Снежны ранак

Студзень сёння ўсю ноч на двары завіхаўся старанна,
Сыпаў чысты сняжок на сцяжынкі, марозны, сухі.
Для бярозак   карункава-белых наткаў сарафанаў
І кусты апрануў у даўгія,  да пят, кажухі.

На рабіне старой – душагрэйка са снежнай аўчыны.
У апінанцы пуховай красуецца бэз ля вакна.
Нібы купіны ў лузе, у гурбе заснулі машыны,
Белай коўдрай да фараў закутаны ўсе, як адна.

Не размецены сцежкі яшчэ. Палахлівы кашэчы
След пралёг ланцужком, пэўна, Рыжы суседскі прабег.
І пяшчотай узорнай кладуцца сняжынкі на плечы.
Добрай раніцы, дзень! Добрай раніцы, свята і снег!
 

Студзень 2016


Рецензии
Добрай ранiцы, чароўная Клаўдзія Сямёнаўна! Дзіўны, прыгожы верш! А які настрой стварае...

Лаззаро   16.01.2016 12:27     Заявить о нарушении
Зацікавілі словамі "апінанка" і "кашэчы". Не даводзілася мне іх раней чуць. Толькі слова "апрананка" сустракалася.
Праўда, ёсць такія словы?

Лаззаро   16.01.2016 12:36   Заявить о нарушении
Якая пяшчотная ўзорнасць у радках! І чаму я раней да Вас не зайшла? )))

Мила Леонова   17.01.2016 21:58   Заявить о нарушении
Вельмі ўдзячна, Лаззара, за Вашу ўвагу, за добрае слова!А словы... "Кашэчы" ў мяне сумненняў не выклікала, здаецца, і "каціны", і "кашэчы" існуюць на роўных правах(а можа, гэта мне здаецца?))) трэба пацікавіцца дзе-небудзь) А вось апінаніка - гэта слова з майго дзяцінства, была ў нас такая вялікая цёплая хустка ў зялёна-карычневую клетку, яе інакш як апінанкай не называлі! Не так даўно я недзе сустрэла гэтае слова, здзівілася і таму, што яно існуе, і таму, што зусім яго забыла))) Хутчэй за ўсё, гэта мясцовае, родам я з Гомельшчыны, там яно існуе (ці раней існавала) , гэта бясспрэчна.

Клавдия Семеновна   21.01.2016 15:23   Заявить о нарушении
Дзякую Вам, Міла, за ўвагу і цяпло Вашых слоў!

Клавдия Семеновна   21.01.2016 15:24   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.