Гуканне вясны
Хутчэй абуджайся, зямліца,
Ад доўгага зімняга сну.
Жадаю табе пакланіцца,
Каб сеяць ізноў збажыну.
Да сонейка ўвысь уздымайся
Ты, ярка-зялёная рунь,
Ад сокаў зямных налівайся,
Ды коласам поўным красуй.
З’явіцеся, кветачкі, лісце,
Аздобце лясы і лугі.
Як гэта было і калісьці,
Хай бусел нарэжа кругі.
Хай шчодрае сонейка ззяе
Даўжэй і даўжэй кожны дзень,
А ласкай сваёй сагравае
І дзікіх істот, і людзей.
Вясна, надыходзь! Я гукаю,
Як продкі гукалі здаўна.
З табой адрадзіцца жадаю,
Бо ўсё адраджае вясна.
Свидетельство о публикации №115112509272