Крызiс сярэдняга узросту
Толькі штосьці ўнутры ўсё мацней націскае на “стоп”.
Ты не зерне даўно, ды й пакуль ранавата збіраць яшчэ збожжа,
Толькі ад мітусні часам мусіш валіцца, як сноп.
Так складана, а разам з тым проста:
Гэта – крызіс сярэдняга ўзросту.
Ты яшчэ не адзін – як заўжды, родны дом з набалелым прымае,
Толькі сэрца баліць ад шчымлівых трывог за бацькоў.
Ты не хлопчык даўно, ды й пакуль валасы не пакрыты туманам,
Толькі часам смуга засцілае ўвесь свет навакол.
Гэта – тое, чаму не зайздросцяць,
Гэта – крызіс сярэдняга ўзросту.
Ты яшчэ не стары, і малеча-сынок ранак звонка вітае,
Толькі хутка, відаць, павіншуюць з унукам цябе.
Ты не іскра даўно, ды й пакуль попел вогнішча не замятае,
Толькі даўні апёк кіпцюрамі па сэрцы скрабе.
Рвуцца нервы нацягнутым тросам:
Гэта – крызіс сярэдняга ўзросту.
Ты яшчэ не адзін, толькі часам, як збаўцу, завеш адзіноту,
Быццам хочаш прабіць мураванку чужых галасоў.
Ты даўно ачарсцвеў, толькі цяжка парою стрымаць з вачэй слоту,
Бо набыткі заўжды – гэта страты наступных часоў.
Ткуць надзею мінулага кросны:
Гэта – крызіс сярэдняга ўзросту…
22.03.2001
Свидетельство о публикации №115090605648
Юрий Игнатюк 13.10.2015 19:24 Заявить о нарушении