуглы прамыя,
Адразу раблюся бязмерна рад,
Што нават пад сэрцайкам нешта ные”

Пярэчыў другі: “Прыгажосць ёсць “Круг”!
І сонца святло пасылае за краты,
І ты памыліўся, шаноўны друг,
Калі палічыў прыгажосць квадратам”.

А трэцці крычаў: “Прыгажосць ёсць “Ромб!” —
“Трохкутнік” — “О, не!” — “Піраміда!” — “Кропка!” —
Грымеў шматгалосы натоўп, як гром,
І раптам падняўся мудрэц нетаропка.

І ціха настала, нібы ў бары,
Сказаў ён: “Для спрэчак няма прычыны:
Усё пррыгажосць! — прашаптаў стары, —
Такая яна, якімі глядзяць вачыма”.

           Святошы
             (прытча)
Вы адзенне раздавалі для душы,
Безнадзейна загадалі не тужыць:
“Ёсць грахі — пакаяцца належыць”.
Жыць пасля, маўляў, як набяжыць.
“Ісціну” вы шчодра абяцалі,
Ды пры гэтым часта забывалі,
Што з сваёй душы яе здымалі.

(Ну, а раптам душка ў вас маленькая, бы ў птаху? –
Ох і цеснай будзе людзям ваша апранаха!).

Цяжка невуку спрачацца з мудрацом.
Бо працую я ўсяго толькі шаўцом.
Але ж ведаю дакладна: без прымеркі
Не бяруць касцюмы ў краме нават клеркі.
Вы ж адзенне прадавалі для душы,
Дык каму ж вы гэтак рады паслужыць?

             * * *
Час — вялікі манюка і злодзей вялікі,
падмане ён і ўкрадзе апошні рубель.
Ты навошта з нябыту мяне, час , паклікаў
у жыццё нематы, каб пад ветрам грубець?

Пагаворым з табой, як мужчына з мужчынам:
Раскажы, клькі ўкраў, колькі ў зманы завёў?
Растлумач, дзе хаваюцца першапрычыны
і чаму ты нанова мяняешся зноў?
і, як, Вій, зазіраеш у сэрца вычыма,
разбураючы ўсё да таемных асноў.

Што ж ты, Час, прамаўчаў?
                Можа, з гонарам ты?
Бачыш гэты кулак? — пальцы сцісну да хрусту,
прыкладуся з размаху пад саменькі дых, —
Хоп!
                Дзе ты ёсць!
                Ты прапаў!
І навокала — пуста…

                Дуэль
Не судзяць за подласць у нас і не судзяць за тупасць,
Нахабства і хамства таксама не падлягае суду.
Не судзяць жывых, што змярцвелі зрабіліся трупам,
Няшчырасць і здрада не судзіцца, як на бяду.

Шкада, што даўно ўжо не судзяць у нас пустасловаў —
І нам абяцанкі-цацанкі не ў радасць ужо:
Стагоддзі брыдуць і працягваюць вечныя ловы,
І смерць прыступае, нібыта бандзюга з нажом.

Вазьму секундантам сумленне і родную мову,
Упэўнюся: ёсць а ці не ж Херувім мой на правым плячы? —
І выйду на бой, на смяротны свой бой адмысловы…
Каліж упаду я паранены, ты мяне, час, падлячы!

Калі ж я загіну за светлую, добрую справу —
І подлае слова аднойдзе ў маім сэрцы цэль:
Сапраўдным мужчынам аддам назаўсёды я права —
Рабіць першым выклік, па цемры рабіць першым стрэл!
                ………………………………………………….
      І тысячы прыйдуць к бар’еру, прадоўжаць дуэль!

                *      *    *
У вочы ночы паглядзеў і ўбачыў старасць,
Зняможанасць, натомленнасць зямлі…
Шукаю чалавека, мне б чалом яму ударыць,
Быць можа, расказаў бы, што мы здзейсніць не змаглі:
Не здолелі, ці не хапіла моцы?
Чакаю чуласць чалавека.
                Час чакае
Адзінае імгненне на вякі,
І корміць чалавецтва, нібы чаек,
Мы самі кормім весела з рукі.
Парыпвае зямная вось, гайдае:
Зямлю, азёры, моры і мацерыкі —
Рыпіць пяро, — паэт радок канчае
І напісаў: усіх зраўняюць чарвякі,
Калі зямная вось трымаць
                зямлю не пажадае.

