Развiтальныя словы

Развітальныя словы твае не ўспрымаю сур'ёзна:
Іх атрутнае рэха мой добры настрой не псуе.
Нам ужо не змяніцца. Разыдземся, покуль не позна.
Для мяне, як паветра, апошнія словы твае.

Ты злуешся і кажаш, што я прападу, небарака,
Што каханне маё – гэта вершы, папера, гульня.
Зразумей, для мяне адзінота – не крыж, а падзяка
За палову жыцця, у якой я змагаўся штодня.

Я змагаўся за права шукаць, памыляцца, знаходзіць,
За куток цішыні, у якiм узнiкаюць радкi.
Ты мяне прызямляла, старалася мне перашкодзіць,
І цяпер апаноўвае холад кватэры куткі.

І гудкі ў тэлефоне маім, як дарэмныя гукі,
Урачыста растануць, не могучы нешта змяніць.
Растаемся… Нарэшце жыццё мне развязвае рукі,
Я зматаю ў клубок гэту, моцную некалі, ніць,

Размахнуся як след, і адпраўлю каціцца па полі
Ўсё, што перашкаджала мне вольна рукамi ўзмахнуць:
Ты каціся, благое, і не сустракайся ніколі,
Я хачу цішыні, каб спакойна ў сябе зазірнуць.

12.11.2015


Рецензии