На гэным сьвеце цi на тым...
Ня знойдзеш загадзя адказаў.
Навошта шлях, спадзеваў дым?
Пра ўсё даведацца б адразу.
І не вярэдзіць бы душу
Той марай, што, як сьнег, зьлятае.
Ў далонях моўчкі я нашу
Яго, а ён ляжыць, ня тае.
Усё навяртаецца назад,
Па колу сонца, рэкі крочуць.
Ўсяму свой час, ўсяму загад
І з пуцявіны той ня збочыць.
Ці ў нашай волі запавет
Зь любоўю, роспачай, надзеяй?
Мы навучыліся, як сьлед,
Трымацца думкі, слова, дзеі.
І верым — зьдзейсьніцца тады,
Калі належнае ўчынім.
І шчасьця вырастуць сады,
Наступствы мераем прычынай.
А, мо, каштоўней ўсё-ж жыцьцё,
Дзе шчырасьць птушкаю ўзьлятае?
Душы адной з другой зьліцьцё
І чуць да вечнасьці : "кахаю.. "
Свидетельство о публикации №115121709082