                *      *     *
Як вусень залёны штодзень паядае лістоту,
І аднойчы праз кукалку ўпотай спасцігае таемнасць палёту —
Так і ты, чалавек, за свой век хоць аднойчы спазнаеш
Над бязмежна-лазоравым небакраем,
Што душа, нібы птушка лятае.

                *      *      *
Яшчэ расці да шчырасці нам трэба,
Да ісціны ідуць усё жыццё,
Каб ведаць Праўду: ёсць у сэрцы неба,
А ў розуме ёсць толькі небыццё.

               *      *     *
Начныя трывогі — дарогі душы:
Выбліскваюць думкі, нібыта маланкі,
А потым грымоты пачуццяў да ранку
Абуджваюць рэха духоўных вяршынь.

           *       *      *
Былі мы Дажбогавы ўнукі,
Цяпер мы — рабы Хрыстовы.

              *      *       *
Бала даўней культура полу,
Цяпер жа ёсць — “полукультура”

              *       *      *
Рак — гэта матэрыя паўзе назад,
Бо заблудзіўся чалавечы дух.

                *    *   *
Калі аднойчы страціш сорам,
То зненавідзіш і святло.

              *       *     *
Чым вышэй узлятаеш у неба —
Больш вялікай здаецца зямля.

              *      *     *
Не верце мне ніколі. Я — грэшны чалавек:
не зведаў Божай волі — блукаю цэлы век.

Не верце мне ніколі, хоць прамаўляю праўду —
нібы трава пакаці-поле, спынюся… Ветру прагну!

Ізноў мяне панесла на Захад ці на Ўсход?
і мне на свеце цесна і прыкра а няўзгод.

Ніколі мне не верце, хоць я й хлусіць не ўмею
І гавару па сэрцы, ды праўдай — не сталею.

У знойдзеным суладдзі гармонія на дзень.
Не ведаю, хто крадзе і хто вяртае дзе?

Сто дваццаць мудрых кніг спаліў, адну пакінуў —
а сёння: “Што калі і ў “тых” ёсць ісціны ад Сына?”
Заўчора праваслаўны, учора — зноў у блуд,
сягоння Яхве слаўлю… Я — заблудзіўся тут.

Ніколі мне не верце. Я не прыйшоў, а ўсё іду…
Ці круцяць мяне чэрці, ці ў ісціну вядуць?

О, як спасцігнуць волю Таго, хто лёс прадзе?
Вядзі ж мне па долі!... Ці Ты мяне вядзеш?

Нікому лепш не верце! Ніколі і Нідзе!...
Вось толькі… сэрца… Сэрца — яно не падвядзе.
               
                Бітва Любові
                (гімн)
Цякуць гады, натужна круціцца Зямля —
А мы заўжды ў цянётах подласці і зла.
Цякуць гады… Зямля стамілася чакаць!
І могуць продкі жорстка пакараць!
Гэй, ліцвіны! Пачуйце кліч сівых вякоў!
Нас Род галубіў — а мы забылі Шлях дамоў!
Дажбога ўнукі, — чые ж на сёння мы рабы?!
Гэй, ліцвіны! Што ж цяпер рабіць?

Зямля крычыць! Крычаць старыя курганы —
Наш Дух маўчыць, знямеў у лапах Сатаны.
А мы ж бацькі, — і нашым дзецям трэба жыць,
Пад вечным сонцам вогненна любіць.
Гэй, славяне! Сварог на бітву кліча нас!
Ярыла ўстане — прабіў ужо надзорны час!
Пярун грымамі з нябёс пасобіць на вайне!
Гэй, славяне! Быць нам або не?

Хай сто вякоў над галавою прашуміць —
Успыхне зноў у агнішчанаў Вечны Зніч!
Пара дамоў, дзе ў нашым Ірыі дзяды
Нясуць планету ў вечнасць скрозь гады!
Гэй, зямляне! Даўно чакае Млечны Шлях!
Зямелька-Маці парз столькі гора перайшла.
Дажбога ўнукі, чые ж на сёння мы рабы?
Гэй, зямляне! Час прыйшоў любіць!

