Азерца

Азерца за вёскай, на самым узлеску,
Было нам уцехай зімою і ўлетку.

Зімою з крывулін мы клюшкі рабілі -
Бывала й насамі аж лёд скарадзілі.
Да сёмага поту тут шайбу ганялі,
Марозным паветрам сябе гартавалі.

А бераг ад лесу быў толькі трывалы.
Улетку з яго, пырскі ўзняўшы, ныралі.
Вадзіца бурліла, глей-торф уздымаўся,
Як негры былі мы, хто ў ім пакупаўся.

Азерца, я гэтым цябе не абразіў,
Ты ж нам даравала гаючыя гразі!

Калі я стамлюся з жыццёвай дарогі,
Апусцяцца рукі, ці зморацца ногі,
Тады не прыму я таблетку, бы соску,
Скажу: -Адвязіце ў радзімую вёску.

Азерца, як лужа, балота – азерца,
Мне будзе – бальзам на стамлёнае сэрца.

На поўныя грудзі ўздыхну там з палёгкай,
Яго асяроддзе пяшчотнай пялёнкай
Спаўе, бы матуля, душу супакоіць,
Глыбокія раны імгненна загоіць.

Расплюшчу павекі, засвецяцца вочы, –
Пачуццяў, жаданняў істота захоча!
Крыўдзіцелям крыўды ўсе шчодра дарую,
І хлопцам вясковым ізноў ажыву я!


Рецензии