Дракон i дрывасек

Казка ходзіць каля хаты,
Каля мамы, каля таты.
Казка мне глядзіць у вочы
І жадае добрай ночы.

Я шапчу ёй: — Калі ласка,
Пачытай на ноч мне казку.
Яна радасна ўсміхнецца,
І маё расчуліць сэрца.

— Хочаш казку?  — Добра,  слухай!
Прытуляй да вуснаў вуха.

— За лясамі, за гарамі,
За вялікімі марамі,
Жыў калісьці дрывасек:
Дужы волат-чалавек.

Дроў насекчы для людзей
Дрывасек той мог за дзень.
Не цураўся ён работы,
Бо насіў з сакрэтам боты.

Браў у лес сякеру з салам,
Каб жыццё дабрэйшым стала.
Прыйдзе ў лес, развяжа клунак,
Лесунам дасць пачастунак.

А яны да сала ласы,
Бо яно смачней , чым масла.
Хлеб ядуць, хапаюць сала —
Ім заўсёды ежы мала.

Наядзяцца, падабрэюць,
І на сонцы думкі грэюць.
Дрывасек начысціць боты —
І пайшла кіпець работа:

Як махне сякерай тою —
Дзе быў лес — красуе поле.
Ды аднойчы гад вялікі:
Трохгаловы і бязлікі,
Аб рабоце той дазнаўся,
І галовам тром прызнаўся:

— Жыў я ў лесе болей веку,
Не баяўся чалавека.
— Але ж сёння дрывасек
Маё сховішча пасек.

— Гора мне, бяда, нядоля
Паміраць у голым полі.
— Дзе тут жыць, куды хавацца,
Больш у дрэваў не спытацца.

— Думку думайце галовы,
Як нам жыць у полі голым.
-- Мне казаць аб тым нялоўка, —
Кажа першая галоўка:

— Учыніць нам трэба здзек,
Каб мужык той знік і збег.
— Трэба дом ягоны знішчыць,
Хай жыве на папялішчы —
Падтрымала думку збоку,
Галава з аслеплым вокам.

— Праўду кажаце сястрыцы,
Нельга з гэтым нам мірыцца --
Быў тут лес і быў закон,
Што галоўны ў ім дракон.

А цяпер што з лесам стала? —
Прадалі яго за сала —
Падтрымала, як магла,
Іх сярэдня галава.

— Ёсць у нас яшчэ агонь,
Каб суцешыць страты боль.
І як толькі ноч настане,
Мы яго з галоў дастанем:
Знішчым, спалім дрывасека,
Каб яго туга пасекла.

- 2-

Быў дракон калісьці дужы —
Маляваў у небе ружы.
Нішчыў тых, хто нішчыў лес,
Да яго ніхто не лез.

Лётаў ён па небе смела,
Размалёўваў хмары мелам.
Папярэджваў ён людзей
Аб вайне і аб бядзе.

Навучыў ён чалавека
Будаваць масты праз рэку,
Здабываць у лесе ежу,
Ад якой мы ўсе залежым.

А каб зніклі ўсе трывогі —
Будаваў дракон дарогі.
Быў рухавы, шпаркі, хуткі —
Аблятаў зямлю за суткі.

Ды бяда прыйшла знянацку:
Хтось згубіў у лесе цацку.
Чалавек аддаў загад:
Знішчыць лес, дзе жыў той гад.

А дракон не вінаваты,
Што яе зрабілі з ваты.
Затапталі цацку ў гразь,
Хоць ты з лесу не вылазь.

Ды бяда адна не ходзіць —
Часта кажуць у народзе.
Пагарэлі ў вёсцы хаты —
Зноў дракон стаў вінаватым.

Думкі круцяцца, бы кола:
Пачалі ўсе біць драконаў.
Лес сяклі, знішчалі пушчы  —
Так дракон стаў невідушчы.

Жыў, хаваўся  у пячоры,
Белым быў, — зрабіўся чорным.
Пагубляў дзяцей і ўнукаў,
Пазабыўся родных гукаў.

У яго не стала сілы,
Каб расправіць горда крылы,
Распавесці людзям праўду,
Даць жыццёвую параду.

- 3 -
Сёння вырашыў калека
Знішчыць хама-чалавека,
Што заўжды лавіў баброў,
І забыўся пра дабро.

Так пад покрывам начы
Тры галовы, два плячы
Папаўзлі па той дарозе,
Што застыгла на марозе.

Ледзь дабраўся той дракон,
Да хаціны, да акон.
А ў акне гарыць лучына,
Ля яе сядзіць жанчына,

І пяе дзіцяці песні,
Што раней гучалі ў лесе.
Навучыў дракон людзей
Іх спяваць за летні дзень.

І шкада яму так стала
Дом паліць за лес, за сала.
Хай гадуе ў ім жанчына
Не дракона, а мужчыну.
 
З той пары, як зніклі гады,
Людзі тым палям не рады.
Чуў я ўчора, што дракон
Перайшоў на новы корм.

Робіць у гарах пячоры 
І вартуе тыя норы.
Вось такая, браце, казка:
Спі, дзіцятка, калі ласка.


Рецензии