Залатое зярнятка Праўды
           (філасофская казка)
                Пралог
Знікаюць народы з аблічча зямнога,
Як ранкам пад промнямі сонца раса,
Як снег на адхонах вялікай дарогі, —
І свішча, і косіць нястомная смерці каса…
Падранкам канаюць людскія плямёны
Наўзбоччы, як птушкі, сцякаюць крывёю
І б’юць у пылоце слабымі крыламі —
І свішча, і гойсае смерці каса…
Была Атлантыда, ці толькі прымроіў
На піры мірскім старажытны Платон?..
Выходзяць з нябыту зямныя героі,
Наноў спасцігаючы вечны закон.
Ячшэ не аселі ў нізіны патопныя воды
І голуб, што ў дзюбцы галінку прынёс,
Не спрахнуў у сёмым патомстве — сыйшліся народы
І вежу будуюць да сёмых нябёс.
Знікалі народы з аблічча зямнога,
Расталай вадою да Леты плылі —
І зноў бунтаваў чалавек супраць Бога,
І зноў ён сціраўся са твару Зямлі.
Садом і Гамора лізалі халоднае неба
Агністым, чырвоным як жар, языком —
Дарэмна жанчыне гавораць: “Не трэба
Назад аглядацца!..” — і Лотава жонка стаўпом
Саляным знерухомела на Палесціне,
Як помнік спрадвечна упартай жанчыне.
Ахейцы вайною прыступяць да Троі:
Любоў ці жаданне здзяйсняе намер?
Ці ж гэта пытанне? — Куды больш складаней
Загадка біблейскага Ноя:
Унук нарадзіўся пад імем Гамер…
………………………………………
Не помню! Не помню!!! Нічога не помню:
Якімі шляхамі блукала душа?
Напэўна, купалася ў сонечных промнях,
Пакуль маё грэшнае цела знайшла.
Анёлы нябесныя песні спявалі,
Салодкіх мелодыяў дзіўныя гукі
Паволі сціхалі. Мяне выпраўлялі
Ў жыццё на пакуты, на доўгія мукі.
І плакаў мой Ангел-Храніцель (Анёл-Паратоўнік),
Прыкрыўшы блакітныя вочы бялёсым крылом,
І так гаварыў мне: “Дарогу запомні
Назад да крыштальных харомаў,
Хутчэй варачайся,
Мы будзем чакаць цябе дома!”
          1
Казкі мовяцца не дзецям,
Хоць і слухаюцца імі.
Дзесьці ў Новым Запавеце
Напісана, што малымі
Быць павінны ўсе на свеце:
Каб у царства Херувімаў
Трапіць — трэба быць, як дзеці…
І не пройдзе вечнасць міма.
Нам дзяцей вучыць не трэба,
А, хутчэй, вучыцца ў іх,
Бо яны гавораць з небам,
У дзяцей анёльскі слых.
Прыгадай сябе малога —
Не страшыўся смерці ты,
Бо тады хадзіў пад Богам,
А цяпер — ад Сатаны…
А цяпер грызе сумненне,
Розум вялы ад узросту…
А ў Мадоны на каленях
Немаўлятка… Гэтак проста
Светлавока паглядае:
Дзень і Час дакладна знае,
Што павек не ўведаць людзям.
“Се гряду!” — сказаў, — і будзе!
              2
Ісціна за ўсё найлепей,
Але хто яна такая?
Чалавека з гліны лепяць
І на неба не пускаюць,
Аж да той пары, пакуль
Не рашыць, як двойчы два:
Цела — гэта боскі нуль —
Рукі, ногі, галава…
І няма прасцей задачы:
Разабрацца, што ёсць “Я”?
І няма цяжэй — іначай
Сэнс губляецца жыцця.
Мусіць, ён ад нараджэння
Неўтаймоўны чалавек —
Доўг спасцігнуць прызначэння,
А ў яго кароткі век.
Зразумець не проста гэта:
Акром плоці і касцей —
Нешта ёсць і ад Сусвету,
Ад няведамых «гасцей».
У бязмежнай зорнай сечы,
Нібы ў полі на вайне,
Дух гартуюць чалавечы.
Круціць лёс вірлівай цечай
Нас, як глей па самым дне.
              3
Казкі пішуцца дарослым,
Каб яны ў будзённым тлуме
Не бяздумнелі з узростам,
А прывучваліся думаць;
Каб да Бога іскру ў душах
Праз вятры жыцця пранеслі.
Там надзею не патушаць,
Дзе пяюць саборна песні.
Помняць дзе вякоў паданні
І цячэ Жывое слова
З вуснаў у другія вусны,
З сэрца — да шматлюбных сэрцаў.
Толькі там Зямля паўстане,
Перародзіцца нанова
І ўзляціць надрыўна-грузна
Аж да зор праз гора церняў:
Чалавецтва тады стане
Для ўсясвету спелым зернем.

