Я усё яшчэ iмкнуся...
За грань, за рысу і за гарызонт.
Я гэтую магчымасць заслужу,
Адкрыўшы свой другі ці трэці фронт.
Мне кажуць: не глядзіш, маўляў, на небасхіл...
Пярэчу ўпарта: я і ў лужах зоркі бачу.
А там, дзе б’ецца ў скроні зорны пыл,
Няхай хто іншы па мінулым плача.
Я адчуваю – вось мой Рубікон,
Амаль што побач, дзесьці за вуглом.
Як перайсці, не трапіўшы ў палон? –
Стаіць пытанне ў горле камяком.
Парады слушныя прыходзяць адусюль,
Але ж наўрад ці ад чаго яны ўратуюць.
Ледзь-ледзь пазбегнуць змог гарачых куль,
Як нехта ўжо халодны нож рыхтуе.
Я разумею – месца для надзей
Даўно занята мараю пустой.
І з часам мне здаецца ўсё часцей,
Што свет, дзе я жыву, ужо не мой.
Тут я ў гасцях, і ў гэтым, пэўна, ёсць свой плюс:
Над схваткаю лунаць – хіба ж не перавага?
Але з жыццём мой рушыцца саюз,
І гэта больш, чым да палёту прага.
Я ўсё яшчэ імкнуся за мяжу,
Яна ж сама спяшаецца ў мой край –
Адтуль, дзе на замежнае “банжур”
Гучыць тужліва-роднае “бывай”.
Я зразумеў – бязмежная прастора там,
Дзе думкам лёгка існаваць за гарызонтам,
Дзе час бясконцы падуладны снам,
А скон здаецца выкапнёвым дронтам.
Краіна цудаў, залюстроўя свет,
Калодзезь часу і чароўны трус?..
Не – проста правінцыйны мой павет
І кошкі з шыбай прывідны хаўрус.
Я тут жыву, адсюль ісці няма куды,
Якой бязмежнай не была б мая планета.
Тут да сябе – мо, пяць хвілін хады,
Тут да сябе – як да мяжы сусвету.
13.05.2010
Свидетельство о публикации №116010304634
Клавдия Семеновна 25.01.2016 22:20 Заявить о нарушении