Не шукай, няма!
Гэтым вечарам, каб разабрацца ў сваіх "пытаннях", яна сядзіць каля коміну з куфлем каньяку. Тэатральна. Так, як яна любіць.
Гук матору аўтамабіля. Андруша грукае дзвярыма. Папера ў коміне гарыць без жадання. Божа, які немагчымы пах! Каньяк палае пад колер шпалераў.
- Таня, чаму я не наступіў на кветкі сёння? (са здзекам) Табе іх не прынеслі?
- Не, Дарагі! Шукай на кухні!
- Дарагая, няўжо іх паставіла па вазах ты? Нашто іх увогуле цягнуць дадому...
- Я думаю, калі ты вырашыш мяне сёння забіць, кветкі спатрэбяцца!
Увайшоў не распрануўшыся ў пакой. Паліто зашпілена не на тыя гузікі. Агледзіў жонку.
- Таня, я думаю, як цябе яшчэ не згвалтавалі ў гэтай сукенцы? Ты можаш пераапранацца пасля спектакля? Ці гэта ў вас так прынята?
- Нецікава з тобой, Андруша! Як з табой нецікава!
- Дарэчы, што за пах?
- Гарыць нашае каханне!
- Што за гумар такі? Адкуль гэтыя вечныя метафары? Што ты спаліла гэтым разам?
- Слухай, Дарагі, чаму ты размаўляеш аднымі пытаннямі? Я што савецкая энцыклапедыя? Адкуль мне ўсё ведаць?
Кінуў на канапу паліто. Забыўся, сеў на яго.
- Рэпетыравала сёння са сваім Варапаевым?
- Я ж не пытаю - з кім "рэпетыраваў" ты?.. Паглядзі на агонь, Дарагі! Прыгожа, праўда? Пачакаем, калі дагарыць. Я думаю, аўтар не пакрыўдзіцца...
- Слухай, Савецкая Энцыклапедыя, няўжо зноў сцэнар? Не разумею. Табе ўжо сорак - маленькую Веру наўраце дадуць!
- Угу... Верай Анатольеўнай, Верай Уладзіміраўнай я яшчэ паспею пабыць. Андруша, а гавораць - "рукапісы не гараць"! Яшчэ як! Памятаеш, як ты пісаў...
Андруша падскоквае. Адкрывае шафу, адну, другую.
- Не шукай, няма!
- Не, як ты магла?! Хто дазволіў браць мае рэчы?
- А-а!.. Твае... Ну прабач, "яно" ляжала ў маёй шафе!
- Як мне гэта абрыдла! Колькі можна!
- Ты можаш працягваць сваю істэрыку цішэй. Пабудзіш сына! Што тады ты яму скажаш? Дзе быў бацька?
- Не!.. (распаляючыся) Табе прыемна здзеквацца! Ты ўсё жыццё...!
- Дарагі, ты паўтараешся. Я гэта дзесьці ўжо чытала!
- А! Гэта жаночая крыўда? "Я зусім іншая, такая святая, а ён так мяне апісаў!"... Паглядзі праўдзе ў вочы! Не выдумляй!
- Дарэчы, Андруша, у цябе не хапіла фантазіі на фінал п'есы. А я ўсё думала - што жа будзе! Расчаравальны ты мой!.. Але як я ўсё скончыла! (жудасна смяецца)
- Шчаслівая! Адпомсціла? Я ведаеш чаго не разумею. Ты ж сама "ў мастацтве". Адкуль столькі нянавісці?
Ён бярэцца за галаву.
- Дарагі, і тыя рогі, што я табе ставіла па тваіх меркаваннях... Няма іх!
Падыходзіць. Пяшчотна кранаецца яго галавы. Гук удару па твары. Зноў сядае на дыван. Не зразумела - ці то плача, ці то ціха нешта пяе.
У пакоі становіцца цёмна. Некалькі хвілін цішыні. Яна сапраўды пяе. Калыханку.
- Я марыў, каб ты іграла Яе. Не ведаю - ці ты гэта? Не маё гэта, скажаш, і я нічым не змагу аспрэчыць. Тая Жанчына, Яна... І ты, і не ты. Як я хацеў, каб ты здрадзіла!.. Стала бы лягчэй. Мы былі бы на роўных... Таня, а як я марыў, што п'еса гэтая спраўдзіцца! Можа быць ты паважала б мяне. Мы бы выйшлі з тэатру пасля прэмьеры, ты бы ўзяла меня пад руку, і мы паспрабавалі б снова... Але толькі што дагарэла апошняя надзея... Як я ненавіжу гэты пафас! Як я цябе ненавіжу. Ненавіжу, бо не магу больш любіць ...пустэчу!..
У цемразі з'яўляецца агеньчык цыгарэты. Зусім спакойным голасам:
- Дарагі, я не ведаю за што табе гэта, але ўсе твае мары спраўджваюцца! Спачатку ты хацеў мяне, пасля ты хацеў, каб я табе здрадзіла! (смяецца) Я здрадзіла! Сапраўды. У тым жа праклятым красавіку! Прабач - без падрабязнасцяў. Самой непрыемна!.. Ты ведаеш, усё будзе - прэмьеры, пацалункі (ўсё роўна з кім), і можа будзе каханне... Ніколі не будзе дзіця! Ты чуеш, ніколі не будзе! Ўсё роўна... Пачакай, табе не здаецца, што плача наш сын? Хвіліну, я вярнуся!
Хутка выходзіць. У пакоі становіцца светла. Яна вяртаецца з канвертам. Пяшчотна люляе дзіця. Хвіліна, дзве. Мужчына са дзіўленнем назірае за гэтым. Нечакана яна цягне за краёчак коўдры. З канверта ворахам ляцяць аркушы. Мужчына пазнае свой рукапіс, кідаецца падымаць. Але паднімаецца.
- Дзе запалкі, Таня?
- Не шукай, няма!
Яна смяецца. Павольна спускаецца занавес.
У грымерку прыносяць кветкі. А палове адзінаццатай па мосце праз Свіслач ідзе Жанчына. Паліто накінутае на паў празрыстую сукенку. Цень крадзецца за падолам. Цень яшчэ - цьмянае дзіцё. Але з яго пачынаецца Жанчына. Хто яна? Не распытвайце болей...
Свидетельство о публикации №115083108823