Міф існуе, што калісьці
Там, дзе “пояс астэроідны”,
Танцавала па арбіце
Таямнічая планета,
Назву мела — Фаэтон.
Шлях духоўны ёю пройдзен:
Прарасла скрозь воды Леты
І цяпер ляціць сусветам
Праз таемны нам Эон.
             4
Праўды болей у сказаннях,
У легендах і паданнях,
У паганскіх забабонах, —
Праўды болей,
Чым у доследах вучоных.
Праўда — вузкі шлях адзіны,
Што вяртае душы небу
І ў апошнюю гадзіну
Апраўдае нас.
                Так хлебам
Спелай жнівеньскай парою
Аддае за працу глеба
Доўг свой нівай залатою:
Шчыра дзякуе аратай
Сонцу, праху і зярнятам.
Час жніва…
                І хутка трэба
Падрыхтоўвацца на бой:
Барані Святое Неба,
Асвяці жыццё сабой!

Хоць прыкуты Дух да цела,
Нібы дрэва да карэнняў —
Вымушан брысці збалелым
Па зямному сутарэнню.
Рвёмся духам у нябёсы,
Часткай светлаю богоў, —
Цела ж хіліцца калоссем
Важкай думкаю далоў.
Здабываем хлеб надзённы —
Забываем аб душы,
Быццам небам нараджоны
На зямлі жыццё грашыць.
Клопат наш — грахі і грошы!
Не відаць яму канца,
Тлумам гэтакім сурочым
Прагу вечанага жыцця.
Веру ў казку, з часам — болей.
Без яе куды ж ісці?
Не збываюцца ніколі
Мары нашыя ў жыцці,
Значыць, здзейсняць нашы мары
У староначцы захмарнай,
А не толькі спраўдзяць сны.

Выйду за сяло, у поле,
Што валошкамі плыве —
Дзесьці ў ветраным раздоллі
Добры Казачнік жыве.
Я насупраць ветру стану,
Тройчы выгукну наўкол —
Рэха дрогкае растане,
Ападзе расой на дол.
А затым з сівым туманам
(Ці не сніцца гэта мне?)
Добры Казачнік паўстане,
Цуда-Казку так пачне:
“Шмат красуе на Палессі
Кветак розных і людзей:
Тут лілеі і пралескі,
Лотаць тут вясной цвіце.
Журавінны край, азёрны:
За Дняпром ёсць тры ракі —
Там Святое Лукамор’е,
Там ёсць скарб…  І там вякі
Слухаць можна чуткім вухам,
Там ёсць месца Залатуха,
Дзе жыве Вучоны Кот
І ўсё ходзіць з году ў год
Па жалезным ланцугу,
Ходзіць задам напярод,
Бо гады няўзнак бягуць —
А ўсё спіць славянскі Род.
І калі раней налева
Прамаўляў Вучоны казку,
А направа спеў заводзіў,
То цяпер: на мяжы тысячагоддзяў
Прамурлыкаў Коцік: “Годзе!
Люд свой байкамі карміць!” —
Тут ужо усёй Прыродзе
Жыць альбо зусім не быць.
І сягоння ўніз ён казку мовіць,
А ў паднеб’е спеў заводзіць.
Бо ячшэ жыве славянскі дух
Паміж Моўствай, Львой і Сцвігай.
Ёсць спадзеўка на адлігу:
Дзя стаяць за праўду ўдвух —
Не змярцвее боскі рух.
                5
На Белай Русі два ёсць царствы,
Два Трыдзевятыя, але ж —
Адно Святое Лукамор’е.
У першым царстве ты ўрадзіўся,
Царквою божай ахрысціўся —
Яно за вёскаю Альшаны,
Ад Турава з дзесятак міль...
Другое — за ракой Альшанкай,
Дзе цэнтр знаходзіцца Еўропы,
Каля муроў князёў Гальшанскіх —
Там чарнакніжнік-ліхадзей
Зачараваў усіх людзей.
Там на касцях стаяць касцёлы,
Там Браніслаў са Станіславай
Гаруюць жытку невясёлу
І плачуць па сваёй дачцэ,
Схіліўшы голаў долу нішкам,
Бядуць доляй Веранічкі.
Да гэтага мы вернемся яшчэ.

