А

Я ключ устаўляю ў замок,
Дзе думак схавалася цнота.
Ты чуеш, як месяц замоўк,
Як з вуснаў ліецца пяшчота?

Цалую, цалую цябе,
І дыхаю потам любові,
Што нас аб'яднала цяпер,
Каб мы не рассталіся болей.

Ты стала жанчынай, а я
Цябе ўсё мацней абдымаю.
Ты стала маёй: ты - мая
Нявеста цнатлівага маю.

А хочаш, пакрочым удвух
Да рэчкі з вясновым разлівам:
У белую нашу вясну,
Усмешку лілеяў шчаслівых?

Там зоркі ў люстэрку вады
Гадоў адмываюць старонкі.
Там месяц жыцця малады
Для зорак рыхтуе скарбонкі.

Ты чуеш таемны той звон,
Дзе хвалі і бераг шапочуць,
Нібыта узняцца ізноў
Да зорак яскравых тых хочуць.

Там думак прастор малады
Усмешкаю любай світае,
Там нашы з табою гады
Праменнямі сонца вітае.


Рецензии