Магiлы малодшых сясцёр

Памяці В.Б.
Шчырая падзяка В. Бутусаву, чыя творчасць дала штуршок для напісання гэтага верша

Вуснаў застылых пунсовы апёк
Дзесьці пад сэрцам гарыць, не сціхае.
Вецер-спакуснік узлез на грудок,
Прагна адтуль за вуаль зазірае.
Веру, Надзею, Каханне, Жыццё
Нам аддаеш, як падмурак для храма.
Кожны з нас робіць сваё адкрыццё –
Потым, калі ўжо зачынена брама.
Сэрца ўсё ведае і разумее, але адмаўляюцца вочы
Верыць таму, што да часу згасае жыццёвы касцёр.
Гэта не сон, але ўсё ж параджэнне вар’яцкае ночы:
Мы аздабляем магілы малодшых сясцёр.

Страшная сіла – тваё хараство,
Б’е з-за пляча, у душу каб пацэліць.
Жыць дзеля іншых – тваё рамяство.
Жыць за кагосьці – не здолела цела.
Нешта не так, калі дом – не жытло,
Існасць – не сутнасць, а рэч – не рэальнасць.
Плашч за плячыма – яшчэ не крыло,
Погляд з усмешкай – яшчэ не спрыяльнасць.
Ты ж назаўсёды па той бок і гэты жыцця засталася cапраўднай,
Веры не даўшы таму, хто мінулае з памяці сцёр.
Зноў да адвечнага сонца ўздымаюцца дрэвы і травы,
Каб прарасці на магілах малодшых сясцёр.

30.03.2012


Рецензии
Бацюхны, шэдэўр.
Ах.
Але назва падазроная.
http://www.youtube.com/watch?v=iOub5jFbPL8

Ольга Маро   25.01.2016 22:09     Заявить о нарушении
Нічога падазронага. Ідэю і назву сапраўды "пазычыў" у Бутусава - гэта адзін з маіх самых любімых твораў. А вось нагода для майго верша - рэальная, з жыцця маёй сям'і.

Юрий Игнатюк   26.01.2016 07:25   Заявить о нарушении
Па правілах, трэба было гэта адзначыць. Я так разважаю.
Люблю творчасць Бутусава і добра ведаю, разумееце.))))
Прыемна пазнаёміцца.))))

Ольга Маро   26.01.2016 12:49   Заявить о нарушении
Зрэшты, спачатку так і хацеў. Нават была думка абыйграць ініцыялы - яны ў абодвух выпадках аднолькавыя - ВБ. А потым неяк не прыдумаў як гэта зрабіць, ды так усё і засталося. Так ці інакш, заўвага слушная - дзякуй!

Юрий Игнатюк   26.01.2016 13:07   Заявить о нарушении