Вядун бяжыць да Мужаў-Дуба,
Пярэваратнем лезе па кары,
Затым далоў саскочыць груба
І ваўкалакам гойсае ў бары;
Арлом лятае ў паднябессі,
Узмахваючы крыламі ўгары,
Рассейвае чырвоныя аблокі,
Пранізаныя месячным святлом,
У шлях пускаецца далёкі:
Да Мора Хвалынскага,
Да вострава Буяна,
Да Бел-гаруч каменя —
                І там
Ён ліжа камень Алатыр,
Каб моцаю напоўніцца зямною…
Паўстаў народны правадыр
Дзеля Прыроды Новым Ноем”.
             6
І далей прыпамінае
Казку вешчай даўніны.
І чароўна раскрывае
Тайны роднай стараны:
“Слухай, хлопец, у народзе
Вельмі шмат паданняў ходзіць,
Соль жа ўсіх такіх казанняў
Праўда Божая.
                Цяпер
Раскажу табе адно,
Хочаш вер, а хоч — не вер,
Распавед мой вось які:
З той пары прайшлі вякі…
Вы не бачылі ніколі
Той гаючай стынь-вады:
Іншаю была там Воля,
І інакш цяклі гады.
Сёння ж вы, як пераспелы
Колас жыта на палях:
Дзьмухне ветрычак нясмелы —
Замест плёну толькі прах…”
І пакуль лунацьме рэха
Аж да ранку па гаях —
Будзе Ён вясці няспехам,
Як жылі і жыць нам як:
“Вы тады не зналі гора,
Дружнаю жылі сям’ёй,
Хвор лячылі загаворам,
Чулі сэрцам голас мой.
Акрылёныя малітвай,
Бараніліся бяды,
І вялі святую бітву
Вашы шчыльныя рады.
Быў адвечны бой, якому
Не відаць яшчэ канца,
Бой за Праведнасць Законаў
Духа, Сына і Айца;
Бой, каторым спараджоны
Не для гульбішчаў і ўцех,
Бо не дрэмлюць легіёны,
Што ўкусілі першы грэх.
Доўга вы жылі, шчасліва,
Толькі коратка паданне —
Зноў жа, так і не змаглі вы
Адалець адно пытанне:
Вечны грэх зямны — гардыня:
Не хацелі нават слухаць,
Што замешаны на гліне,
А не толькі чыстым духам.
Пралілася небам кара
Мёртвай і жывой вадой,
Мёртвай — хто грахом цяжарны,
І жывой — такім, як Ной.
У дзікунскую Еўропу
Непралазным воўчым тропам
Статкам беглі ад бяды,
Уцякалі ад патопу
Жыватворнае вады.
І за вамі Атлантыда
Апускалася на дно,
Зноў пачатак — з палкі, дзіды,
Зноў надзеі не відно.
Зноў вы гліна, проста гліна,
Чарвякі, жывёльны свет,
І павольна зноўку з тлена
Вырастае чалавек.
Вось адчуў агеньчык Божы —
Зноў гардыняй абуяны,
Зноў пытаннем растрывожыў
Землі ўсе ды акіяны”.
               7
Я стаяў, глядзеў і слухаў,
Што мне Дух распавядаў:
Нада мной гудзела муха,
Конік зводдаль цвыркатаў,
І на лузе, нібы сонцы,
З краю ў край цвілі рамонкі.
“Дзе ж тут зло?” — “Усё цудоўна!”
“Дзе грахі тут і гардыня,
Што вяшчун мне паратоўна
Гаварыў аб іх прычынах?”
Раптам муха прама з лёту
Заблыталася у цянётах,
А па тонкай павуціне
Падпаўзае крывасмока;
Вось праз нейкую хвіліну
Муха цененька гудзе —
І павук сабе, як дока,
Кожну лапку па па чарзе
Аплятае бестурботна
Хітрай пасткай.
                Быць бядзе!
Нахіліўся я над краскай
І пачуў нарэшце казку.
             8
“Ў зачарованай дзяржаве
Пасярод глухіх бароў
На балоце жыве Жаба,
А ў яе людская кроў.
Мае сэрца чалавека,
Сэрце дзеўчыны-душы
І амаль што кожны вечар
Да яе паўзуць вужы.
Тлустых сорак семь паганых
Смокчуць сэрца ад таго,
Што яна дзеля кахання
Бацьку выкляла свайго.
Не змяіная царэўна,
А людзіна — ёй баліць…
З году ў год, да трэціх пеўняў
Крой вужакі мусяць піць.
Крой праклёну, як насенне —
Зло расце, нібы грыбы,
І цяпер у кожным дзейні
Прыпляцецца чорт рабы.
Разбрылося зло па свеце:
Брат на брата, на сястру…
І разнес шалены вецер
Сатанінскую іскру.
Распаўзліся зла пачвары,
Нібы маюць сотні ног:
Хутка ўсчнуцца душ пажары —
Поўны д’яблаў чыгунок!
Хто ж душу сваю сцяжарыць?
Хто б пасіліць ношу змог?
Мукі вечныя народам:
Сто вякоў…
                Няма зыходу!
Гэта цяжкая работа:
Адалець раба ў сабе,
Гадаўё расціснуць ботам,
Што душу тваю скубе.
Плодзіць Жаба ўсяк заразу,
Хоць і дзеўчынай была
І яшчэ ніводным разам
Губ не зведала сама.
Прыгажосці небывалай:
Паглядзіш — зацьміцца свет,
На зямлі ячшэ не славіў
Такой пекнасці паэт.
Звалі ж проста яе — Вера,
Ніка — прыйдзе апасля,
З ВераНікі ўзыйдзе Эра,
Эра новага жыцця.
Быццам сонца на Усходзе
Падымае новы дзень,
Так яна ў сваім народзе
Радасць несла да людзей.
Валасоў пратуберанцы,
Шчырасць чыстая вачэй —
Праз яе Анёлы ранкам
Зводзяць неба да людзей.
Вось яно, прыйшло Каханне
Вышынёй да самых зорак,
Але д’яблавым стараннем
Чысціню забрудзіў морак;
І душу лавілі пасткі,
Па-жывому сорца рвалі —
І да роднага да бацькі
Ад дачкі праклёны ўпалі.
З той пары і Жабай стала,
І па свеце множыць зло,
І ўцінаюць сэрца джалам,
Што любові соль было.
Несканчоны тыя мукі
І цярпець ёй век — не збыць,
Гэта — Божая навука
Сэрцу, здольнаму любіць.
І калі канец — не знаю,
Мо тады, як прыйдзе Ён,
Можа, ў жніўні, можа ў маі —
Разаб’е цяжкі палон.
Сто вякоў яна чакае
І збавення дня не знае.

