Цень

              А каб ты свайго ценю ня бачыў!
                Бажба беларусаў.
Учора я згубіў свой цень і не заўважыў,
Ці то як берагам ійшоў, ці то на пляжы.
Спачатку весела было – вось гэта страта:
Згубіць свой цень! Хоць і раней губляў багата –
Пальчаткі, грошы і яшчэ дзяўчат калені…   
А потым потам паплыло – а як без ценю?
Ён жа жывы, ён як душа са мной да скону,
А можа нехта яго скраў? А мо ў палоне?
Ці можа цень мой захварэў, упаў дзесь мёртвы?
Я чуў, што можна цень прадаць самому чорту?
Нервова шнырыў па дварах, шукаў  употай,
Ляпіў абвесткі, абяцаў за цень банкноты…
Што не рабіў, дзе ні шукаў – ды толькі марна.
Цяпер выхожу па начах, ці калі хмарна.
Як той пугач, па цемры я лячу маркотны…
Якая ганьба цень згубіць беспаваротна!

Вентспілс, 10 сакавіка 2016.


Рецензии
Але вось людзі байку баюць, быццам ценю
не мае той, хто выпраменьвае... зіхценне —
і, як святы, наогул цень не адкідае.
А што, калі... і я... ў мяне ўласцівасць тая ж?

)))

Лаззаро   14.03.2016 21:36     Заявить о нарушении