Муза

Ты - паэт, і я - паэт,
Бо ў мяне ёсць муза.
Уступілі мы ў дуэт
Творчага саюза.

Разам ходзім па жыцці,
І шукаем вершы.
Там дзе вольны вецер сціх -
Верш наш самы меншы.

А далей, дзе сінь азёр
Вышыла пярэднік,
І глядзіць на россып зор -
Верш спачыў сярэдні.

Там, дзе рык зубрыны змоўк
Ля пушчанскіх дрэваў,
Сын старэйшы, нібы воўк,
Ногі рве ад стрэлаў.

А куды ж ён так бяжыць,
Дзе яго Радзіма?
Там, дзе точыць лёс нажы
І дыміць кадзіла?

Што ж ты, Муза, павяла,
Ды не той дарогай? -
Ноч сцяжыны замяла
На вачах у Бога.

Я ў той пушчы буду зноў
Выць з ваўком да рання,
Каб сагрэла песня кроў
І зімы дыханне.

Чуеш, як счаслівы сын
Марыць аб Айчыне,
Дзе сцяжынак паясы
Ткалі пры лучыне?

Мне па іх ісці туды,
Дзе ручай вясновы
Зліўся з песняю вады,
Шэпча любай словы.

Гэта наш з табою кут -
Тут жыве надзея,
Што ўліваецца ў раку,
Думкамі падзеяў.

Як той музы не любіць,
Як не дыхаць ёю? -
Без яе парвецца ніць
Думак над зямлёю.


Рецензии