Імя д’ябал спалавініў
І душу — напапалам.
Сто вякоў чакаць дзяўчыне —
Сто вякоў надзеі нам
На святое выбаўленне.
Аж пакуль зямля народзіць
Пяцьсот сёмым пакаленнем
Божай тайнай малайца,
Які схоча прынародна
Пажадаць яе вянца.
Не збаяцца мукаў цяжкіх
І душой ахвяраваць,
І ў няроўнай з д’яблам цяжбе
Зваяваць чужынцаў раць.

…Час ляцеў. Старэлі людзі.
Восень сыпала лісты.
Многа душ гібела ў блудзе:
Не злічоны шал бяды.
Не адно прайшло стагоддзе,
Праляцеў за векам век —
Хлопец гэты не прыходзіць,
І ляжыць нясплатным грэх.
Напачатку ён павінен
Адракчыся ад людзей.
Першы раз крывёй астыне —
Гэта будзе першы Дзей!
Нелюдзімым сярод люду
Жыць бязмоўна тры гады,
Волю вольную здабудзе
І, нарэшце, ужо тады
Адракчыся ён павінен
Бацькі, маці і сям’і.
Другі раз крывёй астыне —
Гэта будзе Дзей другі!
Ад бацькоўскага праклёну
Збегчы ў лес і на вярбе
Веснавой парой зялёнай
Адракчыся ад сябе.
Дзей жахлівы, лікам трэцці —
Незваротны ён ужо,
Бо як толькі адрачэцца —
На зямлю спаўзе вужом.
Сем гадоў павінен поўзаць
Слізкім чэравішчам, каб
Без памылкі змог адрозніць
Жабу-Дзеўчыну, ад — жаб.
Яснай ночкай на Купалле,
Калі Папараць цвіце
І Русалкі водзяць балі —
Да яе ён дапаўзе.
А купацца Сонца стане
У срабрыстых аблачынах —
Ён павінен на світанні
Дакрануцца да Дзяўчыны.
Цяжкі момант, ні хвілінай
Не раней, ані пазней
Дакрануцца губ павінен
Як святло нябёс блісне.
Калі раньш кране Дзяўчыну —
Скамянее ў вечным сне.
І каханне з ёй астыне,
Назаўжды людзей зміне.
Як паней ён дакранецца —
Будзе большаю бяда:
Сэрцы Жабы здрыганецца,
Шугане вада агнём,
На зямлі пажар пачнецца,
Нібы ў пекле зажывём.
Пасля гэтага ніколі
Не спазнаюць людзі волі.

