Дуб i бяроза
Лёс разлучыў?.. А я скажу, што людзі.
Кліны сталёвыя загналі ў распіл.
Ніхто не думаў, што далей там будзе,—
Парвалі повязь знітаваных жыл.
Указ такі: “Грызі жалезным джалам,
Нібы павук, кляшнёй глыбей бяры,—
Пілі, піла, дубоў вакол нямала…
Дубамі нашы славяцца бары."
Пачуўся скрып – зламалася жывое,
Магутны дуб паў волатам на дол.
Скруцілі рукі дротам, ногі вою…
І цішыня ўсталявалася вакол.
Перамаглі! І трэ спацелы карак
Той, хто піліў — наш брыгадзір-п’янтос.
Бульдазерыст сучасным сваім карам
Дуб падхапіў – паклаў на лесавоз…
Распілять заўтра. Пусцяць дуб на лавы
Для бара… (Дошкі — пад ўслон).
Размесціць зад на іх кліент “бывалы”,
Запросіць піва – прынясе гарсон...
...Яе пакінулі адну. Навідавоку.
Не разумее толькі, ў чым яе віна?..
У нудны дождж і ў ліпеньскую спёку,
Ад прыцемак да прыцемак — адна!
Прымчыцца вецер, пасваволіць з голлем
І, разагнаўшы па-над лугам дым,
Нібы жывы раптоўна заскуголіць —
Пакіне ў адзіноце назусім.
Азноб зноў б’е. Па ўсім ствале да кроны.
Прывыкла бавіць май свой, лістапад
З надзейным сябрам — велічным, зялёным,—
Няма каму дарыць свой вогненны пагляд!
…Гром за ракой. Крадзецца глуха.
Марудна час у адзіноце каратаць.
Ці смейся, ці крычы (о, хто б паслухаў!)—
Бяроза плача – слёз, жаль, не відаць.
Свидетельство о публикации №116031506278