Думка

У мяне ў кішэні свішча вецер --
Я дурною думкаю грашу:
-- Як мне жыць далей на белым свеце? --
Рот зашыты... Словаў не кажу.

Наш вар'яцкі час не любіць праўды --
Нішчыць тых, хто думае інакш.
Мы яго змяніць даўно ўсе рады,
Бо ён не народны: ён -- не наш.

Зноў народ накормлены хлуснёю
Тых, хто мову матчыну прадаў,
Хто не быў на "ты" ніколі з ёю,
Хто маўчаў і думаў, як удаў.

Дзе ж ты, думак поўніца, Айчына,
Дзе твае сыночкі, Беларусь?
Ты манкуртам раны залячыла
І паслала ім на стол абрус.

Твой народ прыгнечаны сістэмай,
Што стварылі здрайцы для сябе:
Там не знойдзеш сэрцу любай тэмы,
І не ўбачыш чына на сяўбе.

Бо яны жывуць, бы трутні ў вуллі:
Трутняў тых на пальцах не злічыць.
Рой пчаліны трутні падманулі,
За парадкам сталі ў ім сачыць.

Зніклі мары, анямела вера,
Што яднала песняю народ.
Брат глядзіць на брата з недаверам,
Кідае каменне ў агарод.

А раней: успомні, як гасцінна
Слала ты пад ногі ручнікі
І здалёк махала нам хусцінай,
Вышытай лілеямі ракі.

Запрашала да стала ўсіх шчыра,
Каб паселі кум, і сват, і брат...
Каб усіх яднала нас Айчына,
Каласіла жыта каля хат.


Рецензии