Кожны правіць сваім лёсам —
Ён азначаны пячаццю:
Шчэ нікому не ўдалося
Адступіць хаця б на пядзю.
Можна ўправа, можна ўлева,
Можна нават і назад —
Толькі Жабай будзе Дзева
І квітнець не стане Сад.
Ад зняможанай работы,
Барацьбы ў самім сабе —
Кроў праступіць замест пота
На яго людскім ілбе,
І сцячэ цурком па твары,
Як салёная сляза, —
Вышні Дух Шаданакару
Яму гэтак наказаў.
Сваім лёсам правіць кожны,
Ды не той, хто сем разоў,
Па зямному бездарожжу
Вузкай сцежкаю прайшоў.
І жыве, як хоча, кожны,
Як ніхто не пасылаў:
Ён жа — шабля ў дзіўных ножнах:
З Небам звязвае Зямля.
Выбраў сам такую долю,
Адракчыся можа сам, —
Ды тады чужую волю
Ён выконваць мусіць там,
Дзе зыходзяцца прадонні,
Бездань свеціцца агнём
І мільёны воч сутоння
Пагібельным зыраць днём.
Працай духу над душою
І штодзённай барацьбе
Абавязан сам сабою
Адракчыся ад сябе.
Адракчыся без прымусу,
Свой даўно абраны шлях:
Быў Атлантам і індусам,
Знаў яго і грэк, і лях…
Яго ведалі народы
Ад рабоў і да цароў,
Ён — адмеціна пры родах:
Справядлівы шлях дамоў.
Яго ведаюць славяне,
Хоць іх б’юць крыжом пакут,
І аднойчы Ён паўстане
Сярод вас жывых, зямляне,
Ды не час яшчэ пакуль.
А сказаць папраўдзе, кожны
З вас, хто прагне барацьбы,
Ім па праву стацца можа.
Знаў Яго аднойчы й ты.
Бо інакш чаму запомніў
Сотні, тысячы шляхоў —
І туляўся, як бяздомны,
Свой губляючы наноў.
Думаў ты, што проста выйшаў
Ды за роднае сяло —
А сустрэўся з Духам вышнім,
Цябе сэрца так вяло.
Помніш, як не разумелі
Людзі блізкія заўжды,
Жарсці кіпенем гарэлі —
Вораг быў табе любы,
Шрамы на душы і целе
Сведкі гэтай барацьбы.
Трыццаць год пад знакам Дзевы
Ты блудзіў, шукаў Яе.
Паглядзі: ў былых падзеях
Ўсё ж чагосьці не стае?
Трыццаць год назад вярнуўся
Ты з нябёс у дольны свет,
Люд тады наверх цягнуўся
Хіжай лапаю ракет.
Ты пайшоў па Беларусі,
Як чужы сярод сваіх —
На Палессі белы бусел
Сеў на чорны крыж жывых…

Трыццаць год — ці многа гэта?
Не! — імгненне для сусвету.
Трыццаць год для чалавека, —
Ну, лічы, прайшло паўвека.
Што зрабіў за трыццаць летаў,
Зразумеў за трыццаць зім?
Хоць даведаўся, што мэта
Памірае не зусім?

Хутка мовілася казка.
Справа робіцца марудней.
Ну, цяпер жыві з падказкай,
Помні аб паганых брудных!
Сорак сем, а можа, й болей —
Хто, калі іх падлічыў?
То спакуса лёгкай долі —
Не любому па плячы.
Ну, бывай! Да пабачэння!
І да скорае сустрэчы!
Падыміся ж ты з каленяў,
Рана, хлопча, душу лечыш!
Доўг свой выканаць — найпершы,
Найсвяцешый абавязак,
Душу Ён…
               Не ўсё адразу!”
Голас змоўк. І цішынёю
Ахінуў сусвет мяне.
Буйназора нада мною
Полаг неба палымнеў.
З чорных хмар зірнула поўня
Дробным, прывідным святлом —
Неўзабаве я прыпомніў,
Што раней са мной было:
Пасярод віны стаяў я,
Пасярэдзіне граху.
Калі сказанае праўда —
Як далей ісці змагу?
Я даслухаў казку, дзякуй,
Добры Казачнік, табе!
Абярнуся я вужакай
На зялёнай на вярбе —
Адпушчу дзяўчо на волю,
Падыму цяжкі вянец —
Хоць гаротна ў казцы доля,
Ды шчаслівы ёсць канец.
           9
Казкі мовяцца не дзецям.
Хоць і слухаюцца імі.
Са скрыжаляў Запавета
Нам гавораць, што малымі
Быць павінны ўсе на свеце,
Каб у царства Херувімаў
Трапіць — трэба быць, як дзеці, —
І не пройдзе вечнасць міма.

Вечнасць — што гэта такое?
Нашых жыццяў калаўрот,
Вечнасць — снамі непакоіць
Нас начамі з году ў год,
Вечнасць — нашы сны і мары,
Наш зямны, агністы шлях.
Вечнасць выклік для герояў,
Змагароў за сэнс святла.

                Эпілог
Знікаюць народы з аблічча зямнога,
Як ранкам пад промнямі сонца раса —
Запальваюць зоры святло на касмічнай дарозе,
Каб смела праходзіла ў вечнасць бяссмерця краса.
Знікаюць народы — складаюць легенды, паданні,
Каб зернетка Праўды не згінула ў змрочных вяках.
Нясе чалавек праз жыццё залатое паданне:
Прабіцца, як парастак, дзесьці ў міжзорных вірах.
Нас вабіць Галактыка… Млечны, нязведаны Шлях
З любоўю людяецца ў Боскіх надзейных Руках.

         Сувязь часоў
Я манускрыпт стары гартаю,
Трывожу пыл вякоў,
Нібыта штосьці ўспамінаю
Ды забываю зноў.
Вяшчаюць вешчыя пісьмёны
Без голасу… без часу… без імёнаў:
“Няма нічога новага пад сонцам!
Усё, што ёсць, было і будзе, —
Калісьці ў вечнасці бясконцай
Даўно ўжо зведалі ўсе людзі”.
Находзіць стома… Кнігу закрываю,
Заплюшчу вочы — бачу сон:
Я манускрыпт стары гартаю
І ў сне раптоўна ўспамінаю:
Даўным-даўно праз тоўшчу часу
Быў гэткі ж дзень, і я сядзеў,
І ў кнігу зморана глядзеў —
І вось стаміўся, вочы закрываю,
І сніцца мне пад вечны скрып:
Стары чытаю манускрыпт,
І ў гэты ж час, як я старонкамі гартаю,
Маю душу з цікавсцю чытае
Той, Нехта Трэці,
Што мне святлом у сэрца свеціць.
Ці чалавек?...
                Ці Бог?
                Ці… сам сябе я?
Ці я і ёсць той самы першы,
Што манускрыпт стары складае,
І праз вякі яго ж чытае
І той, хто сёння піша вершы?
І манускрыпт стары гартае,
Трывожыць пыл вякоў…
Нібыта штосьці ўспамінае…
Ды забывае зноў…

               
                Аўтарская ўдзячнасць
             Свет жыве гармоніяй. Лічба “сем” характарызуе агульную ідэю Сусвету: 7 нот у актаве і 7 колераў вясёлкі, 7 цудаў свет і 7 дзён у тыдні. Калі працягваць містычнае тлумачэнне лічбаў, то Зямлі адпавядае лічба “чатыры”: 4 стыхіі, 4 бакі свету і г.д. “Зорныя ноты” не сталі б кнігай, калі б не чатыры мне блізкія чалавекі: Вераніка Браніславаўна, Ларыса Міхайлаўна, Анатоль Васільевіч і Віктар Канстанцінавіч. Нізкі паклон вам.
         Дзякуй вам за тое, што вы ёсць у гэтым свеце. Дзякуй і табе, чытач! Ты ж таксама ёсць?
                Анатоль Кудласевіч